Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабадзенка абураны публікацыяй на гарадзенскім школьным сайце


Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Матэрыял пра нэгатыўнае стаўленьне да курсаў «Мова нанова» і вышыванак зьнялі з сайту гарадзенскай школы нумар 22 пасьля ўмяшаньня Глеба Лабадзенкі.

Пабачыўшы на сайце гарадзенскай школы № 22 інфармацыю пра тое, што курсы «Мова нанова» прылічаныя да «неканструктыўных арганізацыяў», Глеб Лабадзенка патэлефанаваў дырэктару навучальнай установы.

Глеб Лабадзенка сказаў Свабодзе:

«Гэта стопрацэнтовая ахінея. Мы апынуліся ў дзіўным шэрагу і зазналі дзіўныя абвінавачаньні на свой адрас. Зранку я патэлефанаваў дырэктарцы школы. Там ня тая дырэктарка, што напісана на сайце, яна была прызначаная тыдзень таму. Яна сказала, што абсалютна ня ў курсе, але зараз адкрые сайт, разьбярэцца.

Я ёй патлумачыў, што ў нас афіцыйна зарэгістраваная сацыяльна-культурная ўстанова, якая дзейнічае ў 10 гарадах. Якая не займаецца аніякай антыдзяржаўнай ці крымінальнай супрацьпраўнай дзейнасьцю. І таму, калі яны тэрмінова не прыбяруць гэты матэрыял, то я буду зьвяртацца ў суд, у пракуратуру. Бо як гэта так?! Такі паклёп узьвесьці на прыстойных людзей.

Яна сказала, што „я зараз разьбяруся і перазваню вам“. Але яны ўціхую прыбралі гэты матэрыял, хоць, можа, яна яшчэ і перазвоніць. Пакуль што я тэлефанаваньня ня маю, а матэрыял сьпешна прыбраны з сайта».

На просьбу выказаць меркаваньне, як «Мова нанова» магла трапіць у сьпіс «неканструктыўных арганізацыяў», Глеб Лабадзенка сказаў, што «гэта зрабілі ворагі беларушчыны»:

«Матэрыял датаваны яшчэ сакавіком. Гарадзенцы сказалі, што гэта быў нейкі сэмінар, я ня ведаю — ці ў гарвыканкаме, ці ва ўпраўленьні адукацыі. І што ім раздавалі нейкія брашуры з гэтым тэкстам. Я загугліў. Гэта тэкст ёсьць на сайце толькі гэтай школы. Значыць, яго не сказалі цэнтралізавана ўсім друкаваць. Можа, хтосьці, атрымаўшы гэтую брашуру, вырашыў праявіць ініцыятыву і даць гэты матэрыял на сайт школы.

Я ня схільны шукаць тут тэорыю змовы. Я схільны шукаць тут канкрэтных ворагаў беларушчыны. Канкрэтна ў Гародні, ва ўнівэрсытэце былі выпадкі, калі студэнтам казалі: „Не хадзіце на курсы, там вас добраму не навучаць“. Гэта ініцыятыва канкрэтных людзей. На курсах няма аніякай палітыкі. Проста канкрэтныя людзі, якія ненавідзяць беларушчыну, хочуць забараніць людзям прыходзіць на курсы беларускай мовы. Я гэта толькі ў такім ракурсе разглядаю.

Думаю, што нейкі канкрэтны дурань напісаў гэтую брашуру. Другі канкрэтны дурань выставіў гэта на сайт. Але раз яны прыбралі, то, думаю, яны зразумелі, што на іхнім сайце ахінея проста зьмешчаная, якая ўзводзіць паклёп на людзей».

На сайце гарадзенскай сярэдняй школы № 22 быў апублікаваны матэрыял пра формы і мэтады рэалізацыі моладзевай палітыкі ў Горадні. У разьдзеле пра нэгатыўныя зьявы ў моладзевым асяродзьдзі гаворка ішла ў тым ліку і пра курсы «Мова нанова»:

«У апошні час атрымаў актыўнае разьвіцьцё новы напрамак сярод неканструктыўных арганізацый — папулярызацыя беларускай мовы, традыцый і абрадаў, прэзэнтацыі кніг. Такім чынам, дадзеныя арганізатары спрабуюць падмяніць запаветныя для беларусаў каштоўнасьці і падаць грамадзтву ўсю беларускую культуру толькі з вузкага нацыяналістычнага пункту гледжаньня. Такім яркім прыкладам зьяўляецца дзейнасьць курсаў „Мова Нанова“, раздача „вышыванак“ і г. д.».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG