Больш за 700 чалавек сталі ахвярамі цісканіны каля Мэкі падчас хаджу, які праходзіць гэтымі днямі. Зь Беларусі сёлета ў Саудаўскую Арабію выправіліся пяць чалавек, паведаміў Свабодзе прадстаўнік муфціяту. Інфармацыі пра пацярпелых сярод нашых грамадзянаў няма.
Колькасьць загінулых у выніку цісканіны каля Мэкі вырасла да 717 чалавек, паведамляе служба грамадзянскай абароны Саудаўскай Арабіі. Яшчэ больш за 800 чалавек пацярпелі.
На думку Саіда Ахадзі, арганізатара хаджу ў Іране, у трагедыі вінаватыя памылкі саудаўскіх уладаў. У прыватнасьці, зь невядомых прычын быў закрыты праход каля месца, дзе адбываўся рытуал пабіваньня шайтана камянямі.
У сваім звароце да мусульманаў, якія сабраліся сёньня ў Доме кіно на прагляд фільму «Пасланьне. Гісторыя ісламу», муфцій Беларусі Абу-Бекір Шабановіч узгадаў пра трагедыю ў Мэцы.
«На вялікі жаль, паступілі зьвесткі, што сёньня, робячы хадж у сьвятой Мэцы, здарылася цісканіна і загінула шмат веруючых», — сказаў Шабановіч.
Гэта ня першы інцыдэнт у Мэцы падчас сёлетняга хаджу. 11 верасьня больш за 100 чалавек загінулі ў выніку падзеньня будаўнічага крана на мячэт Аль-Харам, дзе знаходзіліся сотні людзей. Кран зламаў дах і абваліўся проста на пілігрымаў.