Вядомы чалавек шчыра расказаў, як патэлефанаваў да толькі што выпушчанага палітвязьня і расказаў, як апазыцыі годна выйсьці з выбарчай кампаніі. У пляне фігураваў у якасьці дзейнай асобы спадар Цярэшчанка. І зьнянацку Цярэшчанку зрабілася не да выбараў.
Дык значыць слухаюць тэлефоны? — зрабіў вялікія вочы чалавек, у якога быў цікавы плян. Ну, а чаму не? А чым жа ім яшчэ займацца? – А як жа з дазволам ад пракурора?.. – Так жа і з дазволам, як з усім іншым, напэўна. Таму аб важных рэчах — толькі пры асабістай сустрэчы пад адкручаны вадаправодны кран, уключаны пэрфаратар або рухавік «Беларуса».
Дый вы хіба ня ведаеце, як робяць апошнім часам тыя, хто ня хоча, каб ведалі кожны ягоны крок і кожнае слова, не паварушыўшы нават пальцам? Ну хаця б тэлефонамі не карыстаюцца, не бяруць з сабой. Дзесьці чытаў, што ў Беларусі ня толькі ўзятыя адбіткі пальцаў пагалоўна, але таксама ў абавязковым парадку ўсе мабільныя тэлефоны праслухоўваюцца. Дык якія падставы рабіць вялікія вочы з гэтай нагоды?
Канечне, не карыстацца тэлефонамі таксама наіўнасьць. Але хіба кожнаму апазыцыянэру яшчэ не зашылі мікрафончык у нагавіцы ці ў каўнер кашулі. Трэба спадзявацца, ва ўсякім разе.
Памятаецца гарачае лета кампаніі «Абаронім Горадню ад разбурэньняў» (ясна, што разбурана было ўсё, што плянавалася). Але быў малады імпэт, «лятучыя» пікеты. Пакуль дамаўляліся зьнянацку сабрацца каля нейкага будынку, на месцы ўжо абавязкова чакала міліцыя. Я пацікавіўся ў моладзі: а вы сябе нашчадкамі Каліноўскага ніяк ня лічыце? Што датычыць элемэнтарнай кансьпірацыі, напрыклад? Пазначыць месцы пікетаў адвольна нумарамі альбо словамі? Каб хоць нейкую працу задаць вушам, якія вашы тэлефоны слухаюць? А яшчэ лепей дасылаць эсэмэсам шэраг лічбаў, хай галаву ламаюць.
На мяне паглядзелі вялікімі вачыма.
Тэлефонная станцыя, тэлефоннае начальства былі некалі гаспадарамі жыцьця, з савецкіх часоў існуе жалезная дата аплаты кватэрнага тэлефону: назаўтра яго адключаюць. Памятаю, як майму бацьку-пэнсіянэру зь нямоглымі нагамі адключалі. Назвоньваў на капейкі, але забыўся, не пасьпеў, і ўсё: тэлефон не працуе, трэба ехаць у горад, пісаць заяву, штраф плаціць. А калі чалавек зьехаў, а калі хворы, калі ў шпіталь трапіў?
І цяпер адключаюць тэлефон адразу, але не паверыце: існуюць выключэньні. Па сабе мяркую: здаралася апошнімі часамі – забудзесься, дзень-два не аплаціш і нічога, у слухаўцы гудок, як мае быць. Прыходзіш аплаціць, у акенцы вялікія вочы робяць — а што, вам не адключылі хіба? Ну, а з мабільным то і ўвогуле камунізм. Абавязкова раней дасылалі папярэджаньне: на балянсе не хапае грошай, адключым! Цяпер, бывае, успомніш аб рахунку, зазірнеш: задоўжанасьць на 60, на 80 тысяч, і ніхто не папярэджвае, не адключае.
Адна нязручнасьць. Вечная праслушка, як выглядае, разраджае акумулятар, хутчэй робіць непрыдатным. За мяжой ходзіш, тэлефон тыдзень ня траціць зараду. Як толькі вернесься, хапае на некалькі дзён, нават калі званкоў не было.
Хоць ты ашчаджай яго, каб адпачываў выключаны. А як тады трымаць сувязь? — спытаецеся. А хіба вы кіно пра Шцірліца не глядзелі? У ім розным спосабам навучаць. Не кажу: паштовыя галубы яшчэ існуюць, не забывайцеся. Калі толькі не акальцуюць доблесныя працаўнікі слаўнай праслушкі. Але зноў жа, трэба будзе хоць нейкія высілкі зрабіць, а ня проста ў навушніках балду ганяць.
Хаця ўсе гэтыя запісы, напэўна, для іх амаль суцэльны шлак. Пры Чаўшэску назапісвалі горы магнітафонных стужак, фізычна іх немагчыма было праслухаць. Цяпер няхай магчымасьці іншыя, але «таварыш маёр» з савецкага анэкдоту сёньня ў пэўным сэнсе — цень цэнзара, «дабрадзея» твайго самацэнзара, які ў тэлефоннай размове змусіць не называць Цярэшчанку Цярэшчанкам. Можа гэта й «манілаўшчына», але задумацца варта.