Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэбаты пройдуць, але, відаць, зноў без Лукашэнкі


(Зьлева направа) Міхаіл Орда, Тацяна Караткевіч і Сяргей Гайдукевіч падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты ў Цэнтравыбаркаме. 10 верасьня 2015 году
(Зьлева направа) Міхаіл Орда, Тацяна Караткевіч і Сяргей Гайдукевіч падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты ў Цэнтравыбаркаме. 10 верасьня 2015 году

Кандыдаты Сяргей Гайдукевіч і Тацяна Караткевіч хочуць удзельнічаць у тэледэбатах.

Кандыдаты на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч і Тацяна Караткевіч падалі афіцыйныя заяўкі на ўдзел у тэледэбатах.

Дакумэнты паступілі ў Белтэлерадыёкампанію, якая паводле даручэньня Цэнтральнай выбарчай камісіі займаецца арганізацыяй выступаў і дэбатаў.

Цэнтравыбаркам прадугледзеў, што тэледэбаты могуць адбыцца, калі пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у іх заявяць як мінімум два кандыдаты. Такім чынам, гэтая ўмова выкананая. Што тычыцца яшчэ двух кандыдатаў — Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Ўлаховіча, то ў іх ёсьць яшчэ трохі часу, бо апошні дзень падачы заяўкі на дэбаты — 18 верасьня.

Кіраўнік выбарчага штабу Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў пацьвердзіў жаданьне кандыдаткі паспрачацца са сваімі канкурэнтамі:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Вельмі шкада, што Лукашэнка не падаў заяўку на дэбаты. Бо насамрэч дэбатаваць трэба найперш зь ім. Яму не патрэбна рабіць выгляд, што ён тут над усімі. Ён гэткі самы кандыдат, як і ўсе іншыя. Мне падаецца, што сёньня да яго вельмі шмат пытаньняў. І ўсе хацелі б пабачыць гэтыя дэбаты — паміж Караткевіч і Лукашэнкам».

Сын Сяргея Гайдукевіча Алег, першы намесьнік бацькі ў Лібэральна-дэмакратычнай партыі, сказаў Свабодзе, што кандыдат на прэзыдэнта вельмі адказна ставіцца да ўдзелу ў тэледэбатах:

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

«Яны даюць магчымасьць праз тэлебачаньне яшчэ раз пабыць з насельніцтвам. Мы разглядаем іх як яшчэ адзін дадатковы выступ на тэлебачаньні. Па-другое, праз дэбаты мы хочам паказаць перавагу нашага кандыдата над іншымі. І па-трэцяе, мы б хацелі, каб усе кандыдаты ўдзельнічалі ў дэбатах».

Дэбаты прэтэндэнтаў пройдуць 3 кастрычніка на тэлеканале «Беларусь 1». Пачатак а 17-й гадзіне. Выбарчы кодэкс дазваляе кандыдатам упаўнаважыць выступаць замест сябе давераную асобу.

У часе мінулай выбарчай кампаніі Аляксандар Лукашэнка адмаўляўся ад удзелу ў дэбатах зь іншымі кандыдатамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG