Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопец, затрыманы на Плошчы: пратакол склалі, ды не далі падпісаць


Ягор Скрабнеўскі. Фота: Галіна Абакунчык, RFE/RL
Ягор Скрабнеўскі. Фота: Галіна Абакунчык, RFE/RL

Ягор Скрабнеўскі распавёў Свабодзе, як яго пасадзілі ў маршрутку, склалі пратакол ды сьпешна выгналі.

На спантанным мітынгу 11 кастрычніка быў затрыманы 17-гадовы Ягор Скрабнеўскі. Яго адвялі ў звычайнае маршрутнае таксі, дзе склалі пратакол, ды хутка адпусьцілі. Ці пагражае яму штраф, невядома, кажа Ягор:

«Затрымалі за артыкул 23.3, наколькі я запомніў (Умяшальніцтва ў рашэньне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні — РС). Ну і, адпаведна, сталі прад’яўляць гэта ж. Потым сталі казаць, што я нейкія словы дрэнныя крычаў, мацюкаўся, хутчэй за ўсё. Я прасіў прад’явіць доказы — нічога не прад’явілі. Звычайная сытуацыя для міліцыі.

Мне далі толькі азнаёміцца з маімі правамі, гэта адзін зь міліцыянтаў. Другі складаў пратакол. Але потым іх чамусьці сталі падганяць па тэлефоне — напэўна, іхныя начальнікі. Потым у маршрутку зайшоў адзін у цывільным і сказаў „выходзьце хутка“. І мне не далі нічога падпісаць! Што далей — ня ведаю, не магу ўявіць».

Ягор кажа, што яго адводзілі ў самую звычайную маршрутку, якія ходзяць па горадзе. Нумары «7TAX2767», маршрут «Сухарава-6 —Пушкінская». Чаму міліцыя скарысталася менавіта такой машынай, ён ня ведае.

Хлопец лічыць, што нешматлікія ўдзельнікі акцыі выйшлі на вуліцы недарэмна:

«Нельга ўвогуле не выходзіць, заставацца такім памяркоўным беларусам. Канечне, гэта мала ўплыву — такая колькасьць людзей. Калі б выйшла як у мінулы раз, 80 тысячаў, вось гэта быў бы сур’ёзны ўплыў. Людзей, на жаль, выйшла мала, але акцыя ў любым выпадку патрэбная, каб усё-ж такі заставацца беларусамі, каб людзі не забывалі, хто яны ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG