Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запруднік: Амэрыка дапамагае Беларусі вытрымаць маскоўскую культурную агрэсію


Янка Запруднік
Янка Запруднік

У сэрыі «Бiблiятэка Бацькаўшчыны», якую выпускае выдавецтва «Лімарыус», выйшла кніга эпісталярыю вядомага дзеяча беларускай эміграцыі і навукоўца з ЗША доктара Янкі Запрудніка.

Кнігу склала выбранае ліставаньне 1952–1959 гадоў.

У інтэрвію Радыё Свабода, якое Янка Запруднік даў з нагоды выхаду кнігі «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны», навуковец разважае пра актуальнасьць эпісталярнага жанру ў літаратуры, ролю Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце і новую хвалю беларускіх эмігрантаў.

— Спадар Янка, у 2002 годзе выйшла ваша кніга «Дванаццатка», там распавядалася пра лёс 12 беларускіх хлопцаў, якія ў пасьляваенны час вымушаныя былі шукаць шчасьця на чужыне. Ці можна сказаць, што цяперашняя кніга ў нейкім сэнсе працягвае «Дванаццатку»? Ці ёсьць сярод вашых рэспандэнтаў тыя, пра каго вы пісалі ў «Дванаццатцы»?

— Новая кніга дапаўняе «Дванаццатку» ў тым сэнсе, што «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны» — гэта лісты, якія адрасаваліся сябрам. Сябрам зь ліку гэтых дванаццаці чалавек у тым ліку. Лісты напісаныя розным асобам, але ў тым ліку і сябрам з «Дванаццаткі», зь якімі мы супрацоўнічалі. Гэта Ўладзімер Цьвірка, Янка Жучка, Паўлюк Урбан, Цімох Вострыкаў. Кніга «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны» дапаўняе «Дванаццатку» тым, што гэта дакумэнтальнае сьведчаньне нашага супрацоўніцтва пасьля таго, як мы ў 50-м годзе прыехалі вучыцца ў Лювэнскім унівэрсытэце.

Вокладка новай кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны»
Вокладка новай кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны»

— У сучаснай беларускай літаратуры эпісталярны жанр — зьява ня рэдкая, нават у апошнія гады можна прыгадаць выданьне перапіскі Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна «Рукаюцца душы» альбо лістоў Ларысы Геніюш. Чаму гэты жанр застаецца актуальным?

— Эпісталярная літаратура мае даўгую гісторыю, гэтая літаратура актуальная стагодзьдзямі. Гэта фундамэнтальны жанр літаратуры, які сьведчыць пра дачыненьні паміж асобамі ў самых розных сфэрах жыцьця. Адметнасьць эпісталярнай літаратуры ў тым, што ў лістах выказваюцца самыя беспасярэднія пачуцьці і закранаюцца самыя важныя моманты ў жыцьці чалавека — супрацоўніцтва, клопаты, інфармацыя пра блізкіх. У гэтым сэнсе мая кніжка — у рэчышчы старой традыцыі ліставаньня паміж асобамі, паміж групамі. Кніга закранае самыя беспасярэднія моманты жыцьця, якое, як рака, цячэ, і трэба ўмець яго адчуць. Празь лісты якраз можна адчуць беспасярэдні кантакт з жыцьцём. У пляне жанру такая кніга была і будзе актуальнай, бо цяпер людзі ў кантакце яшчэ больш. Цяпер, у кібэрнэтычнай прасторы, вельмі багата эпісталярнай літаратуры. Твітэр і Фэйсбук таксама ёсьць формай камунікацыі паміж асобамі.

— Вам шчасьлівым чынам удалося сыстэматызаваць сваю перапіску і нават выдаць яе частку. А які лёс лістоў іншых дзеячаў беларускай дыяспары? Напрыклад, перапіскі выбітнай паэткі Натальлі Арсеньевай, якая памерла ў 1997 годзе? Альбо кіраўнікоў Рады БНР? Ці існуе нейкі адзіны цэнтар, нейкае сховішча, якое б акумулявала архівы дыяспары?

— Ёсьць Беларускі дзяржаўны архіў-музэй, у якім у Менску працуе Натальля Гардзіенка, а ў Нью-Ёрку ёсьць Лявон Юрэвіч, які таксама займаецца архіваваньнем лістоў. Гардзіенка і Юрэвіч маюць дачыненьне да збору лістоў, эпісталярнай дакумэнтацыі. Я таксама ў гэтым удзельнічаю, і цяпер мы ўсе ў працэсе зьбіраньня лістоў тых эміграцыйных дзеячаў, якія адышлі ў лепшы сьвет.

— Вы прыехалі ў Амэрыку на пачатку 50-х гадоў і можаце параўноўваць розныя плыні эміграцыі. Як бы вы ацанілі цяперашнюю, умоўна кажучы — «лукашэнкаўскую» хвалю? Што карыснага прыўнесла яна ў жыцьцё амэрыканскіх беларусаў?

— Гэтая новая хваля складаецца з розных асобаў. Ёсьць шмат людзей, адданых беларушчыне, прыхільных, адданых людзей, актыўных у грамадзкім беларуска-амэрыканскім жыцьці. Але гэта далёка ня ўсе. Некаторыя прыяжджаюць, кажуць, што будуць падтрымліваць, але вельмі хутка зьнікаюць, зашываюцца ў свае норы, дзе стараюцца абрасьці далярам і дабрабытам. На жаль, іхныя абяцаньні становяцца пустым гукам і пэўнага роду хлусьнёй. На шчасьце, ёсьць людзі і вельмі шчырыя, працавітыя, і яны папаўняюць беларускую грамаду. Я спадзяюся, што дзякуючы гэтым новым людзям беларушчына ў Амэрыцы захаваецца і будзе карыснай бацькаўшчыне ў яе далейшых шуканьнях свабоды і незалежнасьці.

— Вы доўгі час узначальвалі бюро беларускай службы Радыё Свабода ў Нью-Ёрку, удзельнічалі — дый цяпер удзельнічаеце — у розных канфэрэнцыях, дзе абмяркоўваецца ў тым ліку і беларуская праблематыка. Як успрымаецца цяпер Беларусь — на фоне збройнага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай? Ці маюць рацыю тыя, хто прадракае прызнаньне Вашынгтонам Лукашэнкі на падставе таго, што ён у параўнаньні з Пуціным — «меншае зло»?

— Што да прызнаньня Амэрыкай Лукашэнкі, дык Амэрыка прызнае беларускую дзяржаўнасьць. Амэрыка дапамагае беларушчыне ў вялікай ступені, дапамагае вытрымаць наступ маскоўскай культурнай агрэсіі. Сёньняшняя роля Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце даволі складаная. Гэтая роля дыктуецца геаграфічным становішчам нашай краіны, і гэтая роля — вельмі далікатны момант у замежнай палітыцы ў дачыненьні да Беларусі, асабліва для тых, то дбае пра захаваньне беларускай дзяржаўнасьці. Тут пазыцыю Беларусі ацэньваюць вельмі па-рознаму — у залежнасьці ад сваіх прынцыповых вартасьцяў. Людзі беларускага сьветагляду думаюць адно, заходнярусы — супрацьлеглае. Гэта вельмі суб’ектыўнае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG