Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі трыбунал вынес абвінавачаньне сталінізму ў Беларусі


Грамадзкі трыбунал вынес абвінавачаньне сталінізму ў Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00

Грамадзкі трыбунал вынес абвінавачаньне сталінізму ў Беларусі

Да дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій 29 кастрычніка, у Менску адбылося заключнае паседжаньне Грамадзкага трыбуналу па разгляду злачынстваў сталінізму ў Беларусі.

Удзел у ягонай працы прынялі вядомыя грамадзкія дзеячы, юрысты, нашчадкі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Сярод іншых навуковец і дасьледнік сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузьняцоў, юрыст Міхаіл Пастухоў, сьвятар Леанід Акаловіч, кінарэжысэр Уладзімер Халіп, старшыня грамадзкай арганізацыі ахвяраў палітрэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і многія іншыя.

Грамадзкі трыбунал працаваў паэтапна цягам дзесяці гадоў падчас якіх былі дасьледаваныя і рагледжаныя архіўныя і навуковыя матэрыялы гісторыі сталінізму і ягоных злачынстваў на тэрыторыі Беларусі.

Грамадзкі трыбунал над сталінізмам у Менску
Грамадзкі трыбунал над сталінізмам у Менску

Вынікам працы сталася падпісаньне абвінавачаньня сталінізму ў Беларусі, у якім у прыватнасьці гаворыцца:

«У 1920-1950-гадах паводле афіцыйных зьвестак былі рэпрэсаваныя 600 тысяч чалавек. Паводле незалежных дасьледнікаў 1 мільён 400 тысяч чалвек. Кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі, кожны пяты — дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў. Больш за 500 тысяч былі расстраляныя, закатаваныя ў засьценках НКУС, загінулі ў ГУЛАГу. Незавершаны працэс дэсталінізацыі на пасьлясавецкай прасторы стварае глебу для пэрыядычных спробаў рэабілітацыі сталінізму. Беларусь ня можа стаць дэмакратычнай дзяржавай, не асудзіўшы сталінскі рэжым і не ўшанаваўшы памяць сваіх грамадзян, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Сталінізм не павінны мець шанцы на адраджэньне. Краіна, якая ня можа і ня хоча прызнаць злачынствы і памылкі сваіх папярэднікаў, асуджаная на іх паўтор».

Грамадзкі трыбунал над сталінізмам у Менску
Грамадзкі трыбунал над сталінізмам у Менску

У выніковым дакумэнце чальцы трыбуналу таксама зьвяртаюцца да ўладаў з патрабаваньнем годна ўшанаваць памяць бязьвінна закатаваных суграмадзян: выканаць пастанову ўраду і ўсталяваць помнік у Курапатах, помнік усім ахвярам сталінізму ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі. Забясьпечыць поўны доступ да архіваў КДБ і іншых рэпрэсіўных структур, правесьці археалягічныя раскопкі па выяўленьні новых месцаў масавых забойстваў грамадзян. Таксама яны заклікаюць краіны Эўропы і былыя краіны Савецкага Саюзу стварыць міжнародную ўстанову ў справе расьсьледаваньня злачынстваў камунізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Грамадзкі трыбунал над сталінізмам у Менску
Грамадзкі трыбунал над сталінізмам у Менску

Адзін з галоўных дасьледнікаў злачынстваў сталінізму ў Беларусі, і арганізатар правядзеньня трыбуналу, навуковец Ігар Кузьняцоў гэтак пракамэнтаваў вынікі працы:

«Мы зараз ня просім у дзяржавы, а патрабуем стварэньня навуковых структур па вывучэньні гэтай трагічнай старонкі ў гісторыі Беларусі. Мы не заклікаем, а патрабуем аднавіць працу працоўнай групы ў Інстытуце гісторыі і іншае. Мы робім гэта, каб ня даць памерці памяці пра людзей, якія ні за што аддалі сваё жыцьцё і проста зьніклі зь беларускай гісторыі. Гэта, фактычна, нацыянальная ганьба — забыць сотні, тысячы і нават мільёны нашых грамадзян, якія загінулі ў выніку гвалту і ня ўзгадваць пра іх — гэта маральнае злачынства».

Як паведамілі Ігар Кузьняцоў, выніковая рэзалюцыя грамадзкага трыбуналу будзе адкрытая для падпісаньня ўсімі грамадзянамі Беларусі, а затым будзе накіраваная ў вышэйшыя дзяржаўныя органы Беларусі. Удзельнікі заключнага паседжаньня Грамадзкага трыбуналу зладзілі таксама выставу ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якая застаецца адкрытай для наведваньня ў сядзібе партыі БНФ.

Грамадзкі трыбунал над сталінізмам у Менску
Грамадзкі трыбунал над сталінізмам у Менску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG