Баранавіцкі грэка-каталіцкі сьвятар Яўген Маліноўскі пацьвердзіў інфармацыю, што яго сын Глеб быў забіты ў Бэрліне.
Спадар Маліноўскі апавёў, што на яго сына быў учынены напад, калі ён ішоў з рэстарацыі, дзе працаваў памочнікам кухара:
«Абставіны дакладна ня высьветленыя, таму што злачынца зьбег. А Глеб працаваў у рэстарацыі памочнікам кухара. Ішоў, як звычайна, са зьмены, ня ведаю, у колькі, мо а 12-й ночы. Яго знайшлі раніцай у аўторак зь сьмяротным нажавым раненьнем. Ён у нас такі, кантактны, з аднаго боку, а з другога боку, — канфліктны, калі заходзіць аб справядлівасьці... Зараз Мікіта, мой сын, там, у Бэрліне, афармляе дастаўку на Радзіму. Мы разьлічваем, што ў пятніцу-суботу мусяць прывезьці.
Я веруючы чалавек, гэта расцэньваю як Божы Провід адносна ратаваньня. Таму што Глеб не пасьпеў зрабіць нічога такога кепскага, ён быў адкрыты, сябраваў з усімі. Былі ў яго свае хібы, але ў каго іх няма? Ён пачынаў станавіцца на ногі. Чаго туды паехаў? Бо ў яго сын там. Дзяўчына не захацела за яго выходзіць замуж, а ён вельмі любіў сына і вельмі туды імкнуўся. Урэшце, мусіла станоўча вырашыцца пытаньне зь відам на жыхарства, і праца была, ён падаў дакумэнты ва ўнівэрсытэт, яму заставалася крыху да сканчэньня».
Айцец Яўген кажа, што ў пятніцу ён будзе адпяваць памерлага ў Баранавічах кіраўніка ТБМ Віктара Сырыцу:
«Яны разам, фактычна ў адзін дзень... Віктар Сырыца ў мяне на вачах на пэроне памёр».
Жыхарка Баранавічаў Тацяна Малашчанка ведае сям’ю Маліноўскіх. Забіты Глеб навучаўся ў Польшчы разам зь яе дачкой па праграме Каліноўскага:
«Ён быў адным зь першых „каліноўцаў“. Патрыятычны хлопец і ідэйны. Хадзіў на ўсялякія грамадзкія акцыі, улёткі раскідаў, у яго сьцяг заўсёды вісеў бел-чырвона-белы... Быў на Плошчы ў 2006 годзе, ён тады вучыўся ў БДУ і быў выключаны. Ня кожны хрысьціянін рабіў такія ўчынкі, як Глеб, — ён мог аддаць апошняе. Мог галадаць, але бамжу аддаць сваю ежу. Ведаў добра нямецкую і італьянскую мовы, нават перакладаў. Музыкам быў таксама».
Баранавіцкі грэка-каталіцкі сьвятар Яўген Маліноўскі, апроч забітага Глеба, мае яшчэ 6 дзяцей. Акрамя сьвятарства, айцец Яўген — выкладчык псыхалёгіі. У 2007 годзе выдаў кнігу «Парусія: псіхалёгія прысутнасьці».