Кансультацыі працоўных падгрупаў пачнуцца прыкладна апоўдні.
Чакаецца, што тэмай перамоваў будзе распрацоўка і парафаваньне пагадненьня аб адводзе ад лініі судакрананьня ўзбраеньня калібрам менш за 100 мілімэтраў, а таксама танкаў. Над дакумэнтам пачалі працаваць на пасяджэньні кантактнай групы яшчэ ў пачатку жніўня, але дасягнуць канчатковай дамоўленасьці бакам так і не ўдалося.
Апошні раўнд перамоваў у рэжыме відэаканфэрэнцыі па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе адбыўся 4 верасьня.
Згодна зь менскімі дамоўленасьцямі, на лініі кантакту зь сярэдзіны лютага павінен быў дзейнічаць рэжым спыненьня агню, а цяжкія ўзбраеньні павінны быць адведзеныя. Аднак перастрэлкі і абстрэлы, з ужываньнем «адведзеных» узбраеньняў, стала працягваюцца. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньнях і правакацыях.
Апошні тыдзень украінскія ўлады фіксуюць рэзкае зьніжэньне абстрэлаў з боку прарасейскіх баевікоў у Данбасе.
Прадстаўнікі групоўкі «ДНР», прызнанай украінскімі ўладамі тэрарыстычнай, заяўляюць пра намер разгледзець падчас перамоваў Трохбаковай кантактнай групы ў Менску пытаньні абмену палонных па прынцыпе «ўсіх на ўсіх».
Вызваленьне і абмен палоннымі зьяўляецца адной з умоваў менскіх пагадненьняў. У канцы ліпеня ўпаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны па пытаньнях мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях Ірына Герашчанка заяўляла, што ў закладніках у баевікоў застаюцца 156 чалавек.