На ўчастак № 15 у пасёлку Лясны непадалёк ад Бараўлянаў ня змог трапіць назіральнік Юры Ляшэнка. Ён інвалід, перасоўваецца на вазку. Раніцай 11 кастрычніка Юры Ляшэнка як назіральнік ад партыі БНФ прыехаў да ўчастку, але ня змог падняцца па лесьвіцы, а пандусу для інвалідаў там няма. У выніку на ўчастак № 15 Юры Ляшэнка так і ня трапіў і адправіўся назіраць на ўчастак № 1 у Бараўлянах.
«Мне не ўдалося скарыстацца сваім правам быць назіральнікам на ўчастку ў Лясным. Там цалкам не абсталяванае „безбар’ернае асяродзьдзе“, што ўлады абяцалі зрабіць паводле праграмы з 2011 па 2015 год. Не хацелася ад нікога залежаць, каб мяне на руках занесьлі на ўчастак, хацелася быць як усе. Але — не атрымалася. Давялося паехаць на 1-шы ўчастак у Бараўляны. Тут пандус, вядома, ня з тым ухілам, як трэба, але ўсё ж мне ўдалося па ім дабрацца да дзьвярэй участку», — паведаміў Юры Ляшэнка.
Ці ёсьць у назіральніка заўвагі наконт таго, як праходзяць выбары на гэтым участку?
Выбарцы галасуюць, заходзячы па некалькі ў адну кабінку. Паводле закону гэтага нельга рабіць.
«Ёсьць заўвага, што выбарцы галасуюць, заходзячы па некалькі ў адну кабінку. Паводле закону гэтага нельга рабіць. Спачатку на маю заўвагу сябры камісіі адрэагавалі, пачалі тлумачыць выбарцам, што гэта парушэньне, але потым зноў усё паўтарылася. І цяпер ідуць зноў у адну кабінку сем’ямі.
Другая заўвага тычыцца датэрміновага галасаваньня. Як кажуць назіральнікі, пакой, дзе трымалі скрыню для бюлетэняў, не апячатваўся, хоць мае некалькі ўваходаў. Ужо ў аўторак у незалежных назіральнікаў паказчыкі яўкі разышліся з афіцыйнымі на 15%, і далей разрыў павялічыўся», — распавёў назіральнік Юры Ляшэнка.
Юры Ляшэнка пажадаў суправаджаць сяброў камісіі, якія наведваюць людзей для галасаваньня на даму. «Мне дазволілі ехаць, але ня разам зь імі ў службовым транспарце, а індывідуальна. Цяпер спрабую скарыстацца аўтамабілем знаёмых», — паведаміў Юры Ляшэнка.
11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся а 8 гадзіне раніцы і будуць працаваць да 20 гадзіны.
На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.
За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 міжнародных назіральнікаў.
У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі — больш за 5,7 тысяч.
Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні ўзялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпіс выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш як палова грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.
Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў. Гэта больш, чым на ўсіх ранейшых прэзыдэнцкіх кампаніях з датэрміновым галасаваньнем — 2001, 2006 і 2010 гадоў.