У беларускіх вёсках за апошнія гады амаль зьніклі людзі, якія трымаюць каровы. Але ж дзе-нідзе яны яшчэ ёсьць. У вёсцы Блонь, што пад Мар’інай Горкай, гаспадар трымае ажно дзевяць кароў. І нават летась заняў першае месца па здачы малака дзяржаве. Здавалася б, жыві, працуй і радуйся. Але ж ня так усё проста. Якія могуць быць праблемы ў беларуса, які хоча жыць са сваёй працы на зямлі?
Міхаіла Мартышэнку, гаспадарлівага і гумарнога дзядзьку, сьмела можна назваць апошнім з магікан. Прынамсі, ён адзіны ў Блоні, хто трымае каровы. Летась сям’я Мартышэнкі заняла першае месца ў раёне па здачы малака дзяржаве. Здавалася б, такім людзям паўсюль павінна быць зялёнае сьвятло. Якія могуць быць праблемы з тымі, хто хоча не будаваць кабінэтную кар’еру, не займацца гандлем, а жыць і працаваць са свайго мазаля?
Аднак праблема ёсьць. Некалькі гадоў таму Міхаілу ўлады выдзелілі надзел саўгаснай зямлі, каб было дзе каровам пасьвіцца. А сёлета тую зямлю палілі ядахімікатамі. Каб засеяць кукурузай. Кукурузай не засеялі. Але пашы пазбавілі. Мы стаім зь Міхаілам на гэтым надзеле.
— Вунь на той горцы стаялі мы некалі з Караленем, кіраўніком раёну. Землямеры стаялі, старшыня сельсавету Кірпічоў стаяў. Добры чалавек. І яны вырашылі мне на каровы выдзеліць участак на саўгасным полі. Шэсьць гектараў. У мяне 9 кароваў, два кані, козы. А цяпер якая праблема? Яны ўсю гэтую пашу залілі ядамі. І цяпер калі карова гэтую траву зьесьць, дык здохне. Аграном пазваніў у сельскі савет, запытаўся. Яна адказала — «гэта ўсё саўгаснае, палівайце, у яго няма дакумантаў». Дык яна ж сама павінна была даць гэтыя дакуманты. Навошта так зьдзекавацца?
— І дзе выйсьце з сытуацыі?
— Ня ведаю. Яны не прыпыняцца. Выйсьце — зьяжджаць з гэтага раёну.
Такія людзі, як Міхаіл, павінны быць на асаблівым уліку. Бо толькі на іхнай празе працаваць пакуль яшчэ нешта трымаецца. І любая іхная просьба павінна разглядацца ў першую чаргу. І іхныя праблемы павінны рашацца як мага хутчэй. Бо пасьля можа быць запозна.
— Я адзіны чалавек, які трымае каровы. Я сам з Заходняй Беларусі. А заходнікі — яны да працы дурныя. Мы жывем з таго, што самі вырабляем. Сыры вару. Асвоіў адыгейскі сыр, фету, брынзу. Малако здаю ў гаспадарку. Летась узялі першае месца па раёне за здачу малака дзяржаве. Я ж нічога супрацьпраўнага не раблю. Выконваю просьбу прэзыдэнта, каб бралі зямлю, разводзілі жывёлу, падымалі вёску.
Чым болей слухаю Міхаіла, тым болей дзіўлюся ўсёй гэтай фантасмагорыі.
— Мы ня першы год на гэтым кавалку пасьвілі. А сёлета зямлю атруцілі, каб пасеяць кукурузу. А калі тую зямлю будуць заворваць, невядома. Бо няма саляркі ў саўгасе. Атруціць была салярка, а заараць — няма. Ні сабе, нікому. На іншым полі пасеялі авёс з гарохам. Каровы прайшліся саўгасныя. Што зьелі, што стапталі. Адна лебяда засталася. Цяпер яе зьбілі. Бо ехаў губэрнатар сюды глядзець, як справы ў саўгасе. Яе зьбілі, каб ён яе ня бачыў. Яго правезьлі ў чорнай машыне, як ката ў мяшку. На гэтай маленькай фэрмачцы за зіму здохла восемдзесят цялят. Дык гэта што кажуць. А насамрэч іх, пэўна, болей падохла.
Мы прагуляліся да невялікага поля, дзе пасьвяцца цяпер Мартышэнкавы каровы. Пасьвіць іх жонка Міхаіла, Ніна.
— Каровы тут пасьвяцца. Дык ім, значыць, ёсьць дзе пасьвіцца?
— Не. Гэта лебяда. Гэта пустая зямля. Што тут карове есьці? Няма чаго. Нешта за дзень назьбірае трошкі.
— Мы нікому не патрэбныя. Бацька кажа: «Падымайце, рабіце». А гэтыя не даюць нічога. Калі глядзець на нашага прэзыдэнта празь Біблію, дык ён мае адзін грэх. Грэх утрымліваць розгу ў мэтах выхаваньня. Ён яе вельмі трымае. Каго ён шкадуе? Ня ведаю. Калі б ён не грашыў, а ўзяў бы розгу ды куды патрапіць, абы дастала. Ад пляча да с...кі! Аднаго б паласнуў, другога. А трэці б падумаў — ці рабіць зьдзекі зь людзей, ці не рабіць?
Да нашай размовы далучылася старая. Якая таксама стамілася глядзець на пакуты свайго суседа.
— Не даюць. Падкошваюць яго. Не магу расказаць, як яны бядуюць з гэтымі каровамі. У іншых калгасах дапамагаюць. Людзі такія старацельныя. Ім тут вельмі цяжка, вельмі.
Я дазваніўся да старшыні сельсавету Алены Гнядзько. Алена Іванаўна зусім ня бачыць ніякай праблемы.
— Каровы Міхаіла Міхайлавіча пасьвяцца на саўгасным полі. На жніўніку. І ніхто ніякіх пытаньняў яму не задае. Гаспадарка ня ставіць яго ў горшыя ўмовы, чым саму сябе. Чалавек пасьвіць сваю жывёлу на землях гаспадаркі. Яго ніхто не карае, не штрафуе. Бо разумеюць, што чалавеку трэба жыць. Я яму казала: альбо стварайце пашу, альбо бярыце пойму ракі. Калі тое, што ёсьць, вас не задавальняе. Але тут іншых земляў няма. Разумееце?
Той участак ля ракі, пра які кажа пані Гнядзько, Міхаіл мне паказаў. Гэта звычайнае балота. Дзе ня тое што карова — чалавек патоне.
— Вунь там далей дык зусім дрыгва будзе. Крыніцы павыходзілі, і ўсё забалоцілася. Яны, хутчэй за ўсё, вырашылі, што ў свой час не дадушылі баптыстаў іхныя дзяды ды прадзеды, дык мы ў балоце іх датопім. «Пасьві кароў каля рэчкі!» Кажу: «Дык там жа чартапалох». — «А трэба спачатку абрабіць». А як балота абрабіць? Трэба ж яго асушыць.
Зразумець мясцовых кіраўнікоў можна. Вельмі ж нязручны чалавек гэты Мартышэнка. У саўгасе працаваць ня хоча. Хоча працаваць сам. Мала таго, хоча, каб яму яшчэ дапамаглі з кармамі. А на дадатак да ўсяго, ён яшчэ і вернік-пяцідзясятнік. Гэта значыць — чалавек непітушчы і працалюбівы.
— Я пра свае пакуты ўжо хацеў напісаць прэзыдэнту ліст. Узяў ручку, пасядзеў. Яго самі людзі называюць «бацькам». Значыць, на нешта спадзяюцца. А я, малапісьменны, ня ведаю, як пісаць слова «бацька». Ці трэба пісаць зь вялікай літары, ці з малое? Ці ўвогуле трэба ўзяць у двукосьсе? Так я і не напісаў ліст. А я хацеў толькі адно. Каб мне сёньня давялося зь ім сустрэцца, я б у яго не прасіў нічога. Не расказваў бы пра свае беды. Адно-адзінае пытаньне задаў бы я яму. «Бацька, навошта твае халуі забралі пашу?» Карацей, мясцовыя ўлады мяне пазбаўляюць сродкаў да існаваньня. Калі каму патрэбныя кароўкі, адгукніцеся.
Змарыўшыся змагацца за пашу, Міхаіл піша вершы. Ён ужо падумвае пра пераезд у іншы рэгіён Беларусі. Вось толькі ці будзе там лягчэй?
Як мне жыць, беларусу? Зямлю абрабляць?
Дзетак сваіх на ногі падняць?
Я трымаю кароваў, сыры я вару.
Яшчэ малачко дзяржаве здаю.
Паперну падзяку я маю за то.
А што мне зь яе? У кармушку, ці што?
Было крыху лепш, ды зьявіўся ўладар.
«Я сена ня дам вам, і пашу аддай.
Гані іх, баптыстаў, са сьвету зьнішчай.
Няхай за вёрст трыста зьбягаюць няхай.
Што іхны малебны? Нам ні на што».
За што мне пакуты? За што, Бог, за што?