Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбалі і героі беларускага пратэсту


Кожны пратэст мае свае сымбалі і сваіх герояў. Кадэты, якія надзелі цішоткі з «Пагоняй» і апынуліся пад рызыкай выключэньня, выклікалі хвалю салідарнасьці і сталіся прыкладам барацьбы за нацыянальныя сымбалі. Як і затрыманыя на матчы беларускай зборнай фанаты, у якіх былі шалікі ў бел-чырвона-белых колерах і з гістарычным гербам. Сотні і тысячы незангажаваных раней людзей пачынаюць адстойваць права на нацыянальную сымболіку.

«Радыё Свабода» згадвае іншыя выпадкі з найноўшай гісторыі Беларусі, калі асобныя людзі станавілася сымбалямі пратэсту. Выказвайцеся ў камэнтарах, тэкст дапаўняецца.

Маладзён з “соткі”, Дашкевіч, Абромчык і Класкоўскі

Нязьменнае прэзыдэнцтва Лукашэнкі прывяло да зьяўленьня традыцыйнай формы пратэсту — раз на пяць год, пасьля выбараў, беларусы выходзяць на Плошчу. У 2001-м годзе гэта была першая акцыя такога фармату, сабраліся некакалькі тысяч людзей і на сёньня ў інтэрнэце можна знайсьці лічаныя здымкі і мінімум інфармацыі. Плошча была нешматлікая. Тады, 9 верасьня 2001, герояў не зьявілася, а антыгероямі называюць палітычных лідэраў, якія, магчыма, ня ведалі, што рабіць з тымі, хто сабраўся на Кастрычніцкай плошчы.

Адзіны кандыдат ад апазыцыі Уладзімір Ганчарык выступае перад пратэстоўцамі
Адзіны кандыдат ад апазыцыі Уладзімір Ганчарык выступае перад пратэстоўцамі

Затое ў 2006 годзе адбылася найбольш працяглая акцыя пратэсту. Дзясяткі тысяч выйшлі на вуліцу 19 сакавіка, а адзін з пратэстоўцаў залез на дах аўтобуса нумар 100 і праехаў уздоўж праспэкту зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках.

Маладзён з «соткі» — легенда Плошчы 2006. Дагэтуль невядома, ці быў ён затрыманы і як яго завуць.

А на наступны дзень у цэнтры сталіцы паўстаў намётавы гарадок. Тысячы беларусаў несьлі ежу яго жыхарам, а сотні людзей заставаліся на ноч. У мястэчку грала музыка і бесьперанна выступалі ўдзельнікі пратэсту, дыджэі Плошчы. Сымбаль моладзевага пратэсту той вясны — Зьміцер Дашкевіч, лідэр Маладога Фронту, які ўсе тыя дні знаходзіўся ў мястэчку. Восеньню таго ж году моладзевы лідэр быў асуджаны да 1,5 год калёніі за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

p>У 2010-м адбылася найбольш драматычная Плошча. Яе сымбалем можа стаць кожны арыштаваны, зьбіты альбо асуджаны ўдзельнік. Найбольш яскравыя і трагічныя вобразы 19-га сьнежня — Аляксандар Класкоўскі, які ў форме супрацоўніка міліцыі стаў перад амапаўцамі і спрабаваў бараніць людзей. Пасьля быў асуджаны да 4,5 год зьняволеньня, але вызваліўся датэрмінова.

Сымбалем той плошчы стала таксама Мая Абромчык, 21-гадовая студэнтка, якой спэцназаўцы зламалі нагу:

Мая Абромчык
Мая Абромчык

Іван Юргевіч

Салігорск лічыцца пратэстным горадам, хоць моцна пратэставалі там аднойчы, у 1992-м годзе. Шахтары пешшу схадзілі ў Менск і паставілі намёты перад домам ураду. У тыя ж гады быў заснаваны адзін зь першых у краіне незалежных прафсаюзаў, працаўнікі «Беларуськалія» адстоўвалі права на годны заробак ня толькі на мітынгах, але і нават арганізавалі галадоўку.

За ўсім гэтым стаяў канкрэтны чалавек, Іван Юргевіч, заснавальнік прафсаюза гарнякоў. Яго ня стала ў 2002-м.

Славамір Адамовіч

У 1997-м годзе адбыўся марш беларускіх журналістаў у турэмных робах. На той час у Беларусі ўжо існавалі праблемы са свабодай слова. Славамір Адамовіч зашыў іголкай свой рот. Перад гэтым паэт ужо пасьпеў адбыць дзесяцімесячны арышт у турме за верш «Забі прэзыдэнта».

Бябенін, Халіп і Халезін


Алег Бябенін (злева) быў знойдзены павешаным у 2010-м, Ірына Халіп была арыштаваная і асуджаная пасьля Плошчы-2010, Мікалай Халезін цяпер кіруе Свабодным тэатрам і жыве ў Лёндане.

Дэпутаты БНФ

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць правядзеньня рэфэрэндуму-1995. Палітыкі былі выкінутыя з залі парлямэнту і зьбітыя.

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць правядзеньня рэфэрэндуму-1995. Палітыкі былі выкінутыя з залі парлямэнту і зьбітыя.
Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць правядзеньня рэфэрэндуму-1995. Палітыкі былі выкінутыя з залі парлямэнту і зьбітыя.

Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці асуджанага за тэракт у менскім мэтро Уладзіслава Кавалёва для многіх стала сымбалем барацьбы аднаго чалавека супраць улады, дзяржавы і сыстэмы. Гэтая мініятурная жанчына спачатку дамагалася памілаваньня для яе сына, які паводле сьледзтва ня быў выканаўцам тэракту, а да гэтага дня яна дамагаецца ад беларускіх уладаў інфармацыі аб месцы пахаваньня свайго сына.

Маўклівыя пратэстоўцы і цацкі Паўла Вінаградава

Летам 2011 году у Беларусі паўстала новая зьява — маўклівыя акцыі. Чалавек, які не выкрыквае лёзунгаў і пляскае — сымбаль эвалюцыі беларускага пратэсту. Гэтаксама сымбелем тых пратэстаў сталі людзі ў спартовай вопратцы, якія езьдзілі на машынах без нумароў і затрымлівалі без разбору.

У Беларусі пачалі пратэставаць цацкі.

Праўда, замест іх у турме аказваўся Павел Вінаградаў.

Але і гэта быў не канец. Натхніўшыся такой формай пратэсту, трое швэдаў парушылі паветраную мяжу Беларусі і скінулі «плюшавы дэсант» на сталіцу.

Арыштавалі зноў жа, не мядзьведзікаў, якія патрабавалі свабоды, а журналіста Антона Сурапіна, які іх першым сфатаграфаваў. Ён і іншы грамадзянін Беларусі, які здаў кватэру аднаму з удзельнікаў акцыі, правялі ў турме КДБ некалькі месяцаў, а пасьля былі вызваленыя, без тлумачэньняў і прабачэньняў.

Артсядзібаўцы

Арт Сядзіба сама станавілася прычынай акцыяў Салідарнасьці — пляцоўку пяць разоў пазбаўлялі памяшканьня. Адна з ініцыятываў арганізацыі — вышымайка — сталася магутнай віруснай акцыяй, а «беларуская стужка» — своеасаблівым пратэстам супраць стужкі георгіеўскай.

Сяргей Каваленка і сьцяг

Сяргей Каваленка быў адпраўлены ў калёнію за вывешаны ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг. Падчас судовага працэсу актывіст трымаў галадоўку.
Сяргей Каваленка быў адпраўлены ў калёнію за вывешаны ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг. Падчас судовага працэсу актывіст трымаў галадоўку.

Сяргей Каваленка быў адпраўлены ў калёнію за вывешаны ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг. Падчас судовага працэсу актывіст трымаў галадоўку.

Коласаўскія ліцэісты

Гэта яшчэ ўласьцівы Беларусі від пратэстаў. У Беларусі двойчы зачынялі навучальныя ўстановы — спачатку Коласаўскі ліцэй, а пасьля — Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Ліцэісты штогод ходзяць на лінейку да суду Цэнтральнага раёна — менавіта там знаходзілася іх навучальная ўстанова.

Акцыя пратэсту ліцэістаў у 2003 годзе
Акцыя пратэсту ліцэістаў у 2003 годзе

Павел Севярынец

Павал у палітыцы зь 90-х. Ён стварыў «Малады Фронт». Ён адзін з арганізатараў абароны Курапатаў. Васьмімесячная варта актывістаў каля нацыянальнага Нэкропалю мела магутнае сымбалічнае значэньне.

Севярынца ніколі не адпраўлялі ў калёнію. Яго нібы адмыслова адпраўляюць на «хімію», дзе ў паўзакінутых вёсках з Паўлам працуюць алькаголікі і дробныя злачынцы.

Севярынец на "хіміі"
Севярынец на "хіміі"

Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка

Менская «Вясна-1996». Сотні тысяч людзей на вуліцах, крывавыя сутычкі з АМАПам і арышт двух палітычных лідэраў — Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыкі. У зьняволеньні яны пачалі галадоўку пратэсту.

Падчас тых падзеяў узьнікае праваабарончая арганізацыя “Вясна”.

Акцыі Салідарнасьці

Падчас выбарчай кампаніі 2015 году ніхто з кандыдатаў не згадаў, што ў краіне зьніклі палітыкі, журналісты і бізнэсоўцы. Прайшло шаснаццаць гадоў, імёны Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Зьмітра Завадзкага, Анатоля Красоўскага амаль зьніклі з публічнай прасторы. Акцыю памяці сёлета праводзіў Анатоль Лябедзька, але ён на той момант ужо выйшаў з выбарчай кампаніі

А яшчэ дзесяць год таму, акцыі Салідарнасьці адбываліся штомесяц у дзясятках беларускіх гарадоў. Сотні людзей выходзілі кожнага 16-га чысла на Плошчы і трымалі ў руках партрэты зьніклых.

Ірына Казуліна

Жонка Аляксандра Казуліна хварэла на рак і памерла ў лютым 2008-га, калі яе муж выходзіў з двухмесячнай галадоўкі ў Віцебскай калёніі. Адміністрацыя калёніі не хацела адпускаць яго на пахаваньне. Увечары 23-га лютага сотні беларусаў, без аніякіх заклікаў, выйшлі на Плошчы з партрэтамі Ірыны. Гэта была акцыя маўклівага спачуваньня і пратэсту супраць дзеяньняў уладаў.

Аляксандра Казуліна адпусьцілі ўвечары наступнага дня. Грамадзкая паніхіда праходзіла ў Чырвоным касьцёле. Тысячы людзей прыйшлі на пахаваньне. Казулін вярнуўся ў турму, дзе правёў яшчэ паўгоду, пакуль ня быў вызвалены пад ціскам ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG