Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Зюганаў — пра сымпатыі да Беларусі, захапленьне Кітаем, нянавісьць да ЗША


Генадзь Зюганаў
Генадзь Зюганаў

Паводле даўняй традыцыі Беларусь напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў наведаў лідэр Камуністычнай партыі Расейскай Фэдэрацыі Генадзь Зюганаў. Быў ён у Беларусі і ў 2006-м, і ў 2010-м гадах. Апошні раз Зюганаў сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам 8 жніўня 2014 году ў Менску.

Паколькі беларускі паплечнік Зюганава — першы сакратар праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка — зьяўляецца яшчэ і першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму, то прымалі лідэра КПРФ у беларускай сталіцы тры дні і паказалі ўсё, што ён хацеў.

Генадзь Зюганаў наведаў МАЗ, МТЗ, «Інтэграл», «Гарызонт», пабываў у мэмарыяльным комплексе «Трасьцянец», у храме Ўсіх Сьвятых. У пятніцу ўвечары галоўнаму камуністу Расеі зладзілі сустрэчу з партыйным актывам Беларусі і моладзьдзю ў канфэрэнц-залі гатэлю «Вікторыя». Дарэчы, Генадзь Андрэевіч пахваліўся, што за мінулы год у Кампартыю Расеі ўступіла 70 тысяч маладых людзей. У беларускай моладзі камуністычныя ідэі не настолькі папулярныя, таму на сустрэчу прывялі студэнтаў БДУ і БНТУ. Ні да партыі, ні да камсамолу яны ніякага дачыненьня ня мелі.

Студэнты БДУ і БНТУ на сустрэчы зь Генадзем Зюганавым
Студэнты БДУ і БНТУ на сустрэчы зь Генадзем Зюганавым

Разам зь Зюганавым у Беларусь прыехаў і лідэр Кампартыі Ўкраіны Пётар Сыманенка, які не хаваў, што яны «палічылі сваім абавязкам быць у гэтыя вызначальныя дні, калі вырашаецца лёс Беларусі, падставіць свае плечы і дапамагчы беларусам зрабіць правільны выбар. Мы на зьезьдзе партыі прымалі рашэньне, што і КПРФ, і КПУ вылучае і падтрымлівае кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі», — заявіў Сыманенка.

Прапануем чытачам Свабоды найбольш яркія выказваньні Генадзя Зюганава ў Менску — пра яго сымпатыі да Беларусі, захапленьне Кітаем, нянавісьць да ЗША.

«Беларусь для мяне — другая радзіма»

«У мяне жонка з Украіны, я перажываю ўкраінскую трагедыю як сваю ўласную. А Беларусь — рэспубліка, у якой я пачынаў службу ў Савецкай арміі, ва Ўруччы будаваў танкадром, праходзіў школу маладога байца. Так што Беларусь для мяне — другая радзіма. У Менску я рыхтаваў Бэрлінскі фэстываль.

Я ў вас бываю рэгулярна і ганаруся тым, што вы робіце.

Я ў вас бываю рэгулярна і ганаруся тым, што вы робіце. Мне можаце паверыць — я быў у 80 краінах сьвету. Мне ёсьць з чым параўнаць, зрабіць высновы».

«З трэцяга крызісу ня вылезьлі ні амэрыканцы, ні хвалёная аб’яднаная Эўропа»

«Два апошнія агульныя сыстэмныя крызісы капіталізму ў мінулым стагодзьдзі скончыліся дзьвюма ўсясьветнымі войнамі. У цэнтры гэтых войнаў апынулася наша краіна, наша агульная радзіма... Мы пасьля 1991 году вельмі цяжка вылазілі з крызісу. І вось цяпер пачаўся трэці сыстэмны крызіс. І мне падаецца, аднаму Богу вядома, чым ён скончыцца. Пакуль зь яго ня вылезьлі ні амэрыканцы, ні хвалёная яшчэ нядаўна аб’яднаная Эўропа, якая таксама курчыцца і ня ведае, як зь беднасьцю справіцца. І пакуль з трэцяга крызісу выцягвае толькі кітайскі камуністычны

Усе дзелавыя людзі раніцай адкрываюць зводкі і глядзяць: а як працуе кітайская эканоміка, якая паводле аб’ёму ў мінулым годзе перагнала на 3 зь лішнім мільярды даляраў амэрыканцаў.

лякаматыў. І ўсе дзелавыя людзі раніцай адкрываюць зводкі і глядзяць: а як працуе кітайская эканоміка, якая паводле аб’ёму ў мінулым годзе перагнала на 3 зь лішнім мільярды даляраў амэрыканцаў. І ўсе думаюць: а раптам яна забуксуе, і што будзем рабіць? Вось на гэтым фоне мы павінны разглядаць свае праблемы, цяжкасьці, недахопы, і калі тут, як у 1991 годзе, памылімся, нам няма на каго будзе скардзіцца.

Другая выснова, якую мы павінны зрабіць: у адзіночку ні вялікая і багатая Расея, ні мілая, працалюбівая, храбрая, сымпатычная Беларусь, ні шчырая яшчэ нядаўна, а цяпер шматпакутная Ўкраіна ня вылезуць з гэтай пасткі. Для таго, каб быць канкурэнтаздольным у гэтым сьвеце, трэба, каб мінімум 200 мільёнаў чалавек раніцай уставалі і ішлі на працу, мелі добрую адукацыю, моцнае здароўе, сучасныя тэхналёгіі і абавязкова разьвітую навуку. Калі гэтага ня будзе — будзеце абслугоўваць іншых».

«Амэрыканцы паціраюць рукі: ім трэба захапіць рынкі Эўразьвязу»

«Так атрымалася, што наша адзіная эўразійская прастора кантактуе з усімі галоўнымі цэнтрамі сіл. На поўначы — з Амэрыкай і Аляскай. У Амэрыцы 310 мільёнаў насельніцва сёньня. Калі б СССР убераглі, у нас было б таксама 310 мільёнаў. Нас падстрэлілі на ўзьлёце, здрадзіўшы нашым інтарэсам. Эўропа паміж сабой білася 600 гадоў, але вымушана была аб’яднацца ў адзіны Зьвяз — Эўрапейскі. Цяпер яны берагуць яго, хаця ЭЗ пачынае пад ударамі крызісу распаўзацца. І амэрыканцы паціраюць рукі: ім трэба захапіць рынкі Эўрапейскага Зьвязу. Для іх гэта прынцыпова.

ЭЗ пачынае пад ударамі крызісу распаўзацца. І амэрыканцы паціраюць рукі: ім трэба захапіць рынкі Эўрапейскага Зьвязу.

Кітай — 1 мільярд 340 мільёнаў, плюс 100 мільёнаў працуе за мяжой, але грошы вязуць дадому. 1 мільярд 2000 тысяч — Індыя. І 300 мільёнаў — у арабскім сьвеце. А вакол мы жывем з вамі разам. Мы маем поўную магчымасьць пазьбегнуць крызісу, калі ў нас ўся рэсупсная база ёсьць. Мы маем тры галоўныя стратэгічныя рэсурсы, якія аднаўляюцца (нафту і газ ужо палову спалілі). Гэта палова чарназёмаў плянэты, палова хвойных лясоў і палова чыстай прэснай вады. Ужо прэсная вада значна даражэйшая за самы адборны бэнзін. І калі мы складваем патэнцыялы, мы маем магчымасьць гандляваць і ў Азіі, і ў Эўропе, на поўначы і на поўдні, забясьпечыць сваю бясьпеку і ўпэўнена, спакойна глядзець наперад, думаючы пра сваіх дзяцей і ўнукаў, жанчын і старых. Калі не — мая выснова: тады будзеце абслугоўваць. Расея будзе абслугоўваць дзьве нафтагазавыя трубы, лесапавал і кар’ер. Для гэтага ня трэба мець 150 мільёнаў, для гэтага хопіць і 30 мільёнаў. Мадам Тэтчар ужо даўно напісала пра гэта».

«Пад дыктоўку амэрыканцаў была разьвязаная вайна супраць уласнага народа на Данбасе»

Амэрыканцы паспрабавалі пасьля разгрому СССР стаць гаспадарамі плянэты. Але надарваліся, ня справіліся.

«Амэрыканцы паспрабавалі пасьля разгрому СССР стаць гаспадарамі плянэты. Але надарваліся, ня справіліся. Яны залезьлі ў Аўганістан, ператварыўшы яго ў наркапрытон, яны зьнішчылі адну з найстаражытнейшых дзяржаў — Ірак. Там працавала 160 тысяч нашых спэцыялістаў, уся інфраструктура Іраку створаная рукамі нашых. Яны цяпер зьнішчаюць Сырыю — Дамаску больш за 5 тысяч гадоў, гэта вечны горад. Яны зьнішчылі Лібію, яны паспрабавалі навязаць свае парадкі ў Эгіпце — дзякуй Богу, умяшаліся вайскоўцы. І амэрыканцы далезьлі і да Ўкраіны, ськінуўшы законны ўрад, усталявалі нацысцка-бандэраўскую ўладу. Пад дыктоўку амэрыканцаў была разьвязаная вайна супраць ўласнага народа на Данбасе. Толькі мярзотнікі і ідыёты маглі даць загад страляць па Данецку, Славянску, Краматорску. У Данецкай вобласьці — пяць буйнейшых мэталюргічных заводаў, паўднёвы ўсход Украіны даваў тры чвэрці ў казну. І толькі ідыётам магла прыйсьці ў галаву думка капаць роў у 1500 кілямэтраў і паміж Расеяй і Ўкраінай і забараняць самалётам лётаць. У агульным вось такая рэальная карціна.

Больш роўна, лепш і прыстойней гэта дваццацігодзьдзе прайшла братняя Беларусь. Вы здолелі правесьці рэфэрэндум, здолелі захаваць дзьвюхмоўе, захавалі ўсю базавую індустрыю, разьвітую сельскую гаспадарку, памножылі магчымасьці рынку, моцнае дзяржаўнае рэгуляваньне і сваю нацыянальную бясьпеку. І гэта бачна ва ўсім.

І трэба нам усім узяць досьвед і Расеі, і Беларусі, і Ўкраіны, скласьці і прапанаваць антыкрызісную праграму. Прынамсі, наш патрыятычны саюз, які я ачольваю, — Кампартыя — прапанавала такую праграму».

Генадзь Зюганаў
Генадзь Зюганаў

«Больш эфэктыўнай за кітайскую была толькі ленінска-сталінская мадэрнізацыя»

«Мы заявілі і заяўляем, што ў нас ёсьць вялікія інтарэсы ў Азіі. І не выпадкова мы склалі свае магчымасьці — Кітай, Расея, Індыя, Бразылія і Паўднёва-Афрыканская рэспубліка. Гэта амаль палова насельніцтва плянэты і 40% усясьветнай вытворчасьці. Гэта і ёсьць процівага агрэсіі і глябалізму. І калі ўлічыць, што ў Кітаі Кампартыя кіруе, і рэформы Дэн Сяо Піна аказаліся за 30 гадоў самымі эфэктыўнымі: сярэднія тэмпы разьвіцьця 10 — 12%, больш эфэктыўнай была толькі ленінска-сталінская мадэрнізацыя — там былі тэмпы 16,5%.

Яны пачыналі з аслоў і ровараў, а скончылі космасам і перамогай у Алімпійскіх гульнях. Кітай становіцца супэрдзяржавай сьвету.

Я быў у Кітаі 8 разоў. Яны пачыналі з аслоў і ровараў, а скончылі космасам і перамогай у Алімпійскіх гульнях. Кітай становіцца супэрдзяржавай сьвету. Яны самі зьдзіўляліся: калі яны на осьліках езьдзілі, мы ляталі на лепшых ракетах, лепш за ўсіх у хакей гулялі... У Індыі Кампартыя вельмі ўплывовая, у ПАР Кампартыя і нацыянальныя сілы разам ва ўладзе. У Бразыліі Кампартыя і левыя сёньня ў многім вызначаюць палітыку. Паўсюль ідэі сацыяльнай справядлівасьці, калектыўнай працы і новых тэхналёгіяў пануюць. І, дарэчы, кіраўніцтва Расеі вымушаная з гэтым лічыцца — нават тыя, каму не падабаюцца левыя камуністы».

«Амэрыканцы — супэрмайстры правакацый»

«Курс лібэральных амэрыканцаў выбухнуў на Ўол-стрыце ў 2008 годзе. Іх пасьляваенная мадэль узарвалася, і потым 200 краінаў абрынуліся ў гэту яму. Яны цяпер пераглядаюць сваю мадэль і робяць усё для таго, каб узмацніць дзяржаўную палітыку і максымальна перапампаваць туды мазгі, у тым ліку з Расеі, Беларусі, Украіны...

Пуцін зразумеў, што мы для амэрыканцаў не партнэры, а кліенты. Ён асэнсаваў, што пры малейшай магчымасьці нас будуць душыць і вышчымляць. Ён зразумеў, што нават Эўропа — ягоныя сябры Шродэр і астатнія — ня ў стане працівіцца амэрыканскаму дыктату.

Амэрыка далёка не дэмакратычная, а паліцэйская дзяржава. І амэрыканцы супэрмайстры правакацыяў.

Амэрыка далёка не дэмакратычная, а паліцэйская дзяржава. І амэрыканцы супэрмайстры правакацыяў. Пачалі вайну зь Гішпаніяй і самі «грохнулі» свой крэйсэр, які стаяў на рэйдзе ў Гаване. А вайна ў Віетнаме... Свае дзьве высоткі ў 2001 годзе таксама самі грохнулі... Ну які Талібан, ну які Бэн Ладэн зь нейкай пячоры правёў апэрацыю? Ды за ёй стаялі лепшыя службы і лепшыя адмыслоўцы! І з амэрыканцамі вуха трэба трымаць востра. Трэба разумець, што яны паставілі задачу максымальна прыбраць пад сябе чатыры плыні: інфармацыйную, фінансавую, рэсурсы і ўсё, што зьвязана з геапалітычнай бясьпекай. І бязьлітасна!»

Сытуацыя ў Сырыі і пазыцыя КПРФ

Сырыя засталася адзіным месцам на Блізкім Усходзе, дзе ёсьць даволі валявы і мужны кіраўнік, пісьменная, баяздольная армія, якая чацьвёрты год вядзе вайну з НАТАўцамі, амэрыканцамі і ўсімі бандамі, якія яны туды сагналі.

«Я сустракаўся з бацькам Башара Асада — Хафідам Асадам. Ён сацыяліст па перакананьнях, даволі пісьменны кіраўнік і ён з Сырыі зрабіў сьвецкую, у многім сацыялізаваную, цэнтралізаваную і добра кіруемую дзяржаву. Сырыя засталася адзіным месцам на Блізкім Усходзе, дзе ёсьць даволі валявы і мужны кіраўнік, пісьменная, баяздольная армія, якая чацьвёрты год вядзе вайну з НАТАўцамі, амэрыканцамі і ўсімі бандамі, якія яны туды сагналі. «Талібан» — гэта

амэрыканскі выраб, які быў накіраваны супраць савецкіх афіцэраў. І ІГІЛ яны песьцілі для таго, каб накіраваць супраць нязгодных рэжымаў. Палітыка амэрыканцаў на Вялікім і Блізкім Усходзе прадугледжвае разбурэньне традыцыйнай дзяржаўнасьці і стварэньне такога кіруемага хаосу, які быў для іх перш за ўсё выгадны эканамічна. Выгада гэта зьвязаная з тым, што ў раёне Пэрсыдзкай затокі і Блізкага Ўсходу — роўна палова запасаў нафты і газу. Прычым, здабываць нафту ў два разы таньней, чым здабываць яе ў нас ў Заходняй Сібіры. Кошт здабычы барэля нафты — 2 даляры. Сёньня раніцай яе прадавалі за 53 даляры. І калі б у Садама Хусэйна расла бручка з морквай, а не было столькі нафты, яго б ніхто не павесіў. Таму амэрыканцы і разьвязвалі вайну ў гэтым раёне, пачынаючы з Аўгану да Міжземнамор’я, перш за ўсё, каб разбурыць традыцыйную дзяржаўнасьць і ня даць магчымасьць стварыць там моцныя, цэнтралізаваныя і пасьпяхова разьвіваючыя краіны. І калі такімі будуць Ірак, Эгіпет, Лібія альбо Сырыя — то яны будуць выкарыстоўваць нафту і газ у сваіх інтарэсах, па сваіх цэнах. Амэрыканцам гэта катэгарычна нявыгадна. Вось галоўная прычына таго, што амэрыканцы там вырабляюць. Але ў Аўганістане яны заглынуліся, хаця ў 40 разоў вырасла вытворчасьць наркотыкаў. І я перакананы, што цяпер тых, каго выціскаюць з Сырыі, пабягуць у Аўганістан. Сачыце за сытуацыяй.

Што тычыцца Іраку, амэрыканцам было важна захапіць той рэгіён. І хаця там ІГІЛ пануе ў многіх рэгіёнах, яны захапілі багатыя нафтарадовішчы, але амэрыканцы купляюць у іх нафту за палову цаны. Што тычыцца Сырыі, гэта апошняя выспа, дзе засталася моцная дзяржаўная ўлада. Ім трэба максымальна «скавырнуць» Башара Асада, каб пасадзіць туды патрэбных людзей...»

«У амэрыканцаў самая вялікая пазыка ў сьвеце — 28 трыльёнаў даляраў»

«Амэрыканцы падрыхтавалі праграму, якім чынам ім сьпісаць доўг. У амэрыканцаў, дарэчы, самая вялікая ў сьвеце пазыка — больш за 28 трыльёнаў даляраў. І сьпісаць яе можна двума спосабамі: альбо падпаліць сярэдняй рукі вайну, каб не апаліла іх. Падвярнулася Ўкраіна. А гэта падстава каб абвастрыць абстаноўку і выціснуць нас з эўрапейскага рынку. За мінулы год мы з Эўропай мелі гандлёвы абарот 450 мільярдаў даляраў, а з Амэрыкай — менш за 30 мільярдаў. Каб захапіць рынак Эўропы, трэба арганізаваць у тым ліку і ўцекачоў. І дапамаглі. У адной Нямеччыне 220 амэрыканскіх вайсковых баз. Мы сышлі адтуль, а амэрыканцы ні адну базу не скарацілі. І калі спадарыня Мэркель хацела заявіць у весь голас аб інтарэсах, ёй сказалі: «Вас слухалі ня толькі на кухні, але і ў ложку». Гэта да пытаньня пра іх хаўрусьнікаў і якім чынам яны абыходзяцца нават са сваім бліжэйшымі партнэрамі.

Амэрыканцам не патрэбны Блізкі Ўсход устойлівы і разьвіты, які б распараджаўся сваімі рэсурсамі, ім патрэбна падмандатная тэрыторыя, дзе б яны маглі гаспадарыць.

Вось вам агульная карціна: амэрыканцам не патрэбны Блізкі Ўсход устойлівы і разьвіты, які б распараджаўся сваімі рэсурсамі, ім патрэбна падмандатная тэрыторыя, дзе б яны маглі гаспадарыць, і будуючы сваю палітыку на супярэчнасьцях, прысмактацца да гэтага рэгіёна. Калі яны кантралююць нафтагазавую плынь з Пэрсыдзкай затокі і Паўночнай Афрыкі і ствараюць нам вялікія праблемы тут, то Эўропа будзе атрымліваць бэнзін, керасін і салярку па картках».

«Пасьля Сырыі яны ўзарвуць Сярэднюю Азію і Каўказ»

«Вось кажуць — навошта вы палезьлі ў Сырыю? Тлумачу. Калі яны ламаюць Сырыю, далей яны ўзарвуць Сярэднюю Азію і Каўказ. І пабягуць ня сотні тысяч уцекачоў, а мільёны. Калі б у свой час паслухаліся Сталіна гэтыя дэмакратыі эўрапейскія ў Лёндане, Парыжы і Вашынгтоне, і пагадзіліся б зь ягоным плянам прыдушыць фашызм у зародку... А сёньня карціна паўтараецца. Таму лепш там спыніць, чым заўтра атрымаць сабе такую праблему, якой проста так не дасі рады. Мы павінны дапамагаць. Але з сухапутнымі войскамі туды лезьці нельга.

Цяпер уся Эўропа гудзіць: з Касьпійскай флятыліі стралялі, узгаднілі з Іранам і Іракам траекторыю, 1500 кілямэтраў праляцелі і трапілі ў цэль з дакладнасьцю 5 — 7 мэтраў. Гэта, канечне, напалохала асабліва НАТАўцаў, і яны цяпер усе дрыжаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG