Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Колькі можна ў застоі знаходзіцца? З 1991 году нічога ня робіцца»,— апытаньне ў Менску


Ці патрэбны Беларусі эканамічныя рэформы, разважаюць мінакі на вуліцах Менску.

Наўпроставы лінк

Спадар сярэдніх гадоў, праграміст: «Рэформы патрэбныя для любой краіны, асабліва для Беларусі. Цягам апошніх дваццаці гадоў ніякіх рэформаў не адбывалася. У параўнаньні з Польшчай ці Літвой — нічога не праводзілася. Таму і праблемы ў эканоміцы такія».

Маладая пэнсіянэрка: «Канечне, так, патрэбныя. Бо народ наш цярпіць нястачы. Цярпіць нястачы негалосна — многія ня маюць працы. А калі маюць, то неабходна абавязкова шукаць некалькі працаў, бо нашая праца не ацэненая годна. І, каб у людзей зьзялі вочы, неабходна, каб чалавек адчуваў, што яго цэняць».

Спадар сярэдніх гадоў, беспрацоўны па стане здароўя: «Так, колькі можна ў гэтым застоі знаходзіцца? З 1991 году нічога ж ня робіцца, толькі павярхоўна. А глыбей капнуць — усё надзьмута танным расейскім газам. Зьнешне нібыта ўсё добра, але ж гэтая бурбалка некалі лопне».

Былы інжынэр: «Так, так, бо гэтак ня можа доўжыцца вечна: эканоміка старая, і яна перастае працаваць. Беларусь яшчэ індустрыяльная краіна, а ўвесь сьвет жыве ў пасьляіндустрыяльнай прасторы. Дзе галоўнае — не вырабляць, а што вырабляць. Вырабляць не складана — гэта і робаты могуць рабіць. Галоўнае — што рабіць. А мы ўсё рухаемся па інэрцыі. Інэрцыя вычарпальная, і гэтае кола ў выніку спыніцца ўрэшце».

Спадар сярэдніх гадоў: «Канечне, патрэбныя, але найперш палітычныя. Бо без палітычных рэформаў ня будзе і эканамічных — гэта ж усім зразумела. Перадусім трэба больш свабоды прыватнаму бізнэсу. Менш кантролю з боку розных дзяржаўных органаў. Скарачэньне чынавенскага апарату і міліцэйскага — гэта самае галоўнае, напэўна».

Юначка: «Гледзячы што ўважаць за рэформы. Натуральна, што тая сытуацыя, якая ёсьць — яна ня можа задавальняць. Бо ўлада і дзяржава імкнецца ўсімі магчымымі спосабамі сабраць сродкі, у тым ліку ўводзячы „падаткі на падаткі“ — маю на ўвазе падатак на дармаедзтва. Зьнешнія крэдыты не вырашаюць пытаньняў, і, зразумела, нешта трэба рабіць. Трэба больш працаваць зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія цяпер ня робяць унёску ў агульную эканоміку дзяржавы. Важна наладжваць сувязі зь іншымі краінамі адносна экспарту-імпарту і гэткім чынам падтрымліваць эканоміку краіны, а ня коштам грамадзян, якія і так ня маюць дастатку».

Юнак: «Рэформы патрэбныя адназначна, бо наша эканоміка фактычна не існуе. Мы прывязаныя да Расеі, мы залежым ад Расеі, мы не глядзім у іншы бок, а толькі ў той бок, куды глядзіць „вялікі брат“. Таму, калі ў Расеі цяпер крызіс, то гэты крызіс адчувальны цяпер і ў нас. Насамрэч у нас эканомікі ніякай і не было, бо мы даўно ўжо ўсё прадалі, прадаліся і папросту ляжым пад „вялікім братам“. Таму пра якую эканоміку гаворка, калі яе няма?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG