«Васіль пайшоў выцягваць параненага і сам быў паранены», — валянтэрка Людміла Чабан з Адэсы распавяла Свабодзе пра Васіля Парфянкова.
Людміла Чабан — тая самая жанчына, што на фатаздымку з параненым Васілём Парфянковым. Яна апякуецца беларускім байцом і распавяла карэспандэнту Свабоды, як ён сябе адчувае і што казаў пра раненьне.
— Як Васіль? Цудоўны хлопец, ужо весяліць нас усіх, папрасіў мыліцы, хутка будзе хадзіць. Да нас у Адэсу яго прывезьлі з Днепрапятроўску.
Я валянтэрка, дапамагаю ў тым ліку ў забесьпячэньні нашых хлопцаў на фронце. Дык мне пазваніў адзін наш камандзір і сказаў, што да нас у Адэсу прывезьлі чатырох параненых хлопцаў, каб прыгледзелі за імі. Яшчэ быў пяты паранены, ён самы сур’ёзны, яго пакінулі ў Днепрапятроўску.
Другі дзень, як мы апякуемся Васілём. Хадзіла на рынак, купіла яму бананаў, садавіны, мабільны яму купіла, вось толькі нумар забыла перапісаць, пазьней даведаюся. У яго ногі параненыя, але, дзякаваць Богу, ня моцна, аскепкамі. Ужо папрасіў мыліцы, будзе хадзіць па калідоры на мыліцах. Зь ім будзе ўсё добра, не перажывайце за яго.
Што Людміла Чабан ведае пра бой, у якім Васіль Парфянкоў атрымаў раненьне? Паводле суполкі ў Фэйсбуку «Згуртаваньне Патрыётаў», 13 верасьня ў Пясках адбыўся бой паміж сэпаратыстамі і батальёнам АУН. У выніку былі забітыя тры баевікі, некалькі байцоў АУН атрымалі раненьні. Сярод іх — Васіль Парфянкоў з пазыўным «Сябра». «Пасьля спрацоўваньня сыгнальнай ракеты хлопцы высунуліся на перахоп варожай ДВГ (дывэрсійна-выведная група), адбыўся кантактны бой, нашых абстралялі з АГСа (гранатамёт — РС), пяцёра параненыя», — гаварылася ў паведамленьні.
Людміла Чабан дадала да гэтых зьвестак тое, што чула ад Васіля Парфянкова.
«Як я зразумела, непасрэдна яго параніла, калі ён пайшоў выцягваць з поля бою параненага сябра. А пачалося з таго, што іх „засёк“ дрон сэпаратыстаў, бесьпілётнік. Яны пачалі па ім страляць, тут іх накрылі агнём, а потым іх падтрымалі агнём па сэпаратыстах нашы вайскоўцы, і ў выніку сэпаратысты папрасілі спыніць агонь. Ці балюча было Васілю, калі яго паранілі? Нічога не казаў. Спытаю пры сустрэчы».
Людміла Чабан — трэнэр па каноэ, яна маці і першы трэнэр алімпійскага чэмпіёна Алімпіяды 2012 году ў Лёндане. Яе сын Юры Чабан перамог на дыстанцыі 200 мэтраў у веславаньні на каноэ.
Людміла Чабан сказала, што далучылася да валянтэрскага руху пасьля падзеяў 2 траўня 2014 году ў Адэсе, калі на маршы за незалежнасьць Украіны правакатары ўчынілі сутыкненьні і стралялі па дэманстрантах.
«Калі б мы тады не абаранілі Адэсу, у нас было б тое самае, што цяпер на Данбасе. А цяпер ужо не, яны ня пройдуць. Дарэчы, мой пазыўны сярод нашых вайскоўцаў — „Пані Глорыя“», — кажа Людміла Чабан.