Расповед былога падпалкоўніка міліцыі Васіля Міхневіча пра арыштаваных за Плошчу ў 2010 годзе апазыцыянэраў пракамэнтаваў Дзьмітры Бандарэнка, актывіст «Эўрапейскай Беларусі», сябра выбарчага штабу экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, былы палітвязень, які цяпер жыве ў Польшчы.
Паводле Зьмітра Бандарэнкі, з Васілём Міхневічам ён сядзеў у 13-й камэры «амэрыканкі» ўсяго 4 дні, і скончылася для яго гэтае суседзтва карцэрам. Вось што сказаў Зьміцер Бандарэнка пра Васіля Міхневіча.
«Васіль Міхневіч у сваім інтэрвію літоўскім мэдыям сьцьвярджае, што сядзеў са мной у адной камэры і аказаў мне моцную падтрымку ў свой час. Хачу сказаць, што сапраўды я сядзеў зь ім у СІЗА КДБ, у камэры № 13 — гэтая камэра была створаная для „прэсаваньня“ вязьняў. Мяне перакінулі зь іншай камэры ў гэтую камэру, дзе знаходзіўся гэты спадар Міхневіч. Магу сказаць дакладна, што гэты чалавек дапамог адміністрацыі СІЗА адправіць мяне ў карцэр, дзе першыя суткі мяне трымалі на ланцугу, прыкаваным да сьцяны. Гэты чалавек — былы камандзір аднаго з падразьдзяленьняў спэцназу ўнутраных войскаў, потым працаваў падпалкоўнікам у ОБЭП (аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі) гораду Менску. Цяпер ён выехаў за мяжу і дзіўным чынам стаўся экспэртам па беларускай апазыцыі. Вось я хачу папярэдзіць усіх людзей, што гэты чалавек вельмі небясьпечны, каб яны былі зь ім вельмі асьцярожныя ў кантактах».
14 кастрычніка былы вязень ізалятара КДБ Сяргей Вазьняк, які сядзеў разам зь Міхневічам, сказаў, што таго абвінавачвалі ў карупцыі праз службовыя злоўжываньні.
«Пры будаўніцтве дому нейкія блёкі, кран... Нешта такое было, але дакладна ня памятаю», — сказаў Сяргей Вазьняк.
Другі сукамэрнік Васіля Міхневіча — Алесь Кіркевіч згадаў пра абвінавачваньне былога міліцыянта гэтак:
«Казаў, што адносна нейкага чалавека яны пры затрыманьні ці то ўжылі сілу, ці нешта такое. Але пра карупцыю не ішла гаворка».
Што вядома Зьмітру Бандарэнку пра тое, у чым Васіля Міхневіча абвінавачвалі сьледчыя, калі ён сядзеў у «амэрыканцы»?
«Магу сказаць зь ягоных словаў, што яго абвінавачвалі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, а дакладней — што зламалі пры затрыманьні камусьці руку», — сказаў Зьміцер Бандарэнка.
Алесь Кіркевіч таксама згадаў, што бачыў Васіля Міхневіча ў вельмі дрэнным фізычным стане, які патлумачыў тым, што вязьня часта зьмяшчалі ў карцэр з-за ягонага змаганьня за свае правы. У якім стане быў Васіль Міхневіч тады, калі зь ім бачыўся Зьміцер Бандарэнка?
«Ня ведаю, я бачыў яго ў нармальным стане. Пасьля... Не, больш камэнтаваць ня буду. Проста гэта ня мае ніякага дачыненьня да рэчаіснасьці. Чалавек можа выглядаць гэтак, потым гэтак, за месяц набраць вагу і выглядаць інакш».
Зьміцер Бандарэнка мяркуе, што Васіль Міхневіч наўмысна даводзіць усім, што «ўся апазыцыя працуе на КДБ, акрамя Пазьняка», каб скампрамэтаваць апазыцыю ў вачах грамадзкасьці.
Знайсьці для камэнтару самога Васіля Міхневіча пакуль не ўдаецца.
«Свабода» зьвярнулася да лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, які 3,5 месяца адбыў у «амэрыканцы» разам зь іншымі арыштаванымі за Плошчу і пазьней напісаў пра тыя падзеі кнігу «108 дзён у вязьніцы КДБ». Ці давялося спадару Лябедзьку сутыкацца ў ізалятары з Васілём Міхневічам і як ён ставіцца да закідаў былога міліцыянта адносна супрацоўніцтва лідэраў апазыцыі з КДБ?
Анатоль Лябедзька:
«Кнігу я пісаў штодзённа пасьля „амэрыканкі“, і таму можна лічыць, што гэта амаль адбітак у люстэрку тых падзей, што былі са мной. Калі ж тое, што было, абмяркоўваюць праз 5 год, гэта ўжо не адбітак. Нешта шмат наслойваецца — кантакты, пазьнейшы досьвед. Таму, найперш, я б спакойна ставіўся да гэтых успамінаў. А што да агульных высноваў, дык яны вартыя ўвагі, толькі калі падмацаваныя фактамі.
Але што да гэтага Васіля, дык я пра яго чуў яшчэ тады, у „амэрыканцы“. Мне распавядаў мой сукамэрнік, што ёсьць такі Васіль, былы міліцыянт, і што ён ахвяра вайны паміж сілавымі структурамі. Што МУС увесь час у стане вайны з КДБ, КДБ — з пракуратурай, і ўсё залежыць ад таго, хто ў іх начальнік і ці ў стане ён абараняць сваіх. Прыкладам, што калі нейкі міліцыянт зьяўляецца ў „амэрыканцы“, дык нехта з супрацоўнікаў КДБ сядзіць на „Валадарцы“. Гэтак мне казаў арыштант, які сам меў дачыненьне да сілавікоў. І пра Васіля яшчэ казалі, што ён падпалкоўнік і што „буяніць“. Маўляў, ня толькі вось ты такі, ня толькі вашы палітычныя, але і ён таксама нешта такое робіць — супраціўляецца гэтым лягерным парадкам у ізалятары.
Што да словаў пра апазыцыю ўвогуле — дык я бачыў абсалютна розных людзей. Мне распавядалі пра палітычных, хто быў зломлены ўжо празь некалькі дзён, і пра тых, хто вытрымаў. Вось я бачыў таго ж Аліневіча, таго ж Кіркевіча, якія са мной сядзелі, і скажу, што і праз тры месяцы яны захоўвалі чалавечае аблічча і стрыжань. І ні на якае супрацоўніцтва ні з кім не ішлі — гэта факт. То бок людзі розныя».