Сёньня ў менскім Loft Café адбудзецца канцэртная прэзэнтацыя альбому «Паміж сонцам і хмарамі», які запісаў папулярны гурт Rahis. Кружэлку склалі 12 песень, у розны час створаных лідэрамі калектыву Дзянісам Філіпенкам і Зьмітром Язьвінскім, а таксама «НЛО» на словы Глеба Лабадзенкі. Тузін трэкаў аб’ядноўвае адна тэма — маладыя людзі ў пошуках жыцьцёвых каштоўнасьцяў.
Rahis паўстаў як дуэт пры канцы 1990-х, калі Дзяніс і Зьміцер навучаліся ў Дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце на факультэце прыродазнаўства. Першую вядомасьць здабылі акустычнымі канцэртамі, а ў 2007-м хлопцы пачалі выступаць з электрычнай праграмай. Праз год сьвет пабачыў максі-сынгл з чатырох песень пад назвай «Празь Сеціва», а ў 2010-м выйшаў поўнафарматны альбом «Сшытак з тэкстамі ў малюнках».
Сёлета 8 чэрвеня, роўна праз 5 гадоў пасьля прэзэнтацыі першага альбому, Rahis выклаў у сеціва новую студыйную працу — «Паміж сонцам і хмарамі». 22 кастрычніка плён калектыўных намаганьняў будзе замацаваны поўнафарматным канцэртам у сталічным клюбе Loft Café.
Дзяніс Філіпенка: У нас самы просты, сьціплы, няхітры плян — прэзэнтацыя альбома. Пачалі з інтэрнэту, цяпер вось канцэрт, а далей — як пойдзе. Нейкіх грунтоўных, выбудаваных бізнэс-плянаў не рабілі. Я не кажу, што гэта бессэнсоўна ўвогуле для музыкі, але ў нашым становішчы — бадай, так. Нават мы самі ня можам спрагназаваць, колькі часу пройдзе да наступнага альбома — можа, пяць гадоў, а можа, і дзесяць.
Зьміцер Язьвінскі: Усё, што мы спрабуем зрабіць, — гэта данесьці нашу працу да прыхільнікаў усялякімі магчымымі спосабамі, якія для іх могуць быць цікавымі. А далей ужо хай самі слухачы вызначаюць, які зь іх лепшы ды зручнейшы. Бо наша справа, яшчэ раз кажу, — паказаць і данесьці. Таму, само сабой, будзе і канцэртная прэзэнтацыя, будуць і кліпы — і не адзін, а шмат. Некаторыя зь іх ужо зьнятыя, некаторыя яшчэ здымаюцца. Усё заплянавана, усё пад кантролем і без рэвалюцыяў.
За месяц да канцэрту ў сеціве быў прэзэнтаваны кліп на песьню «Грэй мяне». У цэнтры сюжэту — вядомы астраном-фатограф Віктар Малышчыц, чые зорныя «таймлапсы», зьнятыя ім па ўсёй Беларусі, зьбіраюць дзясяткі тысяч праглядаў у сеціве, захапляюць хараством беларускай прыроды і зорнага неба. Да візуалізацыі рыхтуюцца і некаторыя іншыя песьні.
А чаму музыкам не ўдаецца радаваць прыхільнікаў сваёй творчасьці часьцей? Паміж двума альбомамі «рахісаў» — пяцігадовая паўза. Выглядае, што музыка для бальшыні беларускіх артыстаў — па-ранейшаму толькі хобі?
Дзяніс: Можа, для Беларусі гэта і нармальна. Найперш, у нас няма такога рынку, каб людзі ўсё кінулі і займаліся выключна музыкай. Адпаведна, і такія тэмпы непатрэбныя — па два альбомы на год выдаваць. Як на маю думку, то будучыня ў Беларусі якраз за такім падыходам. І ўвогуле для такіх краінаў, як Беларусь. Парадокс якраз у тым, што нават нашы старыя песьні цалкам актуальныя і цяпер, хоць агулам у сьвеце вельмі шмат што зьмянілася. То бок абсалютна з тым жа посьпехам яны маглі б пісацца і цяпер. Таму ў гэтым таксама пэўны плюс «местачковасьці».
Зьміцер: Цяпер тэндэнцыі ў музыцы вельмі моцна зьмяняюцца. Надзвычай шмат розных плыняў, стыляў; можна нават казаць, што пасьля пэўнага застою адбываецца адраджэньне інтарэсу. Пашыраецца магчымасьць здабываць музыку — як праз лэйблы, так і праз татальнае інтэрнэт-пірацтва. На гэтым тле нават добра, што Беларусь — яшчэ такі сьвет, які стаіць на традыцыйных кітах, і ўсё тут больш-менш прадказальна. Гэткая цяплічка, парнічок пасярод буйства глябалізму. Але, канечне, як мы назіраем, нават за прамінулыя 5 гадоў шмат што падкарэктавалася. Мы ж гэты час якраз выкарысталі для сябе: кожны, прынамсі, наладзіў сваё асабістае жыцьцё.
Першая песьня з альбому «Паміж сонцам і хмарамі» — «Эўропа» — зьявілася ў сеціве 14 траўня, акурат у 20-ю гадавіну травеньскага рэфэрэндуму 1995 году, калі Беларусь у сваім геапалітычным выбары ад Эўропы фактычна адвярнулася. Ад таго часу беларускае грамадзтва фактычна падзеленае на прыхільнікаў эўрапейскага шляху і кансэрватараў, якія настальгуюць па савецкім мінулым ды падзяляюць прынцыпы сучаснай Расеі. Дык у якіх каардынатах цяперашняя Беларусь?
Зьміцер: Вылазяць гены суседняй дзяржавы, гэта бясспрэчна. З аднаго боку, за ўсе гэтыя стагодзьдзі неаднойчы заваёўнікі выразалі беларусаў ледзь не пад корань, што, зразумела, не магло не адбіцца на генафондзе. Зь іншага — нават паводле афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі жыве пад мільён этнічных расейцаў. Як у такой сытуацыі нечаму ды ня вылезьці? Канечне, усё гэта трэба ўлічваць...
Дзяніс: Так, усё правільна, але справа ня ў тым, што нам хоча дыктаваць умовы Расея, а ў тым, што здолеюць гэтай экспансіі супрацьпаставіць беларусы. Вось гэта галоўнае. А тое, што нашы ўсходнія суседзі будуць спрабаваць руліць намі і надалей — дык гэта бясспрэчна. Тым ня меней тут усё павінна ісьці, як кажуць, зьнізу, не чакаючы, хто там і што прынясе звонку. Тое, што беларусы за гэты час зробяць, тое беларускім і будзе. А што не пасьпеюць — дык і не. І наракаць тады ня трэба.
Ідэалягічна падзеленыя і творцы. Адны — на прапагандысцкіх канцэртах, іншыя — гадамі блукаюць па ідэалягічных «чорных сьпісах». Зрэшты, гэта яшчэ пару гадоў таму папулярная музыка была ў фаворы, ёй шчодра выдзяляўся эфірны час на тэлеканалах. Цяпер яе на блакітным экране прыкметна менш.
Дзяніс: Сапраўды, сытуацыя мяняецца. Цяпер у любога запытацца — хто там у нас выбітны «папсавік» — дык наўрад ці хто і скажа. Назавуць хіба зь ліку тых, хто быў на слыху гадоў 10 таму, іх яшчэ па інэрцыі памятаюць (адзінае, ня ўсе да сёньняшняга дня нават і дацягнулі). А тыя, што, выбачаюся, на «Эўрабачаньне» езьдзяць, дык нават ня памятаю, хто сёлета быў, ня кажучы пра мінулы год ці пазамінулы. Толькі дзякуючы таму, што вакол нейкая інфа, запала, што ад Беларусі былі Юзары і Маймуна. Перакананы, што праз паўгода ніхто нават не згадае, што гэта за артысты такія. Вось такая цяпер поп-музыка, прынамсі, тое, што ў нас укладаецца ў паняцьце «поп». Нават назва не адпавядае — у сьвеце поп-музыка зусім іншая.
У анатацыі ўдзельнікі гурту Rahis адзначаюць, што альбом «Паміж сонцам і хмарамі» прысьвечаны «пераломным пэрыядам у разьвіцьці маладога арганізму». Паводле Дзяніса Філіпенкі і Зьмітра Язьвінскага, яны імкнуліся, каб кружэлка была сур’ёзная ды сталая ў прафэсійнай частцы і лёгкая ва ўспрыманьні ды настроі. Каб ад праслухоўваньня зьяўлялася жаданьне зьмяняцца і была надзея на зьмены навокал.
Падчас канцэртнай прэзэнтацыі новага альбому на клявішах зайграе Аляксандра Клінцэвіч, на сола-гітары — Павал Вялічка, на бас-гітары — Грыня Заслаўскі, на бубнах — Саша Юхнавец.