18 верасьня Свабода надрукавала інтэрвію беларускага салдата з украінскага палку «Азоў», байца атраду «Пагоня» з пазыўным «Кім», які ваюе на Данбасе за цэласнасьць Украіны. Сёньня нам удалося зьвязацца зь беларусам, які ваюе з другога боку фронту — за так званую ДНР.
Аляксею Маркулевічу 21 год. Ён вырас у вёсцы Велямічы Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. На баку сэпаратыстаў ваюе з 4 лютага 2015 году.
Свабода пагутарыла з Аляксеем, калі ён прыехаў з баявых пазыцыяў у Данецк.
«Можа, народ і зразумее, што мы не такія ўжо і злачынцы»
— Мяркуючы па тваёй старонцы «Ўкантакце», ты не хаваеш свайго ўдзелу ў ваенных дзеяньнях на Данбасе. А ты не баісься, што пасьля вяртаньня ў Беларусь цябе проста арыштуе КДБ? Ці, можа, ты не плянуеш вяртацца ў Беларусь?
— У пляне стаўленьня да тых, хто ваюе, у нас не такая ўжо справядлівая дзяржава. Я не разумею: за што арыштоўваць? Здаецца ж, няма падставы.
Пакуль вяртацца я не плянаваў, застануся тут пакуль. Зь цягам часу, можа, народ і зразумее, што мы не такія ўжо і злачынцы і ня так небясьпечныя для грамадзтва.
— Чаму ты вырашыў паехаць ваяваць? Шмат хто кажа, што беларусам няма чаго рабіць на чужой вайне...
— Хто сказаў, што гэтая вайна чужая? Гэта наша вайна, таму што тут нашы браты. Я не магу проста сядзець і глядзець на гэта ўсё з боку. Як можна глядзець на тое, што забіваюць жанчын, старых, дзяцей?
А верыць таму, што кажуць: вось, маўляў, тэрарысты... За што вінаваціць людзей у тэрарызьме? За тое, што яны захацелі застацца рускімі? Тое, што СМІ распавядаюць, што тут усе тэрарысты — гэта суцэльная няпраўда.
— Вось ты прыняў рашэньне паехаць на вайну. Якія былі твае далейшыя дзеяньні?
— Паспрабаваў знайсьці каналы. Ехаць жа трэба не абы-як, ехаць трэба адразу ў пэўнае падразьдзяленьне. Раней іх было шмат, а цяпер гэта адзіная армія ДНР, сюды можна трапіць толькі праз ваенкаматы — яны ёсьць па ўсёй тэрыторыі «Наваросіі» (маецца на ўвазе, відаць, тэрыторыя ЛНР і ДНР. — РС) — або адразу ж наўпрост трэба сьпісвацца з камандзірамі, і калі камандзіры захочуць — яны возьмуць. А тады я сьпісаўся з камандзірам падразьдзяленьня і прыехаў сюды, прайшоў перападрыхтоўку. Я прыяжджаў як танкіст, а цяпер я ў разьліку «Ўцёса» (буйнакалібэрны кулямёт. — РС).
«Гіві і Матарола робяць сабе імя на жыцьці іншых хлопцаў»
— Што цябе больш за ўсё ўразіла, калі ты прыехаў на Данбас?
— Уразіла жорсткасьць людзей. Здавалася б, адны і тыя ж людзі, але адны спрабуюць абараніць свае дамы, а другія — зьдзекуюцца. Бачыш разбомбленыя вёскі, мы бачылі нават, як спальвалі людзей... Ну як можна дараваць такое?
— Ты лічыш, што вы ваюеце супраць фашыстаў, як кажа расейскае тэлебачаньне?
— Так. Гэта самы правільны выраз. Гэта фашызм у чыстым выглядзе.
— А ці ўсе, хто супраць вас ваюе, — фашысты? Ці ёсьць і звычайныя салдаты?
— Ёсьць, вядома. Я паважаю свайго ворага. Ёсьць добрыя і сумленныя ваяры. Яны ня стануць заходзіць у вёску і адразу ж заліваць яе крывёю. Ёсьць такія, хто проста бярэ тэрыторыю пад свой кантроль і паводзіць сябе нармальна.
— А сярод падразьдзяленьняў ДНР ёсьць такія, якія чыняць зьверствы?
— Так, ёсьць, ня буду адмаўляць гэтага. Таму што народу надакучыла. Тым больш што большасьць першапачаткова пайшлі ў апалчэньне (я бяру мясцовых — іх нават калі і трохі, усё роўна), бо самі пацярпелі — альбо разбомблены дом, альбо загінуў хтосьці з родных. Гэта значыць, у кожнага ёсьць свае прычыны на гэта. Таму сярод мясцовых ёсьць такія людзі, якія апускаюцца да гэтага. Але іх адразу імкнуцца ставіць на месца. У крайніх выпадках даходзіць аж да расстрэлу «па законах ваеннага часу».
— Табе даводзілася ваяваць пад камандай вядомых палявых камандзіраў — напрыклад, Гіві, Матаролы?
— Не, пад камандай Гіві і Матаролы не ваяваў. І не гару жаданьнем, бо камандзір камандзіру ня роўны. Ёсьць камандзіры, якія сапраўдныя, якім не абыякавыя лёсы людзей. А ёсьць такія, як Гіві і Матарола. Я не лічу іх аўтарытэтамі. Я лічу, што яны робяць сабе імя на жыцьці іншых хлопцаў. Так, ёсьць і сярод нас такія недакамандзіры. А я ваюю з камандзірам пад пазыўным «Мікалаеўскі» — камандзір добры, клапоціцца пра людзей.
Расейскай арміі няма. Але ёсьць «адпускнікі»
— Пра ўзбраеньне падразьдзяленьняў ДНР кажуць рознае. Расейскія СМІ кажуць, што ваююць ледзь ня зброяй часоў Другой сусьветнай вайны. А ва ўкраінскіх СМІ кажуць, што вы ўзброеныя да зубоў. Дзе праўда?
— Так, пачыналася ўсё са старой зброі. Тут ёсьць людзі яшчэ з часоў Славянску, яны спачатку бралі, што было — біты, абрэзы. Сам я яшчэ ў лютым быў з аўтаматычнай вінтоўкай СКС (самазарадны карабін Сіманава, прыняты на ўзбраеньне ў 1949 годзе. — РС). А цяпер узброены выдатна. Але зброя ў асноўным трафэйная.
— Расея аказвае вам ваенную дапамогу?
— Калі ты вядзеш да таго, ці ёсьць тут расейскія вайскоўцы, то няма. Тут ёсьць «адпускнікі». Так, ёсьць людзі, яны ў расейскай арміі, кантрактнікі, афіцэры. Але на час іх знаходжаньня тут яны ў адпачынку — яны там пішуць паперу на адпачынак і прыяжджаюць сюды. А потым, калі адпачынак канчаецца, зьяжджаюць назад.
— А зброю вам Расея пастаўляе?
— Вось гэтага ня ведаю. Я атрымліваю зброю ад свайго камандаваньня, а адкуль яна прыходзіць — гэтага я казаць ужо ня буду.
— Афіцыйна цяпер на Данбасе замірэньне. А якія настроі пераважаюць сярод байцоў? Яны хочуць адваяваць усю Данецкую і Луганскую вобласьць? Або галоўнае, каб усталяваўся трывалы мір?
— Шчыра кажучы, у гэтым пляне ніхто нічога не разумее. Так, афіцыйна мір, але мы як працягвалі біцца, так і працягваем. Народ, асабліва цывільныя, настроены на тое, каб гэта ўсё хутчэй спынілася. То бок няма такога пляну, каб адваёўваць далей зямлю. І, хутчэй за ўсё, усё на гэтым этапе і спыніцца, далей усё будзе вырашацца мірным шляхам.
— Як забясьпечваецца насельніцтва Данбасу прадуктамі? Голад ёсьць?
— Голад? Ну, ня тое каб усе тут такія ўбогія і бедныя. Але ў мноства народу няма ні працы, ні пэнсіяў, некаторым зарплаты не выдаюць на працы па 3–4 месяцы. Жывуць за кошт гуманітарнай дапамогі.
— А каго людзі вінавацяць у такім стане рэчаў? ДНР ці Ўкраіну?
— Шчыра кажучы, тут віна ідзе напалову. Віна Ўкраіны, што яны не даюць прадукцыю, не выплочваюць пэнсіі. А нашых вінавацяць за гэты прастой: маўляў, калі нам не даюць, то чаму б гэта ня ўзяць? Дый плюс ёсьць яшчэ раёны Данецку, якія да гэтага часу абстрэльваюцца — вінавацяць у гэтым таксама нас, апалчэньне. Маўляў, чаму вы не наступаеце і ня робіце так, каб яны не бамбілі мірныя раёны.
— А за што вы ўвогуле ваюеце? Якую дзяржаву вы хочаце пабудаваць?
— Ну, мне ўсё роўна, хто будзе тут прэзыдэнтам, якая будзе тут дзяржава. Я ваюю за народ, а народ ужо хай сам будуе дзяржаву, якую яны хочуць.
Першы бой і першы забіты ўкраінец
— Ці шмат беларусаў ваююць на баку ДНР?
— Не. У нас у падразьдзяленьні я адзін зь Беларусі. Але я ведаю, што на баку Ўкраіны можна сабраць больш за батальён. Гэта менавіта нацыяналісты.
— А чаму, на твой погляд, больш беларусаў едуць ваяваць за Ўкраіну, а не за ДНР?
— Ня ведаю. Тут выбар кожнага. Але факт у тым, што гэта нацыяналісты. Ім варта было б знаходзіцца ў Беларусі і падымаць дзяржаву, але не, яны вырашылі ваяваць за Ўкраіну. Якраз у гэтым выпадку гэта можна лічыць наёмніцтвам — яны проста ідуць за грошы.
— А ты хіба не наёмнік? На што ты наагул жывеш?
— Тут адзінае, што я атрымаў зь лютага — гэта ў траўні нам была матэрыяльная дапамога (атрымалі па 4000 рублёў). Ну, а цяпер павінна быць першая заработная плата наша — ну, проста як арміі ДНР нам ідзе заробак. Наёмніцтва — гэта калі ты атрымліваеш у дзясяткі разоў больш, чым рэгулярныя войскі. А мы атрымліваем ані ня больш, чым усе астатнія.
— Раскажы пра свой першы бой. Як гэта было?
— Было страшна, нават вельмі-вельмі. Было гэта на Стараміхайлаўцы. Мне яшчэ пашанцавала, што быў толькі стралковы бой, не было артабстрэлу. Таму што пры артабстрэле, калі ёсьць падразьдзяленьне і ў ім 70% новенькія, то гэтыя 70% адразу ж уцякуць. Артабстрэлы пераносяцца вельмі цяжка, яны ціснуць на псыхіку, некаторыя проста ўваходзяць у ступар — ня могуць нічога зрабіць. Мне ж пашанцавала. Атрымаў «па шчах», праўда, але пачаў думаць, і ўсё абышлося.
— А што ты адчуваў, калі забіваў першага ўкраінскага салдата?
— Шчыра сказаць, першы раз наагул нічога не адчуваеш. Таму што першы раз ты нават толкам не разумееш нічога. Першапачаткова мозг наагул не працуе, працуе цела толькі. Толькі пасьля бою пачынаюць уключацца мазгі, і ты разумееш, што калі б ня ты, то цябе. І добра, што ты, а не цябе.
«Вазьму зброю і прыму бок беларусаў»
— Чым ты займаўся да вайны?
— Адвучыўся, пайшоў у войска па ўласным жаданьні. Потым прыйшоў з войска — уладкаваўся на працу. Працаваў у будаўнічым упраўленьні. Здаецца, усё магло б быць добра, зьбіраўся ў Турцыю летам ехаць. Але пасьля таго як у студзені пачаліся рухі з Дэбальцаўскім катлом, я зразумеў, што проста так сядзець і глядзець на гэта — немагчыма.
— Як ставяцца да твайго ўдзелу ў вайне блізкія і сябры зь Беларусі?
— Большасьць мяне падтрымліваюць. Але ёсьць і тыя, хто вядуцца за СМІ, яны ўпэўненыя, што я тут тэрарыст, што я мірнае насельніцтва Ўкраіны забіваю. Ну як можна забыцца свае карані, як можна забыцца сваё мінулае? Адмовіцца ад свайго мінулага — гэта тое самае, што адмовіцца ад сваёй будучыні. Украіна ж проста спрабуе адмовіцца ад свайго мінулага. Каму яна патрэбная ў Эўропе? Ды абсалютна нікому, гэтак жа як і мы, беларусы. Як гэта ні сумна, і ў нас ёсьць тыя, хто імкнецца ў Эўропу.
— А калі ўявіць, што ў Беларусі да ўлады прыйдуць людзі, якія захочуць павесьці краіну ў Эўразьвяз, што ты ў такім выпадку будзеш рабіць?
— Я над гэтым пытаньнем ня думаў. Ну, так, калі гэта выбар народа — я толькі «за». Калі ўвесь народ хоча — пытаньняў няма. Але я думаю, што народ туды не захоча. Ну вось навошта нам Эўропа? Хіба мы дрэнна жывём? У нас чыстыя вуліцы, роўныя дарогі, у нас нармальная мэдыцына, добрая адукацыя. Навошта Эўропа? У Эўропе ёсьць краіны, якія жывуць у некалькі разоў горш за нас. І потым, Эўропа пастаянна ўсім указвае, што і як рабіць. Навошта ўказваць? Мы ня той народ, мы рускія, мы славяне, мы ня можам ісьці за нечымі ўказкамі пастаянна.
— А хіба Масква нікому ня ўказвае?
— Ёсьць такое, згодны, указвае. Але факт застаецца фактам — мы жывём жа добра. Наагул нядрэнна. І потым, усё гэта тут ідзе з падачы Эўропы і ЗША. Ну навошта нам гэтае кровапраліцьце? Няўжо гэта Расеі трэба было нацкоўваць брата на брата? Я ня бачу зацікаўленасьці Расеі ў гэтым.
— Ну, з Эўропай зразумела. А калі Расея захоча далучыць Беларусь, што будзеш рабіць?
— Я выберу бок Беларусі. Так, Расея — нашы браты. Але нават братам я не дазволю ўказваць нашаму народу, што рабіць. Народ павінен выбіраць сам. Нават брат ня мае права стаяць і ўказваць, што і як рабіць. Мы самі вырашым, што і як рабіць. Захочуць (беларусы. — РС) далучыцца — калі ласка. Не — значыць, няма чаго нам указваць. Я вазьму зброю і прыму бок беларусаў. Тут увогуле пытаньняў няма.
— А як ты ставісься да Аляксандра Лукашэнкі?
— Я падзяляю яго на чалавека добрага, які падняў краіну. Бо цяпер у Беларусі выдатна. У параўнаньні з тым, што адбываецца тут, Беларусь — гэта рай.
Але я падзяляю яго і на чалавека дрэннага. Вось, здавалася б, за што? За што мяне абвяшчаць наймітам, тэрарыстам? Я ж не падрываў дамы, не накіроўваў самалёты ў шматпавярховікі. Вось у гэтым — так, я зь ім ня згодны. Тут ён дрэнны.