Пытаньне пра беларускія пераклады — амаль такое ж рытарычнае, як пытаньне пра беларускую мову. Любыя развагі ў гэтай галіне нязьменна ўпіраюцца ў дзяржаўную палітыку.
Перакладчыкам падтрымкі ад дзяржавы няма, дзяржаўныя выдавецтвы выдаваць перакладныя кнігі ня вельмі імкнуцца, у прыватных на гэта няма грошай. Атрымліваецца замкнёнае кола, разарваць якое невядома як. Беларусы рэдка чытаюць замежную літаратуру па-беларуску, для таго, каб прывучыць іх да гэтага, трэба, каб замежнай літаратуры было больш, але яе ўсё адно купляць ня будуць, бо не прывыклі. Як ні круці, а заўсёды вяртаесься да аднаго і таго ж: грошай на выданьне беларускіх перакладаў нідзе няма.
Што ў такой сытуацыі мусіць перакладацца на беларускую мову найперш? Можа, дзіцячая літаратура, якая заўсёды будзе патрэбная, бо ўрэшце бацькам трэба чытаць дзецям што-небудзь на ноч. Можа, сучасная літаратура, бо нам патрэбныя кнігі, у якіх мы бачым наша сёньняшняе жыцьцё і дзякуючы якім пачынаем думаць, што нам з гэтым сёньняшнім жыцьцём рабіць. Можа, клясычная літаратура, запатрабаваная ў школах і ўнівэрсытэтах, правераная часам і чытацкімі густамі на працягу пяцідзесяці, ста, двухсот гадоў. Можа, найноўшыя навуковыя працы — па гуманітарыстыцы і прыродазнаўстве — каб падштурхоўваць разьвіцьцё і беларускай думкі. Ці — так прасьцей за ўсё патлумачыць тое, што ўсяго гэтага выходзіць так мізэрна мала — можа, усё гэта ў беларускім перакладзе проста не патрэбнае: няма попыту, няма і прапановы. На гэтае пытаньне я адказаць не магу, ды і не асабліва хочацца.
Аднак фэнамэнальнасьць сытуацыі, у якой апынуўся беларускі мастацкі пераклад, палягае ў тым, што колькасьць перакладаў, нягледзячы ні на што, расьце. Прычым ня толькі перакладаў, якія выходзяць з друку ў выдавецтвах (іх колькасьць за мінулы год, напрыклад, можна прыблізна ацаніць па поўным сьпісе прэміі часопіса «ПрайдзіСьвет»), а перакладаў, якія да чытацкай публікі пакуль ня трапілі і ляжаць у шуфлядах — то бок перакладаў, зробленых найперш з любові да чыстага мастацтва. Яны ляжаць і чакаюць — а чаго тут можна і варта чакаць, невядома. Магчыма, цуду, хоць хочацца верыць, што тут можна абысьціся і безь яго.
Такім чынам, давайце зірнем на кніжную паліцу беларускіх перакладаў, якія ўсе мы маглі б набыць у кнігарні і пачытаць, калі б не...
Чак Паланюк «Байцоўскі клюб» (пераклаў Сяржук Мядзьведзеў)
Пра гэты пераклад многія ведаюць: у 2014 годзе ён атрымаў прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Ходзяць чуткі, што ў канцы 2013 года выдавецтва «Логвінаў» сапраўды выпусьціла некалькі асобнікаў гэтай кнігі, якія трапілі ў рукі журы прэміі. На старонках 34mag.net быў анансаваны выхад гэтага перакладу ў лютым 2014 году, аднак знайсьці яго на паліцах кнігарняў дагэтуль немагчыма.
Джоан Роўлінг «Гары Потэр і філязофскі камень» (пераклала Вольга Быкоўская)
Невялікая колькасьць асобнікаў беларускага перакладу «Гары Потэра і філязофскага каменя» Джоан Роўлінг выйшла самвыдатам: праект быў некамэрцыйны, і чытачы набывалі кнігу па сабекошце (які аплату перакладчыцкай працы не прадугледжваў). Цяпер прачытаць гэты пераклад можна толькі ў інтэрнэце. Выдавецтвы перакладам цікавіліся, але пакуль сур’ёзнага выданьня беларускі «Гары Потэр» не дачакаўся: хутчэй за ўсё выдаўцоў спыняюць складанасьці, зьвязаныя з аўтарскімі правамі. Другая кніга з сэрыі ўжо таксама перакладзеная, і перакладчыца пачала працу над трэцяй.
Артур Конан Дойл «Нататкі пра Шэрлака Холмса» (перакладчыцкі калектыў часопіса «ПрайдзіСьвет»)
Перакладчыкі гісторый пра Шэрлака Холмса вырашылі пазмагацца з заганным колам і абвясьцілі краўдфандынгавую кампанію па зборы грошай на выданьне гэтай кнігі. Пакуль пра посьпех кампаніі гаварыць рана (яна будзе доўжыцца яшчэ каля месяца і на дадзены момант ужо сабрана трохі больш за 40% ад патрэбнай сумы), аднак надзея на тое, што кніга ўсё ж пабачыць сьвет, ёсьць. Але чым бы ні скончылася кампанія, ужо цяпер можна сказаць, што шлях «Нататак пра Шэрлака Холмса» да чытача пакручасты і нялёгкі. Паўдзельнічаць у кампаніі і падтрымаць выданьне можна тут.
Чарлз Букоўскі «Чытво» (пераклаў Ігар Кулікоў)
Беларускі пераклад апошняга раману Чарлза Букоўскі (твор быў надрукаваны пасьля сьмерці пісьменьніка) можна знайсці на Google Docs, куды Ігар Кулікоў выклаў яго пару гадоў таму (у самім pdf-файле пазначаны 2012 год). Ня ведаю, ці шмат людзей знайшлі гэты пераклад і прачыталі яго — магчыма, іх нават больш, чым было б чытачоў у папяровага выданьня. З аднаго боку, раман даступны любому ахвочаму да чытаньня, з другога — заўважыць тэкст у прасторах інтэрнэту нашмат цяжэй, чым у прасторах ня надта вялікіх беларускіх кнігарняў.
Джэймс Мэцью Бары «Пітэр Пэн» (пераклаў Уладзь Лянкевіч)
Урывак з гэтай кнігі па-беларуску можна знайсьці ў інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСьвет», аднак насамрэч перакладзеная і ўся кніга. А не зьявілася яна ў кнігарнях толькі таму, што перакладчык не можа знайсьці выдавецтва, якое б магло яе надрукаваць. Праблема ўскладняецца яшчэ і тым, што добрая дзіцячая кніга патрабуе якасных ілюстрацый, а гэта дадатковы артыкул выдаткаў для выдаўца.
Фрэнк Баўм «Чараўнік краіны Оз» (пераклаў Сяржук Мядзьведзеў)
На сайце «ПрайдзіСьвету» зьмешчаны таксама і ўрывак з першай кнігі Баўма пра дзівосную краіну Оз — гэтая кніга, як і «Пітэр Пэн», перакладзеная цалкам. Дораці, Татосік, Страшыдла ўжо навучыліся гаварыць па-беларуску, засталося толькі знайсьці магчымасьць апублікаваць кнігу.
Эрых Марыя Рэмарк «Чорны абэліск» (пераклала Іна Хоміч)
Адзін з позьніх раманаў Рэмарка, выданьне якога ў беларускім перакладзе ўскладняе неабходнасьць набываць аўтарскія правы: пісьменьнік памёр у 1970 годзе, то бок менш чым 50 гадоў таму. Аднак і бяз гэтага перакладчыца ня ведае, у якое выдавецтва можна зьвярнуцца: раман важкі, а таму падрыхтоўка макета і публікацыя кнігі будзе справай няпростай.
Кен Кізі «Палёт над гняздом зязюлі» (пераклаў Аляксей Знаткевіч)
Гэты пераклад зроблены ўжо досыць даўно, і ўрывак з яго можна зноў жа знайсьці ў інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСьвет». Нягледзячы на папулярнасьць гэтага твору і несумненную цікавасьць да яго чытачоў, сур’ёзнае выданьне Кена Кізі ў Беларусі з захаваньнем аўтарскіх правоў пакуль яшчэ застаецца справай неакрэсьленай будучыні.
Клайв Стэйплз Льюіс «Лісты Круцяля» (пераклаў Францішак Корзун)
Пачатак цалкам перакладзенай на беларускую мову аповесьці, напісанай падчас Другой сусьветнай вайны, зьмешчаны ў інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСьвет». Аповесьць мусіла падымаць баявы дух салдат, перад якімі Льюіс выступаў як прапаведнік, і ўяўляе сабой адначасова забаўныя і сур’ёзныя лісты д’ябла-спакушальніка. Кніга ляжала ў шуфлядзе перакладчыка больш за год, але ўрэшце ёй зацікавілася выдавецтва «Галіяфы», і, паводле словаў перакладчыка, найбліжэйшым часам чакаецца яе выданьне.
Думаю, у гэтым сьпісе можна згадаць таксама пераклад казак братоў Грымаў, падрыхтаваны Альгердам Бахарэвічам і апублікаваны ў колькасьці 30 асобнікаў — істотна меншай, чым колькасьць ахвочых гэтую кнігу набыць. Такая вымалёўваецца кніжная паліца — і гэты сьпіс нявыдадзеных перакладаў, прывідаў, якія чакаюць свайго часу, каб уцялесьніцца на кніжных паліцах, — далёка ня поўны: шмат хто з перакладчыкаў змог бы дадаць сюды яшчэ пару-тройку пунктаў. У розных часопісах і на розных сайтах можна назьбіраць апавяданьняў Рэя Брэдбэры (але што рабіць з аўтарскімі правамі?), асобнай кнігай так і ня выйшаў перакладзены Карласам Шэрманам раман «Каханне падчас халеры» Маркеса. Прыватна мне вельмі хочацца аднойчы паставіць усе гэтыя тамы сабе на паліцу.
Але пакуль што кожнае выданьне перакладной кнігі па-беларуску — гэта руплівая праца, а часам і не такія-сякія мэнэджарскія здольнасьці перакладчыкаў і прыватных выдаўцоў, маленькае дзіва і ўдача. У беларускай прасторы няма вялікага камэрцыйнага выдавецтва, якое магло б сабе дазволіць працаваць з замежнымі агенцтвамі, а таму апекавацца перакладам замежнай літаратуры — і дзіцячай, і той, што патрэбная школам і ўнівэрсытэтам, і той, якая выхоўвае мастацкія густы чытачоў — мусіла б дзяржава і дзяржаўныя выдавецтвы. Да таго ж беларускі «Пітэр Пэн» ці «Палёт над гняздом зязюлі» несумненна прывабілі б у «Цэнтральную» кнігарню ці ў «Веды» новых патэнцыйных чытачоў, і выдадзеныя ў «Мастацкай літаратуры» гэтыя кнігі не заляжаліся б на складах ці прылаўках.