У лютым гэтага года ў Менску кіраўнікі Францыі, Нямеччыны, Расеі і Ўкраіны правялі перамовы, якія працягваліся амаль суткі і завяршыліся ўзгадненьнем гістарычных дакумэнтаў — Комплексу захадаў па выкананьні Менскіх пагадненьняў ад верасьня 2014 і дэклярацыі лідэраў «нармандзкай чацьвёркі» ў падтрымку гэтых дамоўленасьцяў.
Адной з ключавых тэмаў сёньняшняй сустрэчы можа стаць пытаньне пра дату правядзеньня мясцовых выбараў на Данбасе, згода па якім да гэтага часу не дасягнутая. Рашэньне правесьці саміт «нармандзкай чацьвёркі» ў Парыжы стала вынікам сумеснай ініцыятывы лідэраў Расеі, Францыі і Нямеччыны. Яны дамовіліся пра гэта ў ходзе тэлефоннай размовы 9 верасьня.
«Мы далёкія ад вырашэньня канфлікту, але ёсьць элемэнты, якія павышаюць нашу ўпэўненасьць, што крызіс можа быць пераадолены, і самае галоўнае, што цяпер няма абстрэлаў», — сказаў 1 кастрычніка прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.
Як заявілі ў адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, 2 кастрычніка ў Парыжы Украіна паставіць перад Расеяй пытаньне адмены «выбараў» на акупаванай частцы Данбасу, таксама будуць абмяркоўвацца дамоўленасьці па адводзе ў зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны зброі калібрам менш за 100 мілімэтраў і пытаньне доступу ў акупаваныя раёны міжнародных гуманітарных арганізацый. Зь 1 верасьня інтэнсіўнасьць баявых дзеяньняў на Данбасе значна паменшылася, 2 кастрычніка ўсе бакі канфлікту прадэманстравалі поўнае спыненьне абстрэлаў.