Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі Тацяны Караткевіч


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Галасаваць я не хаджу. Пакуль Лукашэнка, бессэнсоўна. Трэба забыцца на слова «выбары».

Нашы выбары даюць толькі падманную ілюзію, што твой голас можа нешта значыць, ачмурыць на час, як беларуская гарэлка. Пагатоў буфэты на ўчастках ёю поўныя. Таму я ня бачыў сэнсу ва ўдзеле Тацяны Караткевіч. Але новыя сэнсы ствараюць дзеяньні іншых людзей, падзеі, рух. Рэальна нічога зьмяніць нельга, паўплываць на жалезабэтон сытуацыі – таксама. Але, але… Вучыць кагосьці мне не выпадае, я сам такі самы: няма ў гэтай краіне выбараў як падставы для свабоднага выяўленьня людзей. Але я пагаджуся з Дубаўцом: хвастаць Караткевіч сёньня? – Што можа быць лягчэй?!

Што яна, перашкодзіла сапраўднаму ўспрыманьню Захадам «прэзыдэнцкіх выбараў»? Што памянялася б, калі б яна ня ўдзельнічала? Нічога. Кандыдатаў хапала безь яе. З Лукашэнкам за крэсла змагаліся яшчэ два вусатыя мужчыны. Калі б не было Караткевіч, Захад не прызнаў бы выбары? Не. Калі б не было Караткевіч, Лукашэнка вырашыў бы апошні раз балятавацца? Вы ў гэта верыце? Хаця да шостага тэрміну яшчэ пяць гадоў і нам пакуль нічога невядома канкрэтна.

Дык значыць яна парушыла апазыцыйны байкот? Але ж ён нічога не азначае, пачытайце зводкі ЦВК: амаль уся краіна схадзіла да выбарчых скрынак. Канечне, якраз дзякуючы Караткевіч многія зрабілі гэта добраахвотна. Але калі б яе не было, і калі б яны не пайшлі галасаваць, лічба ЦВК была б іншай, вы думаеце?

Так, яе ўдзел, калі быць строгім, быў пазбаўлены сэнсу, калі мець на ўвазе магчымасьць у сумленным спаборніцтве пазмагацца за пасаду прэзыдэнта. Ня кажучы пра перамогу. Але й Каліноўскі змагаўся, ня маючы рэальных спадзяваньняў на сапраўдны вынік. Так, тысяча іншых не пайшлі б на гэтыя выбары, а яна пайшла.

Дык што ж з сэнсам? Няўжо ніякага не было? Няўжо ўсё суцэльная марнасьць? Не, з гэтым пагадзіцца ніяк нельга. Яна зрабіла рэвалюцыю ў душах. У душах тых, хто не сядзіць у інтэрнэце, ня ў курсе дзела што датычыць унутрыапазыцыйных спраў. Яна паказала, што калі больш за дваццаць гадоў трымаць у руках краіну, сапраўдныя лічбы ў некага ня могуць зашкальваць – як гэта малююць, яны могуць толькі падаць.

Калі б не было Караткевіч, усё было б шыта-крыта. Ад назіральнікаў АБСЭ карысьці ніякай. Яны замежнікі, яны ня могуць цётцы ў школе сказаць: а ну пакажы, што вы там махлюеце! І нашы ня могуць, правоў ніякіх. Але было некалькі выпадкаў, калі (слава гэтым людзям!) удалося сапраўдныя лічбы задакумэнтаваць. І што мы маем? Што ў Лукашэнкі пяцьдзясят з хвосьцікам, а ў Караткевіч – трыццаць пяць з паловай. А напэўна ж былі ўчасткі, дзе ў яе было яшчэ больш. Гэта пры тым, што многія даўно ня ходзяць туды (хаця на лічбы празьмерна масавага на паперы ўдзелу сёлета ў галасаваньні гэта ніяк не ўплывае, зразумела).

Дык у чым жа сэнс быў? У гэтых вось лічбах: ня хочуць 35 адсоткаў больш першага прэзыдэнта, хочуць другога. На адным асобным участку. Але такіх участкаў можа быць болей.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG