Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bosch не плянуе інвэставаць у Беларусь


Прадстаўнік групы Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі, Сярэдняй Азіі і на Каўказе Герхард Пфайфер (зьлева) і дырэктар замежнага прадпрыемства «Робэрт Бош» у Менску Ўладзімер Рыбалоўлеў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску
Прадстаўнік групы Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі, Сярэдняй Азіі і на Каўказе Герхард Пфайфер (зьлева) і дырэктар замежнага прадпрыемства «Робэрт Бош» у Менску Ўладзімер Рыбалоўлеў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску

Міжнародная ізаляцыя Беларусі разам з нэгатыўным эфэктам заходніх санкцый супраць Расеі і контразахадамі Масквы ў адказ мае рэальныя наступствы для паказьнікаў эканамічнага росту ў рэгіёне.

Гэта пацьвердзіў прадстаўнік групы Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі, Сярэдняй Азіі і на Каўказе Герхард Пфайфер:

«На жаль, у апошні час эканоміка паказвае пэўны спад і, мяркуючы па папярэдніх месяцах, тэндэнцыя росту зьніжаецца», — выказаў шкадаваньне спадар Пфайфер.

Паводле ягоных слоў, калі цягам некалькіх гадоў падразьдзяленьні або цэлыя напрамкі дзейнасьці беларускіх прадпрыемстваў траплялі пад санкцыі ці абмяжоўваліся імі, то зараз ёсьць поўная свабода сумеснай працы ў любым кірунку: ці гэта сыстэмы відэаназіраньня з сучасным праграмным забесьпячэньнем, ці высокатэхналягічнае ацяпляльнае абсталяваньне, ці новыя тэхналёгіі вырабу аўтамабільных камплектуючых.

Ён адзначыў, што эканамічныя паказьнікі многіх краінаў зьвязаныя з сытуацыяй у Расеі і любыя ваганьні на сыравінным ды фінансавым рынках адбіваецца на кошце энэрганосьбітаў, курсах абмену валюты далёка за яе межамі. Таму, удакладніў Герхард Пфайфер, трэба ўлічваць і няпростую геапалітычную сытуацыю, але ён ганарыцца, што працэс мірнага ўрэгуляваньня на ўсходзе Ўкраіны пачаўся менавіта ў Беларусі:

«Менскія пагадненьні сталі першым крокам на шляху замірэньня, я зь вялікай радасьцю і надзеяй адзначаю гэты факт», — падкрэсьліў топ-мэнэджэр.

Прэсавая канфэрэнцыя прадстаўніка групы Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі, Сярэдняй Азіі і на Каўказе Герхарда Пфайфера (зьлева) і дырэктара замежнага прадпрыемства «Робэрт Бош» у Менску Ўладзімера Рыбалоўлева
Прэсавая канфэрэнцыя прадстаўніка групы Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі, Сярэдняй Азіі і на Каўказе Герхарда Пфайфера (зьлева) і дырэктара замежнага прадпрыемства «Робэрт Бош» у Менску Ўладзімера Рыбалоўлева

Канфлікт на Данбасе і рэзкае падзеньне коштаў на нафту лягічна спрычыніліся да эканамічных стратаў ня толькі ў Расеі і Ўкраіне, але і ў Беларусі. Так, юрыдычныя асобы заўважна прыпынілі або сталі асьцярожней закупляць прафэсійныя электраінструмэнты, паколькі паўсталі праблемы ў будаўніцтве. Адбіліся і санкцыі, якія ўжываюцца да фінансавых установаў Расеі. Гэтаксама можна адзначыць зьніжэньне паказьнікаў транзыту і імпарту.

«Стан эканомікі ў Расеі цяпер складаны, можна нават сказаць, што ён дрэнны», — працягнуў спадар Пфайфер. У Расеі назіраецца рэцэсія, узровень ВУП па выніках году ўпадзе як мінімум на 3,5%, узровень інфляцыі дасягне 14%. Моцна ўпаў курс рубля, цэны на нафту знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні.

Усё гэта самым нэгатыўным чынам адбіваецца на эканоміцы. Паколькі ўзровень заробкаў ня можа падымацца гэтак жа хутка, як узровень інфляцыі, гэта прывяло да недахопу пакупніцкай здольнасьці. Дадатковым фактарам, які аслабляе эканоміку, ёсьць санкцыі з боку заходніх дзяржаваў:

Расеі не хапае сьвежага заходняга капіталу, многія праекты, якія плянаваліся да рэалізацыі, былі адкладзеныя альбо цалкам адмененыя. Такая сытуацыя наўпрост адбіваецца на суседніх краінах, найперш такіх як Беларусь і Казахстан.

«Расеі не хапае сьвежага заходняга капіталу, многія праекты, якія плянаваліся да рэалізацыі, былі адкладзеныя альбо цалкам адмененыя. Такая сытуацыя наўпрост адбіваецца на суседніх краінах, найперш такіх як Беларусь і Казахстан. Да прыкладу, за апошнія два гады ўзровень аўтамабільнай прамысловасьці ў Расеі прасеў на 50%. Гэта сур’ёзна адрэзанавала на беларускіх кампаніях-пастаўшчыках, якія зьвязаныя з аўтамабільнай прамысловасьцю і для якіх Расея зьяўляецца буйным пакупніком. На дадзены момант гэта агульная карціна рынку, якая паказвае няпростую сытуацыю».

Спадар Пфайфер выказаў задавальненьне прыпыненьнем ад 1 студзеня санкцыйнага рэжыму ў дачыненьні да Беларусі, паколькі лічыць, што гэта «станоўчым чынам адаб’ецца на агульным разьвіцьці краіны». Нягледзячы на тое, што сытуацыя ў Беларусі наўпрост адлюстроўвае расейскую, ён задаволены вынікамі, якое дэманструе беларускае аддзяленьне групы кампаній Бош.

Хоць паказьнікі ў эўравалюце сьведчаць на зьніжэньне даходаў, агульныя вынікі збольшага прымальныя. Пфайфер зазначыў, што лічбы інфляцыі ў Беларусі прыкладна такія ж, як і ў Расеі — 14-16%. Беларуская валюта гэтаксама прадэманстравала значнае прасяданьне — 30% ад пачатку году. Тым ня меней, сказаў Герхард Пфайфер, продажы беларускага аддзяленьня кампаніі Бош упалі толькі на 18% у пераліку на эўра:

«Узровень зьмяншэньня аб’ёмаў продажу ў эўра не знаходзіцца ў простай узаемасувязі з узроўнем прасяданьня нацыянальнай валюты, і гэта добры паказьнік».

Адказваючы на пытаньне, ці існуюць глябальныя пэрспэктывы разьвіцьця рынку збыту і наладжваньня вытворчасьці прадукцыі Бош у Беларусі, спадар Пфайфер адказаў:

У найбліжэйшай будучыні інвэстыцыі ў Беларусь не плянуюцца, у больш аддаленай пэрспэктыве — магчыма.

«У найбліжэйшай будучыні інвэстыцыі ў Беларусь не плянуюцца, у больш аддаленай пэрспэктыве — магчыма. Мы думаем на больш маштабным узроўні і, у першую чаргу, прывязваемся да Мытнага і Эўразійскага саюзаў, імкнучыся адкрываць вытворчасьці ў цэнтрах такіх аб’яднаньняў».

Ён удакладніў, што Беларусь блізкая хутчэй да Эўропы, тады як Бош імкнецца закладаць вытворчасьці бліжэй да Паволжа ці Казахстану: «Для нас важна адкрываць вытворчасьці найперш з гледзішча лягістыкі. Паколькі ў Мытным саюзе няма ніякіх межаў, мы можам разьмяшчаць вытворчасьці бліжэй да спажыўцоў. І ўжо адтуль бесьперашкодна дастаўляць прадукцыю ў тым ліку беларусам».

Герхард Пфайфер заўважыў, што, гаворачы пра інвэстыцыі, ён мае на ўвазе ня толькі жалеза і бэтон, але і чалавечыя рэсурсы, у якія гэтаксама трэба інвэставаць.

«Мы ўсьцешаныя інфармацыяй аб прыпыненьні на 4 месяцы санкцый з боку ЗША і Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі. Гэта азначае, што наш рынак стане больш даступным для новых тэхналёгій, якія раней траплялі пад абмежаваньні, а таксама дасьць больш магчымасьцяў працаваць на беларускім рынку фірмам, якія гэтага хацелі», — такое меркаваньне падчас агалошваньня папярэдніх вынікаў працы за 2015 год выказаў генэральны дырэктар замежнага прадпрыемства «Робэрт Бош» Уладзімер Рыбалоўлеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG