Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баец атраду «Пагоня»: У выпадку ўварваньня мы будзем першымі, хто кінецца бараніць Беларусь


Беларускі салдат з украінскага добраахвотніцкага палку «Азоў», баец атраду «Пагоня» з пазыўным «Кім»
Беларускі салдат з украінскага добраахвотніцкага палку «Азоў», баец атраду «Пагоня» з пазыўным «Кім»

Эксклюзіўнае інтэрвію Свабодзе беларускага салдата з украінскага палку «Азоў», байца атраду «Пагоня» з пазыўным «Кім».

— Кім, у атрадзе нам паведамілі, што вы былі паранены пад Шырокіна. Калі і як гэта здарылася? І ці аднавіліся вы пасьля раненьня?

— Гэта адбылося 22 сакавіка. Падчас зьмены пазыцыі на правым флянгу перадавой лініі ў пасёлку Шырокіна трапіў пад агонь мінамётнай батарэі праціўніка, у выніку чаго атрымаў аскепкавае раненьне грудной клеткі (уратавала бронекамізэлька, аскепкі не закранулі жыцьцёва важныя органы) і кантузію.

Зрэшты, дзякуючы прафэсіяналізму вайсковых лекараў я ўжо празь месяц зноў быў у страі.

— Як доўга вы ў зоне АТА?

— Ужо практычна год. Цяпер служу ў Марыюпалі.

— Чаму вырашылі паехаць на вайну?

— Кожны добраахвотнік прыходзіць на вайну са сваіх уласных прычын. Ня стаў выключэньнем і я. І прычын гэтых велізарнае мноства.

Па-першае, ува мне цячэ і ўкраінская кроў, бо мае далёкія сваякі былі ўкраінцамі.

Па-другое, крэўныя рахункі з камуністамі. Нямала ні ў чым не вінаватых людзей былі забітыя, кінутыя ў турмы і сасланыя. Не абмінула гэта і маю сям’ю. Цяпер жа Расея як правапераемнік «саўка» праяўляе агрэсію і коціцца ў «чырвоную прорву».

Па-трэцяе, цяпер вайна ідзе ня толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь. Калі не спыніць расейскую пуцінскую арду цяпер, то наступнай можа стаць наша з вамі краіна. Нарошчваньне вайсковай моцы Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку і ў Беларусі, пра гэта яскрава сьведчыць.

— Чым займаліся да гэтага? Адкуль вы? Колькі вам гадоў?

— Мне 22 гады. Гэта ўсё, што я магу сказаць.

— Ці цяжка трапіць у атрад «Пагоня»?

— На дадзены момант для пачатку трэба прайсьці шэраг праверак унутры атраду. Калі да чалавека пасьля праверак пытаньняў няма, ён адпраўляецца ў той ці іншай батальён або полк, дзе, у сваю чаргу, ён павінен выканаць патрабаваньні пры ўступленьні ў структуру, у першую чаргу фізычныя. Атрад «Пагоня» — не асобнае вайсковае падразьдзяленьне і ніколі такім ня быў. Нашы байцы былі ў розных украінскіх батальёнах.

— Узгадайце ваш першы бой. Як гэта было? Што вы адчувалі, калі ўпершыню стралялі ў чалавека?

— Першы бой для практычна любога чалавека, хай нават і выдатна падкаванага тэарэтычна, — сумесь жывёльнага страху, неразуменьня таго, што адбываецца, агню, зямлі і бэтону.

Галоўнае ў такой сытуацыі — вопытныя браты па зброі або камандзір, які выведзе са стану здранцьвеньня цябе і арганізм. А далей самае галоўнае — не губляць галавы і ўважліва слухаць указаньні дасьведчаных байцоў.

Што тычыцца адчуваньняў у пляне першай стральбы са зброі ў баявой сытуацыі — то ў мяне ў галаве была толькі адна думка: «Альбо ты, альбо цябе». Зрэшты, я ні пра што не шкадую.

— Вам прыходзілася ваяваць непасрэдна супраць кадравых расейскіх вайсковых частак?

— Так, даводзілася. Наагул, у «оркаў» ёсьць выразная градацыя. Звычайныя атрады сэпаратыстаў ніколі не атрымаюць узбраеньне буйнейшае за кулямёт або мінамёт-васьмідзясятку. А далей — здагадайцеся самі.​

— Вы ніколі не шкадуеце, што паехалі на вайну?

— Мой прыезд на вайну быў абсалютна абдуманы і ўзважаны. Пакуль што, на шчасьце, ні пра што шкадаваць не даводзілася. Больш за тое, менавіта тут, на вайне я сустрэў сваіх самых блізкіх сяброў, якія яшчэ і мае браты па зброі.

— Вядомы расейскі незалежны ваенны карэспандэнт Аркадзь Бабчанка кажа, што празь нейкі час на вайне патрыятычная або ідэалягічная матывацыя ў салдата зьнікае і ён ужо ваюе проста «за сябе і за таго хлопца, які побач»? Ці згодны вы з гэтым? Ці сапраўды празь нейкі час у людзей на вайне зьяўляюцца ўжо зусім іншыя матывацыі?

— Толькі часткова. Як мне дакладна вядома, такая сытуацыя якраз назіраецца ў тэрарыстаў. Многія зь іх ужо даўно страцілі матывацыю і ваююць, хутчэй, стыхійна і па звычцы.

З украінскага боку такога ў добраахвотніцкіх падразьдзяленьнях не назіраецца. Хлопцы ўсё гэтак жа гатовыя аддаваць жыцьці за кожны сантымэтар сваёй зямлі. А час гуляе нам на карысьць. Бо менавіта вайна зьвязвае людзей значна больш трывалымі повязямі, чым проста служба або сяброўства. Байцы становяцца адной сям’ёй. А гэта надзвычайны дадатковы стымул.

— Як пабудавана структура атраду «Пагоня»? Як каардынуецца дзейнасьць атраду?

— Я ў атрадзе з самага пачатку, але нават я валодаю далёка ня ўсёй інфармацыяй пра тое, што адбывалася ці што адбываецца ўнутры атраду. Дзеля бясьпекі ад самага пачатку структура атраду была збудаваная так, што кожны яго ўдзельнік валодаў толькі той інфармацыяй, якая была непасрэдна яму неабходная. Так, напрыклад, байцы атраду з аднаго батальёну ня ведалі байцоў атраду зь іншага батальёну. Людзі, якія ўнутры атраду займаліся валянтэрствам, дапамогай байцам атраду, ведалі толькі некалькіх байцоў, зь якімі непасрэдна працавалі. Пра тое, якім чынам адбываецца каардынацыя, гаварыць бы не хацелася — зноў жа дзеля бясьпекі.

Байцы добраахвотніцкага палку «Азоў»
Байцы добраахвотніцкага палку «Азоў»

— Як вы трапілі ў полк «Азоў»? Чаму менавіта гэтае падразьдзяленьне вы абралі?

— Я трапіў у «Азоў» на падставе адбору, які быў адзіны для ўсіх. Полк заўсёды, з самых першых дзён, быў адным з самых дысцыплінаваных і вывераных. Выпадковых людзей тут ніколі не было і ня будзе.

Дысцыплінаванасьць (у тым ліку поўная забарона на алькаголь і наркотыкі), магутная ідэалягічная падаплёка, вывераныя і шматлікія трэніроўкі, атмасфэра адзінай сям’і, «неадарванасьць» камандзіраў ад байцоў — усё гэта і многае іншае рабілі і робяць «Азоў» адным з самых, калі ня самым баяздольным падразьдзяленьнем Украіны.

— Колькі беларусаў ваюе ў «Азове» і якія страты яны панесьлі за час вайны?

— Пра дакладную колькасьць беларусаў я казаць не магу, дый ня бачу сэнсу. Што тычыцца стратаў, то «грузаў 200», на шчасьце, не было. Падчас Шырокінскай апэрацыі некалькі чалавек атрымалі нязначныя раненьні і лёгкія кантузіі.

— Наагул, як вы ацэньваеце колькасьць беларусаў, якія ваююць у Данбасе?

— На дадзены момант — каля 40 чалавек. Шмат хто зь беларусаў, якія ваявалі на пачатку вайны, ужо не ваюе. Колькасьць, вядома ж, была б нашмат большая, калі б быў прыняты закон аб грамадзянстве для замежных удзельнікаў АТА.

— Як ставіцца да беларусаў-добраахвотнікаў мясцовае насельніцтва на Данбасе?

— На жаль, сярод мясцовага насельніцтва да гэтага часу застаецца шмат тых, хто падтрымлівае Расею і іхні ўлюбёны «савок». Але ў большасьці выпадкаў людзі, чуючы лёгкі акцэнт, зьдзіўлена просяць распавесьці, як так атрымалася, што беларус абараняе Ўкраіну. Радуе тое, што многія людзі жадаюць посьпехаў, здароўя, цікавяцца, як можна дапамагчы і гэтак далей.

— У беларускім грамадзтве ставяцца да ўдзелу беларусаў у вайне ва Ўкраіне неадназначна. Некаторыя кажуць, што Ўкраіну гэта ўсё роўна не ўратуе, а для саміх добраахвотнікаў і ў цэлым для беларускага грамадзтва гэта будзе мець дрэнныя наступствы. Што б вы адказалі на гэта?

— Як людзі, якія чулі і бачылі вайну толькі ў фільмах, могуць пра нешта казаць?

Атрад «Пагоня» не зьбіраўся і не зьбіраецца прымаць удзел у беларускіх палітычных ігрышчах. Кожны з нас — прафэсійны баец і воін. І я ад імя шмат каго з нас магу паабяцаць, што ў выпадку ўварваньня агрэсара мы будзем адным зь першых падразьдзяленьняў, якое кінецца абараняць родную зямлю. І рабіць гэта ня горш, а шмат у чым і лепш, чым вялікая частка беларускай арміі — тыя, хто ніколі ня бачыў вайны і вывучае савецкую тактыку, якая вось ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў наўрад ці карысная.

— Якія палітычныя погляды пераважаюць сярод байцоў атраду? І якіх поглядаў прытрымліваецеся асабіста вы?

— Абсалютна ўсе хлопцы — патрыёты сваёй краіны. Мы ўсе нацыяналісты ў добрым сэнсе гэтага слова. Захаваньне нацыянальнай культуры, традыцыяў, гісторыі (па-сапраўднаму вялікай) і самасьвядомасьці. Гэта тое, за што павінен змагацца кожны народ. Нейкіх празьмерных ультра-настрояў няма і не было.

Што тычыцца асабіста мяне, то я прыхільнік абмежаванай дэмакратыі. Я ня маю нічога супраць геяў, але не падтрымліваю ўсынаўленьня імі дзяцей. Я ня супраць нацыянальных меншасьцяў, а за ўзмацненьне жорсткасьці міграцыйнага заканадаўства. Я ня супраць дэмакратыі, а за пазбаўленьне яе ад некаторага абсурду.

— Што за людзі звычайна едуць ваяваць зь Беларусі на Данбас? Ці можна скласьці іх нейкі агульны партрэт?

— Людзі абсалютна «разнамасныя». Радуе, што ёсьць і прадстаўнікі старэйшага пакаленьня.

Але што тычыцца большасьці, то гэта маладыя хлопцы ва ўзросьце 20–25 гадоў, выдатна падрыхтаваныя як маральна і ідэалягічна, так і фізычна.

— Ці зьбіраецеся вы вяртацца ў Беларусь? Ці баіцеся перасьледу з боку КДБ?

— Калі зьявіцца такая магчымасьць — абавязкова вярнуся дадому. А астатняе пакажа час.

— Калі вы ўсё ж такі вернецеся ў Беларусь, чым будзеце займацца?

— Паспрабую вярнуцца ў сваю прафэсію, якая была ня толькі маёй працай, але і хобі.

Хоць, вядома, хацелася б і паслужыць у нейкім з элітных падразьдзяленьняў у Беларусі. Вось толькі цяперашняя ўлада наўрад ці зможа ацаніць і прыняць карысьць ад чалавека, які прайшоў вайну.

— Цяпер у Беларусі ідзе выбарчая кампанія. Як вы лічыце, беларусам трэба ў сёньняшняй сытуацыі выходзіць на Плошчу?

— Беларусы чарговы раз абяруць Лукашэнку большасьцю. Вядома, падтасоўка галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах была заўсёды, але народ усё роўна ішоў і пойдзе на ўчасткі, каб паставіць запаветную галачку за дзейнага прэзыдэнта. І проста таму, што апазыцыя развалілася канчаткова і беспаваротна. Асобы, якія зь сярэдзіны 90-х крычаць адны і тыя ж словы, выклікаюць больш агіду, чым жаданьне хоць бы паспрабаваць даслухаць іх гаворку да канца. Лідэры апазыцыі канчаткова страцілі сувязь з рэальнасьцю, а самае галоўнае — з народам. Іх даўно перасталі цікавіць людзі.

Самы просты прыклад. Усе літаральна крычаць, што ў краіне ўсё дрэнна, нічога няма і наагул надыходзіць капец. І тут узьнікае рэзоннае пытаньне: а што перашкаджае дапамагчы людзям? У штабах кожнага з кандыдатаў у прэзыдэнты ёсьць некалькі дзясяткаў прафэсійных юрыстаў, эканамістаў, палітолягаў і гэтак далей. Дык што ж перашкаджае ім прапанаваць свой плян ратаваньня краіны хаця б цяпер, напярэдадні выбараў? Дзе сацыяльныя праграмы, дзе рэальныя ініцыятывы па працы з пакрыўджанымі пластамі насельніцтва?

На жаль, апазыцыя даўно ўжо зацікаўленая толькі ў самім палітычным працэсе, а не ў яго выніку.

Дык за каго простым людзям выходзіць на гэтую самую Плошчу?..

А ўлада застанецца каля стырна да таго часу, пакуль на стале будзе міска кашы і кавалак хлеба, праца будзе хоць якая, а тэлевізар будзе радасна рапартаваць пра колькасьць шайбаў, забітых Лукашэнкам у чарговым паказальным хакейным матчы.

— Вы сымпатызуеце якому-небудзь беларускаму палітыку?

— З усіх палітыкаў мне сымпатычныя толькі два чалавекі: Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG