Галоўнай тэмай пошты Свабоды на працягу апошніх тыдняў застаецца прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Хоць вынікі яе загадзя ўсім вядомыя і ніякай інтрыгі не ўяўляюць, усё ж сякое-такое ажыўленьне на выпаленым палітычным полі Беларусі гэтыя выбары выклікалі.
Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Аляксандра Суворава са Смаргоні, які паспрабаваў у сваім родным горадзе адшукаць прыкметы выбарчай кампаніі. Слухач піша:
«Такое ўражаньне, што пра іншых кандыдатаў (апроч Аляксандра Рыгоравіча) ў нашым горадзе нават ня чулі. Міжволі параўноўваю ўсё гэта з тым, што было 20 год таму, у 1995 годзе. Я тады быў у ініцыятыўнай групе па вылучэньні Зянона Пазьняка кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету. Адметны быў час. За мінулыя гады многае зьмянілася, у тым ліку кардынальна іншым стаў смаргонскі электарат. Ля гастраному „Юбілейны“, дзе некалі зьбірала подпісы ініцыятыўная група Пазьняка, цяпер — выбарчы пікет БРСМ зьбірае подпісы за Лукашэнку. Часам мне нават здаецца, што ў Смаргоні ўвогуле не засталося прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў. За два дзесяцігоддзі хто памёр, хто ўцёк у эміграцыю, а хто памяняў погляды ды падпявае цяперашняй уладзе. Калі б гэта была глухая вёска, дык яшчэ можна было б неяк зразумець. Але ж Смаргонь — буйны райцэнтар, недалёка ад Менску, з разьвітай прамысловасьцю. Спадзяюся, што кандыдаты на прэзыдэнта ўсё ж нададуць увагу нашаму гораду.»
Напрыканцы ліста слухач, які раней заўсёды падпісваўся ўласным прозьвішчам, выказаў просьбу:
«У эфір мой ліст перадавайце пад псэўданімам Аляксандар Сувораў».
Ня думаю, спадар Аляксандар, што так ужо кардынальна зьмяніўся ваш смаргонскі электарат, што зусім зьніклі ў горадзе прыхільнікі дэмакратычных зьменаў. Калі параўноўваць зь сярэдзінай 90-х гадоў, непараўнальна іншай стала грамадзкая атмасфэра, умовы для адкрытай дэманстрацыі сваіх палітычных поглядаў, калі яны адрозныя ад афіцыйных. Быць у апазыцыі да дзейнай улады ў сёньняшніх умовах проста небясьпечна. Вось жа і Вы сам у 1995-м, нічога не баючыся, стаялі ў цэнтры Смаргоні ля партрэта Пазьняка, а сёньня нават ліст на Свабоду апасаецеся падпісваць сапраўдным прозьвішчам.
Аўтар наступнага ліста Віталь Макаловіч зь вёскі Няловы Валожынскага раёну адклікнуўся на нядаўнія выказваньні Лукашэнкі, зробленыя ў інтэрвію незалежным СМІ, у тым ліку карэспандэнту Радыё Свабода. Асабліва ўразіла слухача тое, што Лукашэнка, як выявілася, яшчэ толькі зьбіраецца высьветліць, што ж насамрэч адбылося ў Курапатах. Спадар Віталь піша:
«Аказваецца, праз 21 год пасьля прыходу да ўлады ён ня мае дакладнага ўяўленьня пра тое, што ж там адбывалася падчас сталінскага тэрору. Гэта, мякка кажучы, выклікае вялікае неўразуменьне. І адначасова наводзіць на невясёлыя думкі. Можа, ён і пра многае іншае, што адбывалася і адбываецца ў рэспубліцы, ня мае рэальнага паняцьця? Як, дарэчы, і папярэднік Лукашэнкі — колішні прэм’ер Кебіч. Цяпер яны ў адзін голас смуткуюць і па КПСС, і па СССР. Маўляў, развалілі заходнія імпэрыялісты вялікую краіну, а там жа столькі ўсяго добрага было...А пра тое, колькі зла і няшчасьця прынесла савецкая імпэрыя людзям, яны нібыта і ня ведаюць. Няхай бы ў такім разе хоць на старасьці гадоў пачыталі „Архіпэлаг ГУЛАГ“ Салжаніцына — можа б паразумнелі. Ды саступілі нарэшце ўладу маладым і здольным: болей толку было б»,
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Віталь Макаловіч зь вёскі Няловы Валожынскага раёна.
Публічнага шкадаваньня пра развалены СССР ды вялікага захапленьня савецкімі рэаліямі ад Лукашэнкі апошнія гады не чуваць. Гэтую тэму ён актыўна эксплюатаваў у сярэдзіне ды напрыканцы 90-х гадоў, каля яна была надзвычай папулярнай сярод ягоных выбарцаў. За два дзесяцігоддзі колькасьць аматараў СССР у грамадзтве істотна зьменшылася — пераважна з натуральных прычынаў: паўміралі. Адпаведна, зьмянілася і рыторыка Лукашэнкі. На гэтыя выбары ён увогуле ідзе пад новым лёзунгам «За будучыню незалежнай Беларусі!» — пад такім, бадай, нават Пазьняк мог бы падпісацца.
І на заканчэньне — кароткі ліст ад Пятра Казько з Мазыра. Разважаючы пра выбарчую кампанію, слухач піша:
«Лукашэнка гаворыць правільныя рэчы: людзям ён падабаецца. Вось толькі жыцьцё становіцца ўсё цяжэйшым. А чаму? Бо мясцовае начальства крадзе бязбожна. Просты чалавек — у галечы, а мясцовы князёк новы палац дабудоўвае ды даражэзны „Мэрсэдэс“ купіў. Вось што людзей найбольш абурае. Прыціснуў бы Лукашэнка гэтых зладзюг, перасаджаў бы — і людзі за яго пажыцьцёва галасавалі б», —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Пятро Казько з Мазыра.
Гучныя паказальныя арышты ды затрыманьні некаторых былых набліжаных да Лукашэнкі асобаў цяпер якраз адбываюцца: перад выбарамі гэта сапраўды бяспройгрышны ход, які істотна падвышае рэйтынг дзейнай улады. Вось толькі, ці зьменшыць гэта колькасьць галечы у краіне, — вялікае пытаньне. Тое, што ў аднаго ці двух злодзеяў адбяруць катэджы ды «Майбахі», зусім не азначае, што нешта зьменіцца ў сыстэме, якая спараджае і жывіць кланавасьць, бессаромнасьць і прадажнасьць улады.
_____________________________________________________________________
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск−5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by