Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь 11 лістапада ў Менску падпісала дамову з кампаніяй VFS.Global, якая абраная афіцыйным апэратарам польскіх візавых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі.
Восем польскіх візавых цэнтраў запрацуюць ўжо ў першым квартале 2016 года. Візавыя цэнтры будуць адкрытыя ў Менску, Берасьці, Горадні, Гомлі, Магілёве, Баранавічах, Лідзе і Пінску.
Пару дзён да гэтага польская фундацыя LexNostra апублікавала артыкул, у якім ставіцца пад сумнеў празрыстасьць вызначэньня візавага апэратара на тэрыторыі Беларусі. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што фірма, якая перамагла конкурс, можа быць зьвязаная са спэцслужбамі Расеі і СССР.
У тэксьце гаворыцца, што фірма-пераможца VFS Global не адпавядала ўмовам конкурсу, бо ня мела неабходнага пасьведчаньня аб ахове асабістых дадзеных. Паводле фундацыі, VFS Global зьвязаная з кампаніяй VF Worldwide Holdings, якая выйграла падобны конкурс у Літве і апынулася ў цэнтры скандалу, якім цяпер займаецца адмысловая сьледчая камісія. Акрамя таго, літоўскай «сястрой» VFS Global валодаюць два браты, былыя агенты маскоўскага КГБ — сьцьвярджае Фундацыя Lex Nostra.
Паводле фундацыі, такая сувязь можа ствараць небясьпеку для асабістых дадзеных кліентаў візавага цэнтру і польскай дыпляматыі ў цэлым.
Польскі палітоляг Станіслаў Жарын на старонках часопісу wPolityce апэлюе да міністра замежных справаў Гжэгажа Схетыны:
«Ці ёсьць небясьпека, што ў працэдуры выдачы візаў будзе ўдзельнічаць фірма з каранямі ў службах бясьпекі СССР. Ці спэцслужбы інфармавалі пра гэта польскія ўлады? Ці МЗС ведае, што ў гэтай справе адбываецца?»
***
Консульскія ўстановы Польшчы выдаюць у Беларусі каля 400 тысяч віз. Паводле яго слоў, сэрвісны збор візавых цэнтраў складзе ў эквіваленце 15 эўра. Ён будзе ўключаць у тым ліку збор за апрацоўку біяметрычных дадзеных.
У Менску цяпер ужо працуюць літоўскі, гішпанскі, дацкі, грэцкі, харвацкая і вугорскі візавыя цэнтры.
10 лістапада ў Мінску афіцыйна адкрыўся унівэрсальны візавы цэнтар кампаніі Pony Express, якая аказвае паслугі па афармленьні візаў у Латвію і Гішпанію, а ў хуткім часе плянуе аказваць паслугі па афармленіні візаў у Чэхію. 16, 18 і 20 лістапада ў Беларусі пачнуць працу візавыя цэнтры пасольства Італіі — у Менску, Гомлі і Берасьці.