Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дасьледчык: Беларусы, вывучайце ВКЛ, а ня толькі Другую сусьветную вайну


Ўладас Ліепуонюс
Ўладас Ліепуонюс

У Менску пачалася буйная канфэрэнцыя па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Упершыню на маштабным навуковым форуме зьявіцца магчымасьць разгледзець усе аспэкты гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Палітыка, эканоміка, культура — тры асноўныя вэктары дасьледаваньняў, пра якія плянуецца весьці гаворку. Удзел бярэ больш як 140 навукоўцаў зь Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі. Пленарнае пасяджэньне пачалося ў Вялікай залі прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук.

Дактарант Віленскага ўнівэрсытэту Ўладас Ліепуонюс прыехаў у Менск, каб падзяліцца сваімі дасьледаваньнямі асобы Льва Сапегі. У інтэрвію Радыё Свабода ён расказаў, чаму беларусам трэба больш увагі аддаваць гісторыі ВКЛ.

Удзельнікі канфэрэнцыі
Удзельнікі канфэрэнцыі

— Мой даклад — пра Льва Сапегу і пра стэрэатыпы, які склаліся ў польскай, літоўскай і беларускай гістарыяграфіях. Я буду гаварыць пра гэтыя стэрэатыпы, іх крыніцы. Прыклад такога стэрэатыпу — тое, што Леў Сапега — толькі дзяяч культуры, менавіта такі яго вобраз дамінуе ў гістарыяграфіі. На жаль, мы вельмі мала ведаем Льва Сапегу як палітыка. Менавіта гэтым аспэктам ягонай асобы я займаюся.

— Такая маштабная канфэрэнцыя праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Як вы можаце гэта ацаніць? Чаму навука гісторыя мала ўвагі аддае Вялікаму Княству Літоўскаму?

— Я вельмі ўсьцешаны тым, што нарэшце ВКЛ пачынае атрымліваць увагу навукоўцаў. Хочацца, каб больш дасьледаваньняў было, у тым ліку і зь Беларусі. Больш дасьледаваньняў — больш інфармацыі, публікацыяў, рэсурсаў. На жаль, цяпер вельмі адчуваецца, што палякі і літоўцы дамінуюць у вывучэньні гісторыі ВКЛ. Трэба, каб беларусы і ўкраінцы таксама падымалі галовы.

— Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што палякі і літоўцы дамінуюць?

— Я кажу пра тое, што вельмі не хапае вялікіх грунтоўных дасьледаваньняў зь Беларусі. Вельмі шкада. Бо краіна ў вас вялікая, акадэмічная супольнасьць таксама вялікая. Хацелася б, каб ня толькі Другой усясьветнай вайной займаліся.

— Як вы ставіцеся да спрадвечнай спрэчкі паміж Польшчай, Літвой і Беларусьсю пра тое, каму належыць ВКЛ?

— Я лічу, што ўсе такія навуковыя спрэчкі, калі яны вядуцца карэктна, вельмі карысныя. Я лічу, што тое, што засталося ад ВКЛ, мы павінна мірна дзяліць. Тут і Польшча, і Беларусь, і Літва, і Ўкраіна, і нават Латвія. ВКЛ было вялікай краінай, усім месца хопіць, кожны народ зможа знайсьці сваю нішу і свой аспэкт для вывучэньня. Але трэба пазьбягаць агрэсіўнай рыторыкі і міталёгіі. З боку Беларусі вельмі не хапае грунтоўных дасьледаваньняў. У вас гэта толькі-толькі пачынаецца.

— Чаму ў Беларусі так запозьнена пачынаюць грунтоўна вывучаць гісторыю ВКЛ?

— Відаць, былі ідэалягічныя перашкоды, якія абумоўленыя вельмі блізкімі адносінамі з Расеяй. Але беларусам трэба больш пра сябе думаць. А ня толькі перажываць за тое, што падумае ўсходні сусед. Ніколі ў Беларусі не было традыцыі дасьледаваць гісторыю ВКЛ, усё круцілася толькі вакол Расеі.

— У тым, што цяпер гэта пачынаецца, ці бачыце вы палітычны чыньнік? Ці Беларусь пачынае атаясамліваць сябе з такімі дзяржаўнымі ўтварэньнямі, як Полацкае княства і ВКЛ, а не з Расеяй?

— Напэўна, так і ёсьць. Гэта было б вельмі добра. Я быў вельмі прыемна зьдзіўлены, што такая канфэрэнцыя ладзіцца ў дзяржаўнай установе, у Акадэміі навук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG