«Шляхам сумоўя» назваю сваю новую кнігу паэт Зьніч, вядомы таксама як манах Іаан з Жыровіцкага Сьвята-Усьпенскага манастыра. Кніга складаецца з прозы і вершаў апошняга часу, у яе таксама ўвайшлі тэксты, забароненыя да выданьня яшчэ ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя. Якую крамолу знаходзіла ў іх савецкая цэнзура? Аўтар кнігі — госьцем перадачы.
— Ойча Іаан, вы чалавек надзвычай камунікабэльны (нягледзячы на манастырскі мур вакол), таму назва «Шляхам сумоўя» бачыцца мне вельмі дарэчнай. Пасьля двух дзясяткаў гадоў жыцьця ў манастыры з кім вам лягчэй сумовіцца — з Богам, ці зь людзьмі?
— Зразумела, з Богам. Aле мне і з тымі людзьмі, якія сумаўляюцца з Богам з чыстым сэрцам, размаўляць лёгка. У манастыры тыя ж людзі, што і ў сьвеце. Адрозьніваюцца яны ад тых, каго мы завем міранамі, сьвецкімі людзьмі, толькі рашучасьцю ў змаганьні з грахоўным жыцьцём, у якім патанае сьвет. Толькі рашучасьць змагацца з гэтымі грахамі, імкненьне вызваліцца з гэтай багны адрозьнівае іх ад людзей сьвецкіх.
Напады ворага роду чалавечага на людзей за манастырскім мурам больш моцныя і бязьлітасныя.
Але напады ворага роду чалавечага на людзей за манастырскім мурам больш моцныя і бязьлітасныя, больш нечаканыя. Праўда, у манастыры гэтыя людзі знаходзяцца пад большай аховай — тут штодзённая літургія, штодзённыя споведзь і прычасьце. Вось у гэтым сытуацыя людзей, якія ступілі за манастырскі мур, і больш трагічная, і ў той жа час яны — пад большай Божай аховай. А ў астатнім — гэта такія ж людзі, з тымі ж хваробамі душы. І ім таксама няпроста кантактаваць з табой, калі ты сваімі заганамі судакранаесься зь іхнімі. А калі ты молісься, спавядаесься, каесься, зьміраеш сябе, а яны робяць тое ж самае, тады сумоўе даецца лягчэй.
— Вы ў сваёй кнізе на поўным сур’ёзе тлумачыце: таталітарны — ад словаў «тата» і «літасьць». Гэта мне нагадвае колішнюю рубрыку «Займальная лінгвістыка» ў часопісе «Вожык». Там сустракаліся падобныя тлумачэньні: байкот — кот з байкі...
— Я ўслухоўваюся найперш у беларускае гучаньне слова. Таму для мяне «тата-літарны рэжым» — гэта рэжым Таты Нябёснага і яго зямных дзетак, значыць, тата-літарны — гэта добра. Тата-літарны (чуецца — Татава літасьць) — такім мне бачыцца рэжым, які задумваў Гасподзь, ствараючы Адама і Еву. Яны жылі ў «тата-літарным» рэжыме (у беларускім значэньні) яшчэ да свайго грэхападзеньня.
— Без увагі на нормы афіцыйнага правапісу вы ўпарта карыстаецеся гэтак званай «тарашкевіцай» (ці ня ўсе вашы кнігі надрукаваныя на ёй). Чаму гэта для вас так прынцыпова?
Правапіс, які пярэчыць майму музычнаму ўспрыманьню, да мяне не прыстае.
— Калісьці я спрабаваў стаць музыкам. Як казаў паэт: «Мы ўсе вучыліся патроху / навукам розным у свой час». Я спрабаваў вучыцца музыцы, і музычнае ўспрыманьне сьвету ў мяне дамінуе. Беларуская мова адметная тым, што як чуеш, так і натуеш. Я натую так, як чую. Беларуская мова — мяккая, далікатная, лагодная. А правапіс, які пярэчыць майму музычнаму ўспрыманьню, да мяне не прыстае.
— У кнігу «Шляхам сумоўя» ўвайшла і ваша даўняя манаграфія «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў духоўнай культуры Беларусі за пэрыяд 1941–1945 гадоў». Яна была напісана яшчэ ў 1980 годзе, але апублікаваная толькі цяпер. Чаму?
— Напісана яна была на гады два раней, у 1980-м яе зьбіралася выпусьціць у сьвет выдавецтва «Навука і тэхніка» — манаграфія стаяла ў афіцыйным пляне. Але хтосьці знайшоў у маім тэксьце крамолу, і яго з выдавецкага пляну выкінулі. Гэтак жа не была дапушчана да абароны мая кандыдацкая дысэртацыя, на аснове якой тая манаграфія пісалася. Таму я вырашыў уключыць яе ў скарочаным варыянце ў сваю кнігу, каб быў відзён агульны кантэкст часу, у якім узрастаў паэт Зьніч, філёзаф і музыка Алег Бембель, інак Мікалай, манах Іаан. Там яна на сваім месцы, у сваім храналягічным куточку стаіць і добра падсьвечвае, як фармаваўся пагляд на сьвет галоўнага героя кнігі.
— У той забароненай да выданьня манаграфіі вы разглядалі толькі савецкі сэгмэнт тагачаснай беларускай культуры. Там нават не згадваліся паэткі Натальля Арсеньнева ці Ларыса Геніюш, кампазытары Мікола Равенскі ці Мікола Шчаглоў-Куліковіч. Чаму ж яе забаранілі?
— Маім дарадчыкам і апанэнтам адначасова быў сьветлай памяці акадэмік Казімер Паўлавіч Буслаў, які на той час быў загадчыкам сэктару Інстытуту філязофіі і права Акадэміі навук. Ён вельмі добра ставіўся да мяне, сябраваў з маім бацькам. Дзякуючы ягонай пратэкцыі, мяне цярпелі ў Інстытуце, прынялі ў асьпірантуру, нягледзячы на тое, што я ня ўпісваўся ў парадыгму, якая тады панавала. І найперш Буслаў мяне цярпеў. Ён неаднаразова чытаў маю працу, рабіў праўкі і ўрэшце сказаў мне коратка і зразумела: «Хочаш быць кандыдатам, пішы, як я скажу. Ня хочаш — вольнаму воля». Пэрыяд Вялікай айчыннай вайны я ўзяў таму, што ў ім сканцэнтравалася ў найбольш абвостранай і глябалізаванай форме сама праблема нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў гісторыі, сама праблема шматплямённай структуры роду чалавечага і праблема паноўных і падняволеных народаў, так бы мовіць пасынкаў гісторыі. Гады вайны для беларусаў былі пэрыядам самага бязьлітаснага, самага жорсткага ў гісторыі выпрабаваньня на жыцьцяздольнасьць.
— Пішучы сваю працу, ці чулі вы пра беларускіх пісьменьнікаў, кампазытараў, мастакоў, якія жылі і працавалі пад нямецкай акупацыяй?
— Чуў звон, ды ня ведаў, дзе ён. Пад рукой былі толькі тыя матэрыялы, якія я скарыстаў. Найперш дзякуючы Ніне Ларывонаўне Глебка, жонцы Пятра Глебкі, якая жыла ў Менску пры немцах і ў якой па сьмерці мужа засталася вельмі добрая бібліятэка. Цяпер я маю задумку дапоўніць сваю працу і выправіць усе недахопы.
— А ці зьвярнулі вы ўвагу на той факт, што самы вядомы верш Натальлі Арсеньневай — «Магутны Божа» — быў напісаны якраз у гады Другой сусьветнай?
— Так, калі не памыляюся, у 1942 годзе. Вось бачыце, як Гасподзь свае найбольш яркія натхненьні дае нечакана. Верш зьявіўся, як мімалётны стан душы. Я думаю, што яна сама тады не разумела, што ёй Гасподзь дае. «Магутны Божа» абавязкова прагучыць у маёй працы, і я ўжо прыкладна ўяўляю — дзе.
— У кніжным шапіку Жыровіцкага манастыра я не пабачыў беларускіх кніг. А ці ёсьць яны ў манастырскай бібліятэцы?
— Манастырская бібліятэка складаецца пераважна з духоўнай літаратуры. Але пры багаслоўска-літаратурна-мастацкім лістку «Жыровіцкая абіцель» я стварыў кніжніцу, дзе зьбіраю беларускія выданьні з аўтографамі. І вось сёньня ў мяне вялікая радасьць — у кніжніцы зьявілася новая кніга — «Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах». Хай яна будзе не апошняю, хай яшчэ шмат падобных кніг трапіць у нашу бібліятэку.
— А якую кнігу вы чытаеце цяпер?
Нік Вуйчыч і яго кніга сталі для мяне адкрыцьцём.
— Чытаю «Жыцьцё бязь межаў» Ніка Вуйчыча — чалавека бяз рук і ног, празь якога разьліваецца Гасподняя ласка сотням тысячаў людзей, калі ён выступае на стадыёнах. Нік Вуйчыч і яго кніга сталі для мяне адкрыцьцём. І кожнаму з нас празь яго такую вестку дасылае Гасподзь: «Браты і сёстры, мая ласка над усімі вамі». І тыя, у каго ёсьць рукі і ногі, хай крышачку засаромеюцца, калі яны аддаюцца духу тугі, адчаю, бязьвер’я і богапакінутасьці. Мне нядаўна ў лякарні памянялі ў левым воку крышталік. І я зьведаў стан эвангельскіх невідушчых, якім Хрыстос вяртаў зрок. І радасьць ад гэтага вяртаньня вокамгненна вылілася ў радкі: «Асьлеплены — ратунку ўжо няма, / ўсе духі цемры на мяне паўсталі. / Хрысьце, навокал — бесава турма, / у воку сэрца памяняй крышталік!»