Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў з адэскага шпіталя: У мяне недзе 8 новых дзірак, але косткі цэлыя


Васіль Парфянкоў, архіўнае фота
Васіль Парфянкоў, архіўнае фота

Карэспандэнт Свабоды дазваніўся да Васіля Парфянкова, які пасьля раненьня ляжыць у шпіталі ў Адэсе.

— Васіль, як пачуваецеся?

— Ды ўжо лепш, пайшло на папраўку. Лекары кажуць, што адляжуся месяц, і ўсё будзе добра. Тады зноў паеду на фронт, што тут рабіць.

— Якія ў вас раненьні?

— Ногі пабіла аскепкамі. У мяне недзе 8 новых дзірачак, лекары іх мажуць рознымі мазямі, каб не было загнаеньняў, аскепкі дасталі, раны зажываюць. Косткі цэлыя, таму ўсё будзе добра.

— У вас жа там у Пясках нібыта было перамір’е, чаму ўвязаліся ў бой?

— Так, было перамір’е з канца жніўня, а 13 верасьня мы ўтрох пайшлі ў выведку на нэўтральную паласу, паглядзець, як там нашы «сябры»-сэпаратысты, што яны новага прыдумалі. Але яны нас «засеклі», пачалі па нас работаць з АГСу, зачапілі аднаго з нашых. Мы яго выносілі і зачапілі расьцяжку. Выбух і раненьне.

— Было балюча?

— Ды не, толькі адчуў удар. Стала балець потым, калі выносілі і павезьлі ў шпіталь, бо на месцы не было абязбольвальных сродкаў. Шок стаў праходзіць, і пачало балець.

— Былі зьвесткі, што адзін з вас паранены сур’ёзна і трапіў у рэанімацыю. Які яго стан?

— Цяпер лепш. Мы ўсе 5 параненых спачатку трапілі ў рэанімацыю, нам зрабілі апэрацыі і перавялі па розных палатах. Гэта было ў Днепрапятроўску. А я цяпер тут, у Адэсе.

— Ці праўда, што вас беспілётнік зьмеціў?

Васіль Парфянкоў у шпіталі
Васіль Парфянкоў у шпіталі

— Не, гэта яны паслалі да нас бесьпілётнік, калі адбыўся выбух. Ну, прыляцеў ён і паляцеў далей. Мы былі на нэўтральнай паласе, бліжэй да іх лініі, прыгатаваліся даць бой, калі нас паспрабуюць захапіць. Але нам на дапамогу прыйшлі, ужо ва ўсю стралялі з двух бакоў, і нам удалося выйсьці ўсім.

— Ці праўда, што вашы паклалі трох сэпаратыстаў?

— Сам гэтага ня бачыў. Пасьля таго, як нас, параненых, вынесьлі, бой яшчэ працягваўся, нашых хлопцаў тым было шмат, а гэта такія хлопцы, што нікому не саступяць.

— Якія ўмовы ў шпіталі? Паёк добры?

— Умовы тут нармальныя, лечаць як трэба. Харчаваньне таксама прымальнае, да таго ж да мяне валянтэры ходзяць, прыносяць падмацаваньне. Журналісты ідуць, вось якраз цяпер тут адбываецца фотасэсія. Ужо дзеці былі, гімназісты, — таксама падтрымліваюць. Але ж вы як будзеце пра мяне пісаць, дык ні ў якім разе не пішыце, што нібыта нагу згубіў — нічога гэтага няма. А то бацьку званіў, дык ён нэрвуецца, ужо хацеў да мяне ехаць. Ня трэба за мяне непакоіцца, усё са мной нармальна. Вось адляжуся — і зноў на фронт паеду.

— Якая абстаноўка на фронце, прынамсі там, у вас, у Пясках?

— Ужо казаў, што з канца жніўня пачалося перамір’е. Спачатку ў іх быў дзень гораду і дзень шахцёра, дык папрасілі захоўваць цішыню, потым было 1 верасьня, дзеці ў школу пайшлі, зноў усе прытрымліваліся цішыні, потым у вас у Менску былі чарговыя перамовы па Ўкраіне — зноў мірыліся. А што цяпер будзе, ня ведаю. Не падобна на тое, каб зусім яны супакоіліся. Паглядзім.

— Ці зьмянілася да лепшага забясьпячэньне войскаў, якія удзельнічаюць ў АТА?

— У нас як было забяспячэньне ў асноўным валянтэрамі, гэтак і засталося. Што вы хочаце, калі тая ж вайсковая форма па норме мяняецца усяго раз на паўгоўду, але насамрэч на вайне яна зношваецца за месяц? Толькі валянтэры і могуць дапамагчы.

— А жаданьне змагацца за Ўкраіну яшчэ засталося, ці яно выціскаецца расчараваньнем?

— Не, тыя, хто там наперадзе, — як стаялі, гэтак і будзем стаяць. Добраахвотніцкія батальёны нібыта адвялі, але дабраахвотніцкія разьдзелы засталіся, толькі яны мусяць ваяваць пад нейкім «дахам» — усіх нюансаў раскрываць ня буду. Але як ваявалі, гэтак і будзем ваяваць.

— У шпіталі няма праблемаў са статусам?

— Тут ёсьць такая рэч, што ў шпіталь прыходзяць з вайсковай паліцыі й запісваюць, зь якой ты часткі. У Днепрапятроўску, калі толькі параненыя прыбываюць, такое было. Але тут да мяне не прыходзілі.

— Дык лечаць як ваеннага ці як грамадзянскага, які чамусьці пацярпеў ад выбуху?

— Не, мяне лечаць як ваеннага. Ставяцца з павагай, дзякуй, ўсё добра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG