На Мікалая Статкевіча, які арганізаваў у Менску несанкцыянаваны пікет за свабодныя выбары, склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.
Пратакол складаў лейтэнант міліцыі, якому палітык аддаў пашпарт, каб не адрывацца ад гутаркі з грамадзянамі.
Паэт і палітык Уладзімер Някляеў заявіў, камэнтуючы сытуацыю, што грамадзяне падчас выбарчай кампаніі маюць права выказваць сваё меркаваньне ня толькі словам, але і справай. Міліцыянт папярэдзіў, што акцыя не санкцыянаваная, і параіў разыходзіцца, пасьля чаго пайшоў, перадае БелаПАН.
Статкевіч заявіў, што дзень выбараў 11 кастрычніка ў палітычным пляне яго не цікавіць, аднак да гэтага дня ён і яго паплечнікі маюць намер запрашаць на вулічныя сустрэчы «кандыдата Лукашэнку».
На пікет прыйшоў Аляксей Міхалевіч, які вярнуўся некалькі дзён таму з эміграцыі. Ён заявіў, што не зьбіраецца ні за што агітаваць, а проста хоча паназіраць.
На месцы акцыі прысутнічаў і мужчына з афіцыйным чырвона-зялёным сьцягам і партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Ён назваўся індывідуальным прадпрымальнікам. Мужчына скандаваў «Жыве Беларусь! Жыве Лукашэнка!». Ён заявіў, што Статкевіч павінен падзякаваць Лукашэнку за тое, што той выпусьціў яго з турмы. У той жа час мужчына ня бачыць нічога дрэннага ў тым, што ў цэнтры Менску прадстаўнікі апазыцыі праводзяць пікет: «Гэта дэмакратычная краіна».
Людзі, якія сабраліся каля ГУМа, рэагавалі на мужчыну па-рознаму. На нэгатыўныя выказваньні ён адказваў: «Не перажывайце, пасьля выбараў будуць рэформы».