Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятая інаўгурацыя Лукашэнкі: дэталі і камэнтары

Фатаздымкі міжнародных агенцтваў

Дзьмітрыеў: Калі Лукашэнка ня хоча рабіць рэформы, то рэформы зробяць сябе самі

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Рэформы ўсё роўна адбудуцца ў Беларусі, але, верагодна, у вельмі цяжкіх умовах.

Такое меркаваньне Свабодзе, камэнтуючы прамову Аляксандра Лукашэнкі, выказаў Андрэй Дзьмітрыеў — кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч, якая пабудавала сваю перадвыбарчую кампанію на лёзунгах пра рэформы і мірныя перамены.

«Сёньня ў Беларусі такая сытуацыя, што калі Лукашэнка ня хоча рабіць рэформы, то рэформы зробяць сябе самі. І я думаю, што, на жаль, гэта можа быць у вельмі непрыемных для простых людзей умовах», — кажа Дзьмітрыеў.

«Мы ўжо шмат словаў ад Лукашэнкі чулі. Ён казаў, што дэвальвацыі ня будзе — яна была. Ён казаў, што мадэрнізацыя будзе — яе насамрэч не было. Таму хто яго ведае, можа, калі ён кажа, што рэформаў ня будзе, яны ўсё роўна здарацца? Я думаю, што мы (каманда Тацяны Караткевіч. — РС) сваю працу зрабілі. Ён фактычна праз гэтую прамову прызнаў, што ў дзяржаве, у грамадзтве ёсьць чаканьні пераменаў. Мы будзем і далей рабіць гэтую працу. Упэўнены ў посьпеху, што прыйдзе момант, калі ад голасу тых, хто кажа пра перамены, адмахнуцца будзе немагчыма», — сказаў палітык.

Дзьмітрыеў лічыць, што галоўны адрасат антырэфарматарскай прамовы кіраўніка дзяржавы — гэта электарат самога Лукашэнкі.

«Думаю, што галоўным адрасатам найперш былі ягоныя выбаршчыкі, якія якраз і галасавалі за тое, каб нічога не мянялася. Такія людзі таксама ёсьць, яны рознага ўзросту — яны галасавалі, каб няхай бедна, але ў спакоі жыць. Але іх сёньня ня 80% у краіне, а значна менш. Як і тых, хто сёньня галасаваў за перамены, не 4%, а значна больш. І прыйдзе момант, калі гэтая лічба будзе такая, што яе ўжо не перамалюеш», — упэўнены лідэр «Гавары праўду».

Класкоўскі: Лукашэнка сапраўды паверыў у сваю богаабранасьць

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі лічыць, што антырэфарматарскі зьмест прамовы Аляксандра Лукашэнкі падчас інаўгурацыі быў цалкам прадказальны.

Такое меркаваньне экспэрт выказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Лукашэнка артыкуляваў зусім не сэнсацыю — гэта тое, што і прагназавалі экспэрты. Цяпер Беларусь, гучна кажучы, увогуле апынулася ў такім пункце біфуркацыі: старая эканамічная мадэль не працуе і ўжо ўсе цьвердзяць — і з Захаду, і з Усходу — што патрэбныя карэнныя рэформы беларускай эканомікі. У прыватнасьці, пра гэта кажуць як МВФ, так і Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — у абодвух афіцыйны Менск просіць крэдыты. Яны фактычна даюць ідэнтычныя рэцэпты — гэта глыбокія рынкавыя пераўтварэньні, гэта адмова ад дзяржаўнай прасавецкай мадэлі эканомікі. Адчувалася, што Лукашэнка ня будзе пераступаць церазь сябе», — лічыць экспэрт.

Гэтай прамовай, на думку Класкоўскага, Лукашэнка расставіў усе кропкі на «i» ў пытаньні рэформаў:

«Гаворка не пра тое, што ён ня можа ў прынцыпе ўспрымаць нейкія новыя ідэі. Адчуваецца, што той самы Кірыл Руды — памочнік прэзыдэнта па эканоміцы — напэўна, як кажуць, праеў ужо плеш яму гэтымі рэформамі. Я думаю, менавіта таму Лукашэнка расставіў кропкі над „і“ ў гэтай прамове. Таму што для яго альтэрнатывы няма. Ён 20 гадоў адбудоўваў і шліфаваў да дасканаласьці сваю і палітычную, і эканамічную мадэль. І гэта мадэль, якая заточаная пад яго асабістае аўтарытарнае кіраваньне, пад пэрсаналісцкі рэжым. Ён разумее, што крані адну нейкую шрубку ў гэтай канструкцыі — і яна ўся папаўзе».

На думку Класкоўскага, Лукашэнка ўпэўнены, што ў яго атрымаецца выстаяць, не праводзячы рэформы.

«Я думаю, што ў Лукашэнкі ёсьць такі экзыстэнцыйны страх перад перабудовай, бо ён памятае, як на яго вачах разгортвалася гарбачоўская перабудова. Хоць дзякуючы ёй і выбіўся наверх дырэктар калгаса Лукашэнка — стаў палітыкам, а потым прэзыдэнтам. Але, нягледзячы на гэта, перабудова ў ягоным уяўленьні — гэта катастрофа. Таму ён будзе кансэрваваць цяперашнюю мадэль да апошняга. Новыя крэдыты паспрабуе афіцыйны Менск атрымаць на Ўсходзе і на Захадзе — калі пашэнціць, яшчэ 2–3 гады можна трываць.

У Лукашэнкі пастаянна жыве недзе ўнутры звышнатуральная надзея, што яму пашэнціць. Магчыма, ён сапраўды паверыў у сваю богаабранасьць — гэта прасьлізгвае ў ягонай лексыцы, у ягоных выказваньнях. Ён думае, што раптам праблемы рассмокчуцца і зноў „папрэ“, кажучы слэнгам, пачнецца „пруха“ зьнешнеэканамічная — ці цэны на нафту падскочаць, ці ў Беларусі раптам зафантануе нафта (ён прагаворваў гэтыя мары неаднойчы)», — мяркуе палітычны аналітык.

У гэтай сытуацыі ў Беларусі вельмі змрочныя пэрспэктывы, лічыць Класкоўскі.

«Можна зрабіць выснову, што будзе працягвацца дэградацыя Беларусі. І, на жаль, гэты працэс можа расьцягнуцца надоўга, бо Лукашэнка, пры ўсім пры тым, таленавіты папуліст, і ён спэкулюе на тым, што наша грамадзтва недастаткова сучаснае, недастаткова мадэрнізаванае, недастаткова сьвядомае, каб ісьці на нейкія выдаткі дзеля таго, каб зрабіць скачок наперад. На жаль, гэтая балотная псыхалёгія характэрная для многіх беларусаў. Калі нічога ў гэтым пляне ня зьменіцца, у Беларусі кепская пэрспэктыва — дэградацыі, а магчыма і страты незалежнасьці», — кажа ён.

Інаўгурацыя на фэрме

Лукашэнка — стары папуліст. Усе ў нас насамрэч накормленыя і дагледжаныя, вакол цёпла, чыста і суха. Адно, чаго ніколі не было, няма і ня будзе ў прамовах Лукашэнкі — чалавека як асобы, таго, што адрозьнівае насельніка краіны ад насельнікаў фэрмы, людзей — ад жывёлаў. Гэта недзе ў чужым сьвеце посьпех краіны вымяраецца посьпехам асобы, якой створаныя ўмовы свабоднай самарэалізацыі, творчасьці і вольнага выбару. З такіх самастойных, свабодных асобаў і складаецца народ, які можа быць крыніцаю ўлады. Дзяржава служыць асобе, а ня «корміць народ». Калі гэтага няма, посьпех краіны — гэта посьпех фэрмы, дзе ўтульна жывецца вясёламу пагалоўю, кожнай катэгорыі (немаўляты, пэнсіянэры і вытворчы статак) — у сваёй загародцы. Пагалоўе ня можа быць крыніцай улады, таму ўлада на фэрме не мяняецца, пакуль жывы фэрмэр. Калі гэтую формулу абгарнуць у фольгу пампэзнасьці зь мілітарным флёрам, атрымаем сёньняшнюю інаўгурацыю, якая па сутнасьці нічым не адрозьніваецца ад інаўгурацыяў Мао ў Кітаі ці дынастыі Кімаў у Карэі ці, на худы канец, Леаніда Ільліча Брэжнева ў СССР.

Вусаў: Перамогі і інаўгурацыі Лукашэнкі — рутына

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Аляксандар Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем у чэрвені 2014 году лётаў на інаўгурацыю прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Візыту ў адказ ня здарылася.

Палітоляг Павал Вусаў тлумачыць адсутнасьць Пятра Парашэнкі на інаўгурацыі так:

«Відаць, гэта ня вельмі важная падзея ў гісторыі Беларусі. І, фактычна, высокія прадстаўнікі іншых дзяржаў не патрэбныя. Усе чакалі, што вынік выбараў будзе менавіта такі, які ён і атрымаўся.

Калі казаць пра Пятра Парашэнку, выбары ва Ўкраіне і візыт туды Аляксандра Лукашэнкі на інаўгурацыю, то гэта было важна як для Ўкраіны, так і для Лукашэнкі. Яму было важна паехаць ва Ўкраіну і засьведчыць, што ён прытрымліваецца сваёй уласнай палітыкі ў дачыненьні да Ўкраіны, а не зьяўляецца на ўсё згодным хаўрусьнікам Пуціна.

Што тычыцца Беларусі, то перамогі і інаўгурацыі Лукашэнкі сталі рутынай. Як для саміх беларусаў, так і для замежнікаў. Усе звыкліся, што Лукашэнка — прэзыдэнт пажыцьцёва. Таму прысутнасьць палітыкаў з суседніх краін ня важная — ні для Беларусі, ні для іншых краін, ні для асабіста Лукашэнкі».

Пасьля пратакольнай часткі мерапрыемства з Палаца Незалежнасьці перамесьцлася на плошчу Дзяржаўнага сьцяга. Там вайскоўцы прынесьлі прысягу на вернасьць беларускаму народу і прэзыдэнту.

Лукашэнва выступіў у вайсковай форме галоўнакамандуючага. «Мы ніколі нікому не пагражалі і пагражаць ня будзем. Наша ваенная мэта — абараніць гэты кавалачак зямлі. Мы нікому не аддамо яго. Хто зь мячом прыйдзе да нас — ад мяча і загіне», — сказаў Лукашэнка.

Рота ганаровай варты прайшла перад кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам.

З-за інаўгурацыі часова закрылі рух транспарту па частцы Арлоўскай вуліцы і праспэкце Пераможцаў.

«Калі вы будзеце потым галасаваць за кіраўнка краіны, паглядзіце, якія людзі і якія грошы за ім стаяць. У мяне няма чужых людзей і няма грошай».

«Мы абыйшліся капейкамі, праводзячы выбары. Я нікому — ні на ўсходзе, ні на захадзе, ні ў Амэрыцы, ні ў Афрыцы — не даваў ніякіх абяцаньняў».

«Некаторыя прагаласавалі за мяне авансам. Можа нехта сумняецца, ці таго выбралі. Вы прагаласавалі правільна. Не, у гэтай залі даволі людзей, якія могуць быць прэзыдэнтам. Вы прагаласавалі правільна, бо мы цяпер нікому ня вінныя».

«Так, я жорсткі чалавек. Я буду патрабаваць ад народа і падначаленых па максымуму. Інакш у гэтым раздраі ня вытрымаем, разарвуць на часткі і разьнясуць. Ужо было ў пачатку 90-х: заходняя Беларусь туды, усходняя — сюды».

«Лепш няхай цябе заб’юць на полі брані, прыстрэляць, але ты не павінен здрадзіць свайму народу, сваім ідэям, таму, што абяцаў народу».

«Тут падаўляючая колькасьць, калі ня ўсе, — мае прыхільнікі. Я вам ніколі ня здраджу. Я як чалавек ня здольны на здраду».

«Гэтага не было 20 гадоў і гэтага ня будзе ніколі».

«Канечне я звычайны чалавек. Я ніколі сябе не піярыў. А калі піярыў, там не было ніякай паказухі. Калі я недзе працую на суботніку, я бяру рыдлёўку і працую на вачах ўва ўсіх. Калі я кувыркаюся на футбольным, хакейным полі, як магу — так і кувыркаюся. Там мяне ніхто ня робіць».

«Я звычайны чалавек, значыць я магу памыляцца. Мы не дапусьцілі сыстэмных памылак».

«Не бывае так, што вінаватая толькі ўлада, а мы ўсё добрыя. Перш чым кагосьці ацаніць, пакрытыкаваць або кагосьці лягнуть, паглядзіце на сябе. Вы на мяне, беларусы, не крыўдуйце. Калі вы будзеце ленавацца — я буду вас падштурхоўваць. Не бывае, што вінаватая толькі ўлада. Паглядзіце на сябе: ці ўсё вы зрабілі для таго, каб вы, вашыя сябры і ў цэлым дзяржава былі шчаслівыя?»

«800 км па шырыні калідор, дзе і Ўсход, і Захад могуць спакойна перамяшчацца і супрацоўнічаць.

Мы павінны быць мудрымі палітыкамі, каб жывучы ў гэтым бурным катле не згарэць, каб нас не зварылі і не зьелі.

Захад убачыў у нас прыстойнага партнэра. Спроба ізаляваць Беларусь, як і іншыя краіны, гэта тупіковы шлях. Лёгка стаць на шлях санкцый, але потым цяжка зьвярнуць зь яго. Таму не трэба заганяць сябе ў вугал. Гэта паказала апошнімі гадамі гісторыя Беларусі".

«Беларусь адкрыта для раўнапраўнага супрацоўніцтва і дружбы з краінамі Захаду, ЗША і ЭЗ, калі яны гэтага хочуць. Няма перашкодаў, каб перагарнуць старонкі мінулага і пачаць новую гісторыю адносінаў з чыстага ліста. Мы гатовыя да гэтага і разьлічваем на іх гатоўнасьць. Добра, што ў гэтым накірунку намеціліся добрыя пэрспэктывы. Пачынаюць лямантаваць ажно да Ўладывастока: Лукашэнка некуды разварочваецца. Як толькі ўбачылі нашы братэрскія тэндэнцыі ў бок нашай Расеі, роднай Украіны і іншых постсавецкіх рэспублік, ужо на дыбы становяцца на Захадзе. Не разрывайце нас. Не сутыкйаце нас з Расеяй. Не сутыкайце нас на ўсходзе, у Расеі, з Захадам. Мы нікуды не паварочваем. У нас няма жыцьцёва важных інтарэсаў нават у суседніх дзяржавах. Мы забясьпечым інтарэсы і Ўсходу, і Захаду. Мы ня можам быць ад Расеі далей, ад Украіны і Казахстану, бо мы нарадзіліся ў адным кошыку. Так, у нас ёсьць уласнае меркаваньне і інтарэсы, але мы з аднаго корня. Мы славянскае дрэва. Гэта мой адказ тым, хто спрабуе з нас зрабіць ворагаў для Расеі і для Захаду».

«Мы будуем дзяржаву для народа. Наша краіна без фантастычных амбіцыяў, гэта адзін з найбольш стабільных куткоў сьвету. Мы працягнем стварэньне саюзнай дзяржавы з брацкай Расеяй, калі яна гэтага пажадае. Мір і парадак — гэта галоўнае. Леанід Кучма пра гэта можа больш распавесьці. Імкліва разьвіваюцца нашы стасункі з нашым стратэгічным партнэрам - вялікм Кітаем. І я павінен падзякаваць майму блізкаму сябру Сі Дзінпіну і спэцыяльную дэлегацыю, якую ён накіраваў на інаўгурацыю».

Лукашэнка: «Я казаў пра дзяцей, а цяпер скажу пра сыстэму старых. Старыя — гэта непахісны аплот нашай краіны. Мы не можам зьвярнуць са шляху сацыяльнай дзяржавы, бо мы яго толькі-толькі стварылі.... Які капіталіст і багаты буржуй будзе за свой кошт утрымліваць гэтых старых і дзяцей? Таму гэты шлях непахісны і мы ня можам зь яго зьвярнуць. У нас разумная нацыя і яна на такія рэформы ня пойдзе. У Беларусі ёсьць купка палітыкаў, якая хоча распаліць агонь унутранай смуты. Каляровым рэвалюцыям ніколі не бываць».

Лукашэнка: «На Ўсебеларускім народным сходзе я скажу вам больш».

"Паглядзіце, як мы возімся з парадзіхамі. Ні ў адным сьвеце гэтага няма. У нас у гэтым годзе, пазамінулым годзе не памерла ніводнай парадзіхі. На няшчасьце, мы не выратавалі адну ў мінулым годзе. Ніхто ў сьвеце не мае такога паказчыку сьмяротнасмьці парадзіх. Мы стварылі самую магутную сыстэму аховы здароўя".

«Да нас немцы прыехалі, нам зайздросьцяць. Нам бы такія лятыфундыі!»

«Вы хочаце гэтай прыватызацыі?Не са мной. Я не буду дзяліць тое, што вякамі нажывалася народам. У славянскіх народаў гэта заўсёды заканчваецца трагедыяй, калі не рэвалюцыяй, то вайной. А часта і тым, і іншым. Вось мой адказ тым гарачым галовам, рэфарматарам, якія мяне сёньня штурхаюць на рэформы пад знакам таго, што паглядзіце, які рэйтынг, амаль увесь народ за прэзыдэнта, давайце хуценька правядзём рэформы. Пачнем рэзаць па жывому. Пачнём рэзаць з тых, хто гэта прапануе».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG