Паводле зьвестак Міністэрства фінансаў, сёлета за першае паўгодзьдзе чыстыя страты склалі на прадпрыемстве 198,5 мільярда рублёў, альбо на 17 адсоткаў больш, чым за такі ж пэрыяд 2014 году.
Акцыянэрнае таварыства «Гомельшкло» — трэцяе па ліку ў Беларусі прадпрыемства, дзе чыстыя страты вымяраюцца сотнямі мільярдаў рублёў. Наперадзе «Гомельшкла» толькі два беларускія гіганты — МАЗ і вытворчае аб’яднаньне «Гомсельмаш». Прычым гомельскія камбайнабудаўнікі патрапілі ў шэраг стратных прадпрыемстваў толькі сёлета, а шкловары і летась «наварылі» за паўгода амаль 170 мільярдаў стратаў.
Гэта тым больш дзіўна, што на прадпрыемстве прайшлі дзьве буйныя рэканстукцыі шкляной вытворчасьці. У 2010 годзе тут запрацавала другая лінія па вырабе ліставога шкла, у 2014 — лінія па вырабе ламінаванага шкла. Прадпрыемства выпускае разнастайнае шкло для будоўлі, мэблевай і аўтамбільнай вытворчасьцяў.
Кіроўныя чыноўнікі «Гомельшкла» неахвочыя да тлумачэньняў. У сваю чаргу рабочыя шклозаводу зьвяртаюць найперш увагу на затаваранасьць складоў гатовай прадукцыяй:
Першы рабочы: «Склады застаўленыя шклом».
Другі рабочы: «Працуем, як і працавалі. Шклом усё застаўлена. А што там далей, ня ведаем».
Яшчэ адзін суразмоўца, які назваўся Юрыем, дапаўняе малюнак:
«Шклом застаўлена паўзаводу. На тэрыторыі ў скрынях шкло стаіць, менавіта ліставое паліраванае шкло. Збыту няма».
Па словах спэцыяліста, каньюктура на рынку шкла цяпер мае сваю спэцыфіку — попытам карыстаецца разнастайнае шкло вялікіх памераў, а расьпілаванае на дробныя кавалкі, нават добрай якасьці, не заўсёды знаходзіць пакупніка:
«Купляюць вялікае шкло, так званых джамба-памераў, украінцы, тая ж Расея. Такое шкло бяруць, вялікіх фарматаў, а парэзанае попытам асабліва не карыстаецца. Бо прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць шкло, маюць свае рэжучыя станкі і самі робяць патрэбныя фарматы».
«Гомельшкло» ў пэўнай меры і пакутуе з-за таго, што ня мае магчымасьці выпускаць усё шкло джамба-памераў:
«Працуе дзьве лініі, на адной вялікіх памераў шкло могуць выпускаць, на іншай — не. Гэтая лінія і атрымліваецца практычна стратнай. На старой лініі, якую мадэрнізавалі, нельга выпускаць вялікія фарматы. Яе зноў зьбіраюцца мадэрнізаваць, каб выпускаць і вялікія, і малыя фарматы. Яшчэ патрабуецца процьма сродкаў».
Пра непрадуманую стратэгію мадэрнізацыі вытворчасьці кажа і спэцыяліст па вырабе паліраванага шкла, які не захацеў афішаваць сваё імя:
«Як гігантаманія ў Савецкім Саюзе была, так і цяпер яна захавалася. Пабудавалі адзін сучасны цэх для вырабу палепшанага шкла. Стары цэх меліся закрыць, спынілі яго. Пасьля камусьці прыйшло ў галаву: а давайце мы і яго мадэрнізуем — і будзем у два разы лепш выглядаць! Мадэрнізацыя прайшла толькі на паперы, бо абы-што закупілі. Цяпер адзін дзень выпускаем шкло, а другі дзень яно ідзе „ў бой“ — якасьці няма. Хіба на старым абсталяваньні можна зрабіць штосьці добрае? На паперы так, мадэрнізацыя, бо мільярды ж пайшлі».
Не запатрабавана багата вырабленага шкла і з боку беларускіх машынабудаўнікоў, якія заўважна скарацілі выпуск тэхнікі. Дый як купяць яны, калі той жа Менскі аўтазавод сам мае 872 мільярды стратаў, «Гомсельмаш» — 690 мільярдаў. Несвоечасовыя разьлікі за прадукцыю таксама адмоўна ўплываюць на фінансавы стан гомельскага заводу па вырабе шкла.
У выніку церпяць рабочыя. Суразмоўца кажа, што калі параўнаць заробкі вытворцаў шкла ў 2010 годзе зь сёлетнімі, то яны ў даляравым эквіваленце скараціліся амаль удвая:
«Інфляцыя ляціць наўскач, а заробкі стаяць на месцы. Падчас папярэдніх выбараў, калі браць у даляравым эквіваленце, атрымлівалі ў нас каля 500 даляраў. Нават і шэсьцьсот было. Адчувалі сябе больш-менш упэўнена. Цяпер маем 300 даляраў. Практычна ў два разы ўзровень жыцьця пагоршыўся. Да таго ж у нас толькі мэтадам скарачэньня рабочых фінансаваньне заробкаў падтрымліваюць — на большае кемлівасьці не хапае. Адказ на ўсё адзін: не падабаецца — ідзі гуляць на сьвежае паветра, на кісларод».
Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі па выніках першага паўгодзьдзя стратнымі налічвалася 1589 прадпрыемстваў і арганізацыяў, што складае 20,1 адсотка ад агульнай іх колькасьці. У прамысловасьці стратнае амаль кожнае трэцяе прадпрыемства, у будаўніцтвае — кожнае пятае, на транспарце — кожнае шостае. Агулам страты далягнулі 15 трыльёнаў рублёў.