Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Rahis прэзэнтаваў альбом пра асаблівасьці беларускага «gap year»

абноўлена

Беларускі музычны гурт Rahis. Фота Юлі Сакалоўскай
Беларускі музычны гурт Rahis. Фота Юлі Сакалоўскай

8 чэрвеня, роўна праз 5 год пасьля прэзэнтацыі свайго першага альбому «Сшытак з тэкстамі ў малюнках», папулярны гурт Rahis выклаў у сеціва новую студыйную працу пад назвай «Паміж сонцам і хмарамі».

У анатацыі ўдзельнікі калектыву адзначаюць, што альбом прысьвечаны «пераломным пэрыядам у разьвіцьці маладога арганізму»:

«Імклівы забег у пошуках сябе і жыцьцёвых выгодаў часта не дае магчымасьці азірнуцца перад важнымі рашэньнямі. Часавая мяжа паміж бесклапотнасьцю і першай вялікай адказнасьцю ў сучаснай беларускай традыцыі не акрэсьленая, як гэта бывае ў заходняй культуры праз „gap year“ — перапынак, які бярэ для сябе моладзь перад унівэрсытэтамі».

У альбом «Паміж сонцам і хмарамі» ўвайшлі 12 песень, што былі створаныя ў розны час лідэрамі гурту Дзянісам Філіпенкам і Зьмітром Язьвінскім, а таксама песьня «НЛО», напісаная на словы маладога паэта Глеба Лабадзенкі. 12 трэкаў аб’ядноўвае адна тэма — маладыя людзі шукаюць каштоўнасьці. Песьні суправаджаюцца рамантычным акампанэмэнтам закаханасьці, надзеяў і мараў.

«Чарговы пераломны этап здараецца ў жыцьці кожнага чалавека гадоў пасьля 26-ці. Раптам востра адчуваеш, што перастаў быць падобным да сябе, да якога прызвычаіўся цягам некалькіх бесклапотных гадоў. Зьмяняесься, але ня ведаеш, кім урэшце станеш. Пераглядаеш каштоўнасьці і цікаўнасьці, разумееш, што пара вызначацца зь нечым вельмі важным і жыць напоўніцу», — распавядае Дзяніс Філіпенка пра загалоўны трэк альбома «Паміж сонцам і хмарамі».

Першая песьня «Эўропа» зьявілася ў сеціве 14 траўня — акурат у гадавіну травеньскага рэфэрэндуму 1995 году, калі Беларусь у сваім геапалітычным выбары ад Эўропы фактычна адвярнулася. У вялікім інтэрвію для Радыё Свабода стылістыку новага альбому музыкі акрэсьлілі такім чынам:

Радыё Свабода: У якасьці «нажыўкі» да альбома ў сеціве выкладзена песьня, збольшага ўжо вядомая, — «Эўропа». Яе зьяўленьне 14 траўня, у дзень 20-годзьдзя рэфэрэндуму, — рашэньне прадуманае?

Зьміцер: Гэта, хутчэй, так супала, але мы не былі супраць такога супадзеньня. Мы яе першай выдалі, бо неяк яна больш цалейшая адразу падалася, гатовая да мастэрынгу, да «ўжываньня». Вось яе першую на патэльню выпякаць і закінулі. Што да астатніх, то самім да канца не зразумела, наколькі там усё дасканала. А вось «Эўропа» аказалася і гатовая першай, і мае больш выразны сацыяльны тэкст, чым астатнія песьні з альбома.

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Дзяніс: Вядома, такая дата зь іншым падтэкстам быць і ня можа, таму пра гэта сьпяваецца ў тым ліку. Эўропа — гэта цывілізацыйны выбар, ён больш важны для нас, чым для іх. Гаворка насамрэч не пра тэрытарыяльную Эўропу, якая пачынаецца ад Берасьця. Песьня, скажам так, пра Эўропу, страчаную беларусамі. Так яна, у прынцыпе, стылёва і прыдумлялася. Ці вернецца Эўропа ў сьвядомасьць беларусаў? А іншага выйсьця няма, дзеля гэтага мы ўсе тут і стараемся...

Rahis выпусьціў другі альбом 8 чэрвеня 2015-га — акурат праз 5 гадоў пасьля прэзэнтацыі дэбютнага «Сшытка з тэкстамі ў малюнках», які быў натхнёны ўнівэрсытэцкімі часамі лідэраў гурту. За прамінулую пяцігодку склад музыкаў Rahis зьмяняўся, да выхаду другога альбома сфармавалася новае ядро каманды.

«Нам прыемна тое, што адбываецца з гуртам цяпер, усё стала гарманічна ды на свае месцы. Гэта адчуваецца ў гучаньні і настроі альбома. Некаторыя песьні кшталту „Па праспэкце“ і „Ямайка“, знаёмыя нашым даўнім прыхільнікам па жывых выступах, цяпер гучаць зусім інакш. Мэлядычнасьць клявішаў дадае болей флёру і рамантыкі. Мы імкнуліся, каб кружэлка была сур’ёзная ды сталая ў прафэсійнай частцы і лёгкая ва ўспрыманьні ды настроі. Каб ад праслухоўваньня зьяўлялася жаданьне зьмяняцца і была надзея на зьмены навокал», — распавядае Зьміцер Язьвінскі.

Гурт Rahis утвораны Дзянісам Філіпенкам і Зьмітром Язьвінскім на зломе тысячагодзьдзяў, калі хлопцы навучаліся ў Дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце на факультэце прыродазнаўства. Першую вядомасьць Rahis здабыў акустычнымі канцэртамі, а ў 2007 годзе хлопцы пачалі выступаць з электрычнай праграмай. Праз год сьвет пабачыла першая студыйная праца — максі-сынгл пад назвай «Празь Сеціва», у 2010-м выйшаў першы поўнафарматны альбом «Сшытак з тэкстамі ў малюнках». На клявішах у альбоме «Паміж сонцам і хмарамі» грае Аляксандра Клінцэвіч, на сола-гітары — Павал Вялічка, на бас-гітары — Грыня Заслаўскі, на бубнах — Саша Юхнавец, гукарэжысэр гурту — Віталь Кулеўскі.


Спампаваць альбом Rahis «Паміж сонцам і хмарамі»

Купіць на Itunes

Паслухаць на Soundcloud

Старонка гурту з прэзэнтацыяй альбома — rahis.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG