Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі інжынэр Уладзімер Плакса: бараніць мову і годнасьць беларусы павінны разам і штодзённа


Уладзімер Плакса
Уладзімер Плакса

Уладзімер Плакса адаслаў зварот у Берасьцейскую абласную кадэцкую вучэльню. У звароце ён задаў дырэктару вучэльні шэраг пытаньняў пра кадэтаў, якія сфатаграфаваліся ў майках з «Пагоняй».

«Сярод іншага я спытаў, ці ведае дырэктар вучэльні, што „Пагоня“ зьяўляецца гістарычным гербам для трох народаў (у іх ліку і для беларусаў), якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага; які закон парушылі вучні, якія надзелі ў якасьці сподняга цішоткі з Пагоняю і разьмясьцілі ўласны фатаздымак у сеціве; і якім падзаконным актам кадэтам забаронена насіць уласнае сподняе. Усяго было зададзена шэсьць пытаньняў», — распавядае Ўладзімер Плакса.

У адказе дырэктара навучальнай установы Аляксандра Калько напісана, што ён ведае пра гістарычную каштоўнасьць герба «Пагоня», але адказаць на іншыя пяць пытаньняў ня можа, «таму што гэта прыдумана СМІ».

У інтэрвію Свабодзе спадар Уладзімер распавёў, што здаўна імкнецца ўсюды адваёўваць свае права на беларускую мову і належнае стаўленьне да правоў чалавека:

«Мае лёзунгі — „Калі ня я, то хто?“ і „Калі хочаш нешта зьмяніць, то пачынай зь сябе“. Калі проста ціха сядзець і назіраць, то і табе ніхто не дапаможа. Патрэбныя не размовы на кухні, а канкрэтныя дзеяньні, якія ствараюць пэўную атмасфэру».

Уладзімер Плакса мае немалы досьвед змаганьня за права быць беларусам у Беларусі — у прафэсійнай дзейнасьці, у банках, дзяржаўных і ўладных установах, на пошце і ў крамах:

«Я дамогся афармленьня па-беларуску дамовы і карткі ў „Белаграпрамбанку“, „Белсьвісбанку“ і „Беларусбанку“. Але атрымаў адмову на беларускамоўнае абслугоўваньне ў „Белзьнешэканомбанку“. Пісаў у „Белпошту“: не было блянкаў і паштовак па-беларуску. Паштоўкі зьявіліся, а вось блянкі „друкуюць“ ужо 5 гадоў. Зьвяртаўся ў Камісію па мове назваў — гэта тычылася пытаньняў тапанімікі. Таксама дасылаў звароты ў Менгарвыканкам — што да назваў вуліцаў. Таксама былі звароты на тэлебачаньне, у крамы, у юрыдычныя кансультацыі, шмат куды яшчэ».

Толькі 15–20 працэнтаў зваротаў былі задаволеныя, распавядае спадар Плакса. Але нават сам факт звароту вымушае чыноўніка зразумець, што ёсьць сярод людзей беларусы; што людзі маюць правы, а ён, чыноўнік, — абавязкі; што дзеля адказу трэба ведаць беларускую мову ці мець сакратарку зь веданьнем нашай мовы.

У большасьці выпадкаў з установаў, у тым ліку і з Нацыянальнага Банку, прыходзяць адпіскі пра дзьве дзяржаўныя мовы і пра іхняе, не маё, права выбару мовы дзеля аказаньне мне паслугі. Але я веру, што вада камень точыць.

«У большасьці выпадкаў з установаў, у тым ліку і з Нацыянальнага Банку, прыходзяць адпіскі пра дзьве дзяржаўныя мовы і пра іхняе, не маё, права выбару мовы дзеля аказаньне мне паслугі. Але я веру, што вада камень точыць. Мае сацыяльныя правы законы, збольшага, абараняюць Законы нашай дзяржавы. А вось маё права на абслугоўваньне па-беларуску ні ўлада, ні арганізацыі кшталту ТБМ абараніць ня здольныя. Чакаць, пакуль гэтая ўлада зробіць мне ласку і абавяжа службоўцаў ведаць беларускую мову на ўзроўні расейскай, — марнаваць час. У ТБМ бракуе грошай (бо беларусаў мала!) на штат праўнікаў, якія б адстойвалі правы беларусаў у судох. Таму мушу бараніць гэтае права сам з дапамогаю адзінага закону, які дзейнічае на карысьць грамадзтву ў падобных выпадках: Закону аб зваротах грамадзянаў».

У крамах Уладзімер Плакса пакідае заўвагі ў кнігах скаргаў і прапановаў. Звычайна заўвагі тычацца няякаснага абслугоўваньня.

«Прыходжу ў краму, кажу: «Пакажыце мне вэнджаны кумпячок». Не разумеюць. Спрабую патлумачыць, што такое «вэндзіць» і "кумпячок",— ня хочуць разумець. Тады пішу ў кнігу скаргаў. Калі прыходзіць адказ па-расейску, то далей пішу ў пракуратуру. Памятаю, прасавальную дошку пытаўся ў крамах. Не разумелі, адсылалі ў аддзел будматэрыялаў. Тлумачыў, што ёсьць бялізна і яе трэба прасаваць. Дык не разумелі, што такое бялізна, што такое прас», — кажа Ўладзімер Плакса.

Ён лічыць, што прыкладам неабыякавага стаўленьня да таго, што адбываецца зь беларускай мовай, можа служыць скульптар Гэнік Лойка, які таксама вядзе кампаніі, каб дамагчыся беларускамоўнага абслугоўваньня:

Давайма працаваць беларусамі паўсюль і заўжды. Памагайма адзін аднаму і прыязнай усьмешкай, і добрым словам, і супольнай працай.

«Вельмі станоўча ацэньваю тое, што робіць Гэнік Лойка. Ён, як пісаў некалі, здаецца, Сяргей Дубавец, працуе беларусам. Гэтаксама, як паляк, немец, француз працуе на сваю нацыю толькі тым, што мовіць па-польску, па-нямецку, па-француску... Я больш ціхі, а Гэнік надае розгалас сваім учынкам. Правільна робіць. Беларусы павінны ведаць, што ёсьць сярод іх тыя, хто нясе паходню, хто ладзіць Пагоню за скрадзеным. Тады зьяўляецца надзея, што наша Пагоня пераможа: вернем мову, вернем годнасьць беларусамі звацца, атрымаем нашу Дзяржаву.

Дык давайма працаваць беларусамі паўсюль і заўжды. Памагайма адзін аднаму і прыязнай усьмешкай, і добрым словам, і супольнай працай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG