Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танная нафта = слабы рубель


Oil
Oil

Сьледам за біржавымі навінамі пра зьніжэньне маркі Brent да 46,79 за барэль аслабеў расейскі рубель — эканоміка Расеі традыцыйна завязаная на эксплюатацыю прыродных нетраў. Неадкладна пачала здаваць пазыцыі і беларуская валюта, паколькі Беларусь цалкам залежная ад асноўнага рынку збыту прадукцыі — Расеі.

Тым часам міжнародныя аналітыкі прагназуюць далейшы абвал коштаў на сырую нафту з-за лішку запасаў «чорнага золата» — аб’ёмы перапрацоўкі сыравіны ў ЗША і Эўропе блізкія да гістарычнага максымуму. А гэта значыць, эканомікам сыравінназалежных дзяржаваў наканавана і надалей назіраць за нэгатыўнымі тэндэнцыямі курсаўтварэньня.

Расейскі Цэнтрабанк вызначыў афіцыйны курс замежных валютаў на 29 кастрычніка: даляр вырас да 65,31 рубля, эўра — да 72,14 рубля. Такім чынам, расейскі рубель упаў больш як на 3% адносна эўрапейскай і амэрыканскай валютаў. Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы даляр вырас на 111 рублёў — да 17 469 беларускіх, эўра падаражэла на 105 рублёў — да 19 294. Расейскі рубель патаньнеў у межах арытмэтычнай хібнасьці і трымаецца ў межах 267 беларускіх рублёў.

Якія наступствы пацягне за сабой сытуацыя на нафтавым рынку? Што чакае дзяржавы, чый дабрабыт трымаецца на сыравіннай рэнце? Эканамічны аглядальнік Марк Бернштэйн лічыць, што ў Беларусі магчымасьць «люфту» невялікая: як будзе рэагаваць на падзеі Масква, то аналягічныя захады давядзецца рабіць і Менску:

Марк Бернштэйн
Марк Бернштэйн

«Залежнасьць у фінансавай сфэры ёсьць, хоць, магчыма, і не непасрэдная, бо раз-пораз узьнікаюць сытуацыі, калі ў нас на курс рубля ўплываюць свае, унутраныя прычыны. Але ў цэлым залежнасьць ад Расеі, безумоўна, існуе. Можна нават прыгадаць зь яшчэ сьвежага досьведу, чым завяршаецца спроба захаваць фінансавы адрыў ад Масквы. Калі летась у сьнежні расейскі рубель рэзка абваліўся, а беларускі працягваў стаяць, то бок калі курс расейскай валюты да беларускай зьнізіўся менш як да 200 нашых рублёў за адзін іхні, практычна імгненна беларускія тавары сталі неканкурэнтаздольнымі і экспарт у Расею спыніўся. Пакуль курс не адскочыў назад да ўзроўню 250–280, немагчыма было прадаваць тавар на расейскім рынку. То бок калі ў нас курс ня рухаецца сьледам за расейскім, то папросту робіцца неканкурэнтаздольным беларускі экспарт».

Беларускі экспарт у масе сваёй залежыць ад платаздольнасьці расейскіх пакупнікоў — бальшыня сфэраў папросту ня мае іншых рынкавых альтэрнатываў. Але сытуацыя ў Расеі не дадае падставаў для аптымізму беларускім вытворцам: вольных сродкаў у суб’ектаў гаспадараньня ўсё меней, а прыбыткі расейцаў у валютным эквіваленце паступова выраўноўваюцца з даходамі беларусаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, упершыню за 10 апошніх гадоў сярэдні заробак у Расеі апусьціўся ніжэй за 500 даляраў. Пры тым, што яшчэ нядаўна тамтэйшыя жыхары скептычна ставіліся нават да сумы ўтрая большай. 500 даляраў тады атрымлівалі самыя некваліфікаваныя гастарбайтэры У Беларусі гэты паказьнік за апошні час зьнізіўся да 400 даляраў — і то дзякуючы высокім прыбыткам у ІТ-сфэры ды банкаўскім бізнэсе, а ў рэгіёнах добрымі грашыма ўжо лічацца 200 даляраў. У крызісны 2011-ты разьбег у прыбытках расейцаў і беларусаў дасягнуў максымальнага значэньня — 700 даляраў на карысьць суседзяў. Варта нагадаць, што яшчэ пару гадоў таму ўлады абяцалі вывесьці Беларусь у лік усходнеэўрапейскіх лідэраў зь сярэднім заробкам 1000 даляраў.

Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак перакананы, што прыбытковая плянка будзе паніжацца і надалей — улады за два дзясяткі гадоў нічога не зрабілі, каб канкураваць на ўсясьветным рынку, роўна як і не стварылі ўмоваў для прыцягненьня зьнешняга капіталу:

Мечыслаў Бурак
Мечыслаў Бурак

«Ніхто сюды ня прыйдзе, пакуль ня будзе нармальных умоваў для вядзеньня эканамічнай дзейнасьці. Пры цяперашняй уладзе — ніколі. Усе тыя нібыта інвэстары, якія працуюць у Беларусі цяпер, — гэта ўсё, як я кажу, фіглі-міглі. Хтосьці кагосьці падмазаў, даў на лапу, карацей, усё левае. Дзейнасьці, якой павінна займацца дзяржава дзеля стварэньня прывабных умоваў гаспадараньня, няма. Усе апошнія 20 гадоў краіна пэрманэнтна стаіць на парозе чарговага крызісу, ніякіх рэформаў за прамінулы час не праведзена. Хоць паказваюць пальцам, што гэта зрабілі, тое зрабілі, нейкі палац зьездаў пабудавалі. Ну і што далей? Тое, што мусіць зрабіць рэальны, а не дэкляраваны лідэр нацыі, ня выканана — перабудаваць сьвядомасьць грамадзтва. Сёньня ўжо іншая эканоміка, іншае жыцьцё, зусім іншае жыцьцеўладкаваньне, людзі ва ўсім сьвеце над гэтым б’юцца і думаюць. А тут кінута на самацёк — нам ня трэба, у нас і так добра. Народу, канечне, добра: нічога ня робіш, а капейку маеш. Палічыце, колькі каштуе гарэлка? Пры саветах даражэйшая была. 60 000 падзяліць на 17 000 — 3,5 даляра. Забойства нацыі».

Не спрыяюць эканамічнай стабільнасьці і наднацыянальныя эканамічныя саюзы, якія зьяўляюцца пад пратэктаратам Крамля. Незалежныя экспэрты канстатуюць, што ва ўмовах, калі няма гандлёвых бар’ераў у рамках так званага Эўразійскага эканамічнага саюзу, істотна вырас імпарт расейскай прадукцыі ў Беларусь, што пагаршае сытуацыю ў зьнешнім гандлі і вядзе да росту адмоўнага сальда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG