У пятніцу, 9 кастрычніка ў Беларусь з чатырохдзённым візытам прыбыла дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў складзе 10 чалавек на чале з Рэгам Дэнэмэчам. Дэлегацыя праназірае за ходам прэзыдэнцкіх выбараў поруч з назіральнікамі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека.
Дэлегацыя, у прыватнасьці, сустрэнецца з кандыдатамі ў прэзыдэнты, старшынёй ЦВК, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і СМІ. Выніковая прэс-канфэрэнцыя па назіраньні ПАРЭ за выбарамі ў Беларусі пройдзе ў панядзелак, 12 кастрычніка ў гатэлі «Рэнесанс» у Менску.
У перадвыбарнай заяве ад 9 верасьня 2015 году дэлегацыя ПАРЭ падкрэсьліла, што беларускія ўлады запрасілі вялікую колькасьць міжнародных арганізацыяў для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі, не наклаўшы абмежаваньняў на іхнюю працу, у адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі.
Агулам, па зьвестках ЦВК, на 5 кастрычніка ў Беларусі на час выбараў акрэдытаваныя 910 замежных назіральнікаў, зь іх 382 ад СНД, 344 ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ. Таксама акрэдытацыю на назіраньне за выбарамі атрымалі 64 прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу і 17 незалежных назіральнікаў.