Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай адмовіўся ад палітыкі «адна сям’я — адно дзіця». Ці чакаць росту насельніцтва?


Камуністычная партыя Кітая дазволіла ўсім кітайскім сем’ям мець па двое дзяцей. Былы пасол Беларусі ў Кітаі распавёў Свабодзе, што дэмаграфічны эфэкт гэтага рашэньня можа быць як пазытыўным, так і адносна незаўважным.

Праграма па кантролі нараджальнасьці ў Кітаі пад дэвізам «Адна сям’я — адно дзіця» разгарнулася з 1979 году. Кітайскім сем’ям пад пагрозай вялікага штрафу — супастаўнага зь некалькімі гадавымі даходамі сярэдняй сям’і — не дазвалялася заводзіць другое дзіця. Дзяржава спадзявалася такім чынам спыніць рост насельніцтва. Выключэньне рабілася для некаторых правінцыяў, а таксама для малых народаў. Паводле зьвестак інфармагенцтва «Сіньхуа», ад 29 кастрычніка ўсім кітайскім сем’ям дазволена мець дваіх дзяцей. Рашэньне, мабыць, прынялі на Пятым пленуме кампартыі пры абмеркаваньні пляну на 13-ю пяцігодку.

Пасол Беларусі ў Кітаі ў 2006–2011 гг., прафэсар Анатоль Тозік сказаў Свабодзе, што рашэньне Кітая наўрад ці было спантанным, а хутчэй грунтавалася на глыбокім статыстычным і эканамічным аналізе. Але спадар Тозік выказаў сумневы ў эфэктыўнасьці такога кроку:

Анатоль Тозік, архіўнае фота
Анатоль Тозік, архіўнае фота

«Гэта вельмі прадуманае рашэньне, важны крок для разьвіцьця дэмаграфічнай палітыкі. Толькі як яно будзе рэалізоўвацца і наколькі спадзяваньні кіраўніцтва Кітая зьдзейсьняцца? Тут шмат што будзе залежаць ад настрояў у грамадзтве, ад таго, як будзе падтрымлівацца гэтая тэндэнцыя да другога дзіцяці. Можа, прыйдзе час і будзе прынятае рашэньне па трэцім дзіцяці!

Рашэньне, прынятае ў 70-я, было абумоўленае глыбокімі прычынамі: быў супэрімклівы рост нараджальнасьці, эканоміка краіны не магла тады забясьпечыць у поўнай меры такі рост. Іначай тады нельга было зрабіць. Каб будаваць больш шахтаў, больш заводаў, каб заняць там больш насельніцтва, патрэбныя былі вялікія рэсурсы, якіх тады ў Кітая не было».

Кітай дасягнуў пастаўленай мэты: сярэдняя колькасьць дзяцей на жанчыну скарацілася з 5,8 да 1,8, а насельніцтва Кітая толькі нязначна адхілялася ад плянавага.

У 2013 годзе Кітай зрабіў паслабленьне ў абмежаваньнях, у тым ліку дазволіў заводзіць другое дзіця парам, у якіх адзін з бацькоў сам быў адзіным дзіцем у сям’і, і жыхарам некаторых гарадоў. Мяркуецца, што да гэтага кроку ўрад падштурхнула старэньне насельніцтва і скарачэньне колькасьці «працоўных рук» — людзей у працаздольным веку, упершыню за дзесяцігодзьдзі зафіксаванае ў 2012 годзе. Тым ня менш кітайцы не пасьпяшаліся скарыстацца магчымасьцю: прырост насельніцтва ў 2012 і 2013 гадах складаў 0,49%, у 2014-м — 0,50%.

Гараджане ў Кітаі звыклі да становішча, у якім у сям’і адно дзіця і сям’я можа дазволіць сабе вышэйшы ўзровень жыцьця, сканцэнтраваць бацькоўскую любоў на адным дзіцяці

«Вялікага буму не адбылося, таму, я думаю, кіраўніцтва Кітая пайшло далей. На дэмаграфію гэта ў любым выпадку мае пазытыўна паўплываць, безумоўна, гэта адаб’ецца на ўзроставай структуры насельніцтва. Але наколькі станоўча — сказаць цяжка. Гараджане ў Кітаі звыклі да становішча, у якім у сям’і адно дзіця і сям’я можа дазволіць сабе вышэйшы ўзровень жыцьця, сканцэнтраваць бацькоўскую любоў на адным дзіцяці. Праўда, колькасьць дзяцей у сям’і не залежыць наўпрост ад эканамічнага становішча, бывае і наадварот. Таму вельмі шмат што будзе залежаць ад таго, як захоча сама сям’я».

Праваабаронцы ня раз казалі, што палітыка «Адна сям’я — адно дзіця» выклікала гендэрны дысбалянс і жорсткасьць адносна дзяўчатак, якія не маглі мець такія ж заробкі, як мужчыны, і не працягвалі род па мужчынскай лініі ў выпадку забароны на другое дзіця. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, сем’і нярэдка не рэгістравалі непажаданых немаўлят-дзяўчатак (незарэгістраваныя дзяўчаткі атрымалі назву «чорныя дзеці»), кідалі іх, часам таемна забівалі. Тозік лічыць, што праблему часта перабольшвалі:

«Гэта больш казкі, чым сапраўдныя рэчы. Тыя, хто робяць такія гучныя заявы, ня ведаюць, што робіцца ў Кітаі. Нічога не рабілася, гадавалі дзяўчынку, хоць некаторыя сем’і і шкадавалі, што дачка, а ня сын. Я ведаю шмат такіх сем’яў у Кітаі, якія маюць адну дачку і любяць яе гэтак жа, як любілі б сына».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG