Напрыканцы 2012 году была ліквідаваная кардонная фабрыка ў вёсцы Раёўка. Перад банкруцтвам яе апошнія работнікі паўгода працавалі бясплатна. Пасьля, у лютым 2013 году, суд пастанавіў спагнаць з прадпрыемства нявыплачаныя заробкі. Здавалася б, справядлівасьць адноўленая. Але прайшло амаль тры гады, а сваіх грошай работнікі так і не атрымалі. Чаму?
Пра вёску Раёўку я даведаўся з артыкула ў газэце «Наша Ніва». На пачатку 2013 году група былых работнікаў кардоннай фабрыкі падала ў суд на прадпрыемства «Белнацыяналсэрвіс», якое валодала на той час фабрыкай. Фірма збанкрутавала, але апошнія яе працаўнікі паўгода працавалі бясплатна. Гэта дваццаць чалавек. Патрабаваньні пазоўнікаў былі задаволеныя. Суд абавязаў спагнаць з прадпрыемства нявыплачаныя заробкі. Здавалася, два з паловай гады — дастатковы тэрмін, каб разьлічыцца з даўгамі. Але да сёньняшняга дня былыя работнікі фабрыкі, у асноўным немаладыя жанчыны, не атрымалі ні капейкі.
Мы сабраліся каля былой фабрыкі. Мае суразмоўцы — Валянціна Давідовіч, Ганна Хруль, Тацяна Кажура ды Леанід Дзіцэвіч. Слухаць іх вельмі нялёгка. Гэтыя людзі аддалі фабрыцы амаль усё жыцьцё.
— Пра якія сумы ідзе гаворка?
— У каго сем мільёнаў, у каго дзесяць, у каго дваццаць. Паўгода не атрымлівалі зарплату.
— Тут ні плёмбаў не паставілі. Вывозілі мэталалом, усё, што можна, вывозілі. Машынамі вялікімі. Мы куды толькі не званілі. Усё вывезьлі. Нават лесьвічныя парэнчы жалезныя, і тыя павывозілі.
— А каму вы спрабавалі скардзіцца?
— Куды толькі не пісалі. У маладэчанскай ахове працы сказалі — «забудзьце, вы нічога не даможацеся». Мы пісалі ў газэту «Звязда», усе падпісваліся.
Я не магу абысьціся без журналісцкага штампа і не абыграць назву вёскі. Раёўка сапраўды падобная да вясковага раю. Акружаная лясамі, вельмі дагледжаная вёска, з маляўнічай сажалкай у цэнтры. Кардонная фабрыка для Раёўкі была асноўнай карміцелькай. Яна працавала ад 1898 году. Валянціна Давідовіч, якая аддала фабрыцы чвэрць стагодзьдзя, гады да прыватызацыі ўспамінае як страчаны рай.
— Добра было пры старым дырэктары кардоннай фабрыкі, Шаблоўскім Валерыі Сямёнавічы. Была работа, была зарплата. А пасьля была прыватызацыя. А раней быў рай. І моладзі было многа. І дзяцей у садзіку. А цяпер моладзь разьбягаецца, бо працы няма.
Слухаючы некаторых жанчын, думаеш: чаму іх не паставіць кіраваць? Далібог, горш бы не было. Вось, напрыклад, Ганна Хруль — чым не кіраўнік?
— Упакоўку натуральную з паперы можна было разьвіваць. Разьвівайся не хачу. Прывезьлі з-за мяжы ламаную макулятурную лінію. Пад гэтую лінію бралі крэдыты. Бралі крэдыт за крэдытам. І столькі гэтых крэдытаў набралі, што не маглі зь іх вылезьці. І прадукцыя была, і попыт быў. І колькі заказаў было. Але ўсё ў банк ішло.
Сёньня частка работніц пайшла на пэнсію. Частка робіць хто дзе. Хто на птушкафабрыцы, а хто ў Радашкавічах, на керамічнай фабрыцы. І гэта ня самы горшы варыянт. Леанід Дзіцэвіч, вясёлы вясковы дзядзька, ніяк ня можа зразумець — чаму дзяржава можа браць штрафы за браканьерства ці за няўзгодненыя пабудовы, у той час калі рашэньні дзяржаўнага ж суду аб вяртаньні заробкаў да гэтае пары ня выкананыя? Леаніду, дарэчы, не вярнулі 15 мільёнаў рублёў. Немалыя для Раёўкі грошы. Асабліва калі іх пералічыць па курсе 13-га году.
— Пабудаваў прыбудову для курэй, а мне штраф. Я ім сказаў: «Калі дзяржава заплаціць мне, тады я заплачу вам». Злавілі чалавека на рыбе — на табе штраф. Няма чым плаціць? Апішуць тэлевізар, яшчэ што-небудзь. Апошняе забяруць. Мне дзяржава вінная 15 мільёнаў.
— Не дзяржава, а ўнітарнае прадпрыемства.
Леанід глядзіць на гэты сьвет шырока, глябальна, можна сказаць, глядзіць. І праблемы нявыплачаных даўгоў ён нейкім чынам зьвязвае зь візытам Лукашэнкі на сэсію ААН.
— Зрухі ёсьць. Вось нашы братаны, Пуцін з Лукашэнкам, паехалі на разборкі ў Нью-Ёрк. Трэба ж разабрацца па Сырыі, па Ўкраіне.
— І іхныя разборкі дойдуць да Раёўкі?
— Па ўсёй Беларусі дойдзе.
— Вы маральна з гэтым даўгамі разьвіталіся?
— Я ўжо ня веру.
— Мы перасталі верыць уладзе. Калі ў нас улада будзе ўладай? Чаму суд ня мае ніякага значэньня? Што мы падавалі, што не падавалі.
Натальля Карповіч, прызначаная эканамічным судом антыкрызісная ўпраўляючая, якая і вядзе працэдуру банкруцтва, вельмі дасьведчана і даходліва растлумачыла мне, наколькі цяжка весьці працэдуру банкруцтва, рэалізуючы неліквідныя актывы, кошт якіх ніжэйшы за самі даўгі. Асабліва ў наш крызісны час, калі ніхто нічога не купляе.
Але яна не сумняецца, што работнікі рана ці позна сваю зарплату атрымаюць. Бо на сёньняшні дзень сродкаў, якія ўдалося выручыць за рэалізаваную маёмасьць, будзе дастаткова, каб разьлічыцца з даўгамі. Вось толькі грошы пакупнік пакуль не заплаціў. Але абяцае разьлічыцца да канца году. І гэта на сёньняшні дзень — адзінае, чым могуць абнадзеіцца раёўскія працаўніцы.
І яшчэ адна цікавая дэталь, якую я пачуў. За апошні месяц у стане ліквідацыі знаходзяцца 600 прадпрыемстваў. І падобна, што праблемы маленькай Раёўкі неўзабаве стануць агульнабеларускімі. Калі пачнуць банкрутаваць прадпрыемствы ў вялікіх гарадах. І вырашаць гэтыя будучыя праблемы аднаму антыкрызіснаму мэнэджэру будзе яўна не пад сілу.