Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў узяўся за дрэваапрацоўку — спадзяецца, што апошні раз


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў 22 кастрычніка нараду, прысьвечаную дрэваапрацоўцы.

«Спадзяюся, на гэтым узроўні такая размова апошняя. Мы ўклалі немалыя сродкі. І які вынік? І што будзем рабіць далей?» — цытуе прэзыдэнцкая прэс-служба кіраўніка краіны.

Ён адзначыў, што пры мадэрнізацыі галіны дрэваапрацоўкі зыходзілі са стратэгічных арыенціраў разьвіцьця эканомікі Беларусі.

«Стратэгія палягае ў тым, што нам трэба структурна рэфармаваць нашу эканоміку (а гэта і ёсьць якраз структурная рэформа), каб удзельная вага вырабленай прадукцыі, рэалізаванай на ўнутраны і зьнешні рынкі, была зьвязаная з уласнай сыравінай, каб пазьбегнуць залежнасьці, як гэта ў нас здарылася па іншых галінах эканомікі, ад іншых дзяржаў па сыравіне.

Тады мы ўзяліся за дрэваапрацоўку і сельскую гаспадарку, паколькі для дрэваапрацоўкі — свой лес, які мы, на жаль, да гэтага часу, па-мойму, ня ўвесь нават сасьпелы лес пасьпяваем перапрацаваць, ён перастойвае. А сельская гаспадарка — гэта зямля і нашы людзі», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсьліў, што гэтыя галіны ствараліся не на пустым месцы, у Беларусі былі і добрыя спэцыялісты, і добрыя школы:

«Але паколькі ў апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу і ў гады ліхалецьця мы істотна разбурылі эканоміку, у тым ліку і дрэваапрацоўку, трываць далей такі стан мы не маглі. Таму пайшлі на адпаведнае рэфармаваньне гэтай галіны».

Па выніках нарады кіраўнік краіны перадаў актывы базавых прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі Банку разьвіцьця.

«Мадэрнізацыю дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў» у Беларусі аналітыкі назвалі беларускай «Санта-Барбарай».

Яна пачалася ў 2007 годзе, калі прынялі рашэньне правесьці мадэрнізацыю дзевяці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. За рэалізацыю праекту, які плянавалі завяршыць да сьнежня 2009 году, узяўся асабіста Аляксандар Лукашэнка. Потым гэты тэрмін шмат разоў адкладаўся. Было заменена шмат кіраўнікоў. 8 лістапада 2013 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ўвесь праект мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі правалены... Мы тут загубілі мільёны даляраў».

У 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка за сытуацыю на «Барысаўдрэве» звольніў кіраўніка Менскага аблвыканкаму Барыса Батуру, намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура, а таксама старшыню канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераслаўцава. Пазьней былога гендырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава судзілі — Менскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у злоўжываньнях уладай альбо службовым становішчам з нанясеньнем асабліва вялікіх стратаў і даў тры гады калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG