Мікола Статкевіч аштрафаваны на 40 базавых велічынь (7,2 млн. рублёў) на падставе ч. 2 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня).
Такое рашэньне прыняў 22 верасьня суд Цэнтральнага раёну Менску. Гэта максымальны штраф па дадзеным артыкуле. Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Пікет «За сумленныя і свабодныя выбары» з удзелам былога палітвязьня Міколы Статкевіча прайшоў 10 верасьня каля ГУМа. Тады ж на Статкевіча склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.
Статкевіч на судзе не прысутнічаў, бо даведаўся пра яго толькі напярэдадні, вярнуўшыся ў Беларусь з-за мяжы.
Камэнтуючы рашэньне пра штраф, Статкевіч іранічна назваў яго «чарговай праявай» дэмакратычнасьці і законнасьці «беларускага суду».
«Без уручэньня позвы, без адваката, без адказчыка, без правапарушальніка ў адзіночку зьбіраюцца самі з сабой і выносяць нейкія рашэньні. Яны і далей могуць гэтым займацца, а я буду займацца сваёй справай, працаваць для дэмакратыі ў Беларусі, у тым ліку і для таго, каб у Беларусі зьявіўся нармальны суд, які заслугоўвае даверу грамадзян, адпавядае рэальным прававым нормам, а не працуе па прынцыпе «чаго жадаеце», — заявіў палітык.
На думку Статкевіча, гэты суд задуманы дзеля таго, «каб напалохаць людзей, якія зьбіраюцца прыйсьці 23 верасьня на плошчу Свабоды на сустрэчу выбаршчыкаў».
«Відаць, яны баяцца, што ўзровень страху ў грамадзтве зьмяншаецца, што прыйдзе шмат людзей. Таму яны вырашылі спалохаць, але не мяне, а людзей. Я не баюся, і вы ня бойцеся, колькі можна баяцца? Бяз страху жыць нашмат здаравей і прыемней. Сьмешна спалохаць мяне пасьля ўсяго таго, што было. Я нядаўна палічыў, што правёў сем гадоў пад разнастайнымі відамі абмежаваньняў, пачынаючы ад адміністрацыйных», — сказаў былы палітвязень.
Статкевіч заявіў, што мае намер абскардзіць рашэньне суду.
«Буду абскарджваць. Таксама пагрызу ім трохі нэрвы», — сказаў палітык.
У дачыненьні да іншага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева таксама вядзецца працэс аб адміністрацыйным правапарушэньні, прадугледжаным ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Пратакол быў складзены на тым самым пікеце «За сумленныя свабодныя выбары!», які прайшоў 10 верасьня каля ГУМа.
Паводле позвы, якую даслалі Някляеву, ён павінен быў зьявіцца 22 верасьня да 11.00 у Цэнтральны РУУС. Аднак калі палітык туды прыбыў, супрацоўніка, якая падпісаў позву, на месцы не аказалася. Чакаць палітык адмовіўся.
Някляеў заявіў, што, нягледзячы на распачатую ў дачыненьні да яго адміністрацыйную справу, ён мае намер узяць удзел у акцыі апазыцыі 23 верасьня на плошчы Свабоды.
«Працэс аб адміністрацыйным правапарушэньні, распачаты ў дачыненьні да мяне і іншых апазыцыйных палітыкаў падчас выбарчай кампаніі, — гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што вольнага выяўленьня грамадзянскай пазыцыі, а значыць, правядзеньня свабодных выбараў беларускія ўлады не дапускаюць», — сказаў Уладзімер Някляеў.