Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты цыкль у Лізе чэмпіёнаў БАТЭ пачаў з буйной паразы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Футбольная каманда БАТЭ з Барысава пяты раз у сваёй гісторыі стартавала ў самым прэстыжным клюбным турніры Старога сьвету — Лізе чэмпіёнаў.

Першым супэрнікам беларусаў на групавой стадыі быў адзін зь лідэраў нямецкай Бундэслігі — «Баер» зь Левэркузэну. Паралельна ўключыліся ў барацьбу і іншыя канкурэнты з квартэту Е — гішпанская «Барсэлёна» і італьянская «Рома». Нягледзячы на салідны досьвед выступаў у неафіцыйным клюбным чэмпіянаце Эўропы, у кампаніі куды больш тытуляваных супэрнікаў выхаванцы спачатку Віктара Ганчарэнкі, а цяпер ягонага наступніка Аляксандра Ермаковіча намагаюцца гуляць, як кажуць, другім тэмпам. Не стала выключэньнем і ўчорашняя сустрэча на «Бай-Арэне»: барысаўцы хоць і намагаліся супрацьстаяць левэркузэнцам, аднак розьніца ў клясе прывяла да лягічнага фіналу — параза зь лікам 1:4. Паказальна, што за 90 хвілін беларусы толькі двойчы накіравалі мяч у бок варотаў, а вось на рахунку немцаў адрасных удараў у 10 разоў больш.

Зрэшты, было б дзіўна, каб пры няроўных сэлекцыйных магчымасьцях усё скончылася інакш. Так, самы дарагі гулец у нямецкім клюбе паўабаронца Ларс Бэндэр, за якога на трансфэрным рынку просяць 22 мільёны эўра, каштуе больш, чым усе футбалісты БАТЭ разам, якія ацэньваюцца ў 18 мільёнаў эўра. Але, відаць, справа ня толькі ў грашах.

Чаго не хапае беларускаму чэмпіёну, каб годна супрацьстаяць імянітым супэрнікам? Бракуе тэхнічнай падрыхтоўкі ці ўзьнікаюць праблемы з самааддачай? Меркаваньне выказвае аўтарытэтны футбольны адмысловец, заслужаны трэнэр Беларусі Леанід Гарай:

«Разумееце, самааддача ў такіх матчах павінна быць апрыёры. Ніхто гэтага нават не аспрэчвае, бо гульцы абараняюць гонар краіны, ня толькі сваёй каманды. Але дзеля таго, каб рабіць гэта годна, патрэбны адпаведны ўзровень падрыхтоўкі. Вобразна кажучы, форвард можа самааддана бегаць па полі, насіцца, як шалёны, а мяч ад партнэраў так і не атрымаць. То бок, калектыў павінен працаваць як адзіны мэханізм: быць падрыхтаваным тэхнічна, тактычна і, само сабой, дэманстраваць валявыя якасьці. Прынамсі тры гэтыя якасьці у арсэнале мець неабходна.

Можна быць падрыхтаванымі добра фізычна — а я не сумняюся, што беларусы фізычна моцныя яшчэ ад моманту маёй актыўнай дзейнасьці за савецкім часам — затое саступаць у тэхніцы выкананьня. І гэта відавочна. Пагадзіцеся, усё ж паўднёваамэрыканскія футбалісты, якія ўзмацнілі шмат якія эўрапейскія каманды, дэманструюць тэхніку на парадак вышэйшую за нашых хлопцаў. Бо мяч можна трымаць, рабіць дакладныя перадачы, калі ты валодаеш адменнай тэхнікай. Хай ня крыўдзяцца нашы гульцы, але што гэта за ўзровень, калі спрабуюць спыніць мяч, а ён адскоквае на 2-3 мэтры, як ад сьцяны? Зразумела, супэрнік яго падхоплівае, пачынае контаратаку. Так што трэба адточваць перадусім індывідуальнае майстэрства».

У папярэдніх лігачэмпіёнскіх цыклях БАТЭ толькі зрэдку пасяляў спадзевы ў душы заўзятараў. Найлепш гучна ўдалося пра сябе заявіць ў сэзоне 2012/2013: гасьцявая перамога над французскім «Лілем» (1:3), а літаральна праз два тыдні яшчэ больш сэнсацыйны выйгрыш у Менску у матчы з нямецкай «Баварыяй» (3:1). Праўда, на большае ўнутраных рэзэрваў не хапіла, але і гэтага аказалася дастаткова, каб з трэцяга месца працягнуць выступ у Лізе Эўропы.

У 2008-м, калі БАТЭ дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў, была зафіксаваная «пачэсная параза» у Мадрыдзе ад «Рэала» зь лікам 2:0. Затое ў наступнай хатняй гульні быў дадзены бой італьянскаму «Ювэнтусу» 2:2. Па выніках групавога розыгрышу — апошні радок, як і ва ўсе наступныя разы. У сэзоне 2011/2012 у першым матчы БАТЭ згуляў унічыю з чэскай «Вікторыяй» (1:1), пасьля чаго без варыянтаў прайграў у хатніх сьценах «Барсэлёне» (0:5).

Самым няўдалым аказаўся папярэдні сэзон, па выніках якога барысаўская каманда ўсталявала антырэкорд Лігі чэмпіёнаў у колькасьці прапушчаных мячоў — 24 «прабоіны» у шасьці сустрэчах. Спачатку разгромна прайгралі на выезьдзе партугальскаму «Порту» (0:6), пасьля двойчы ўкраінскаму «Шахтару» — 0:7 у Барысаве і 0:5 у Львове. Завяршыўся пакутлівы сэзон двума «сухімі» мячамі ад гішпанскага «Атлетыка».

У чароўнае пераўвасабленьне БАТЭ пасьля леташняй няўдачы верылі адданыя заўзятары, але адпачатку сумняваліся букмэкерскія канторы: безумоўным фаварытам сустрэчы лічыўся «Баер». Праўда, пры іншым сыходзе (як здарылася два гады таму ў супрацьстаянні з «Баварыяй») можна было «азалаціцца»: «Bwin»: перамога «Баера» — 1,25, нічыя — 6,00, перамога БАТЭ — 13,50. «William Hill»: перамога «Баера» — 1,25, нічыя — 5,50, перамога БАТЭ — 13,00. «Марафон»: перамога «Баера» — 1,24, нічыя — 6,60, перамога БАТЭ — 16,00.

Праўда, цуда не здарылася і стаўкі ўжо прымаюцца на наступную сустрэчу, якую беларусы правядуць 29 верасьня ў Барысаве супраць італьянскай «Ромы». Намінальным фаварытам лічацца госьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG