Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі: Карумпаваныя ўкраінскія чыноўнікі прыкінуліся мёртвымі, але яны ня мёртвыя


Міхаіл Саакашвілі
Міхаіл Саакашвілі

Днямі старшыня адэскай аблдзяржадміністрацыі Міхаіл Саакашвілі выступіў з рэзкай крытыкай на адрас прэм’ер-міністра Ўкраіны Арсенія Яцанюка. Паводле яго, урад толькі імітуе рэформы, а на самай справе абараняе інтарэсы алігархаў. Кіраўнік ураду назваў абвінавачванні ў свой адрас ілжывымі. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што заявы выкліканыя праблемамі, якія стаяць перад кіраўніком Адэскай вобласьці і могуць сьведчыць аб пачатку прэм’ерскай кампаніі былога грузінскага прэзыдэнта.

На мінулым тыдні, яшчэ да апошніх заяваў Міхаіла Саакашвілі, зь ім пагутарыла супрацоўніца расейскай службы Радыё Свабода Алена Рыкаўцава.

Гэтая размова зь Міхаілам Саакашвілі адбылася на тэрыторыі Адэскага аэрапорту. Ён прыехаў інспэктаваць будаўніцтва новага тэрміналу. Для Саакашвілі гэта прынцыпова — у Адэсу павінны лётаць дзясяткі міжнародных авіякампаній, і квіткі ў Адэсу павінны быць па самых даступных цэнах. Пагаварыўшы з журналістамі, будаўнікамі і супрацоўнікамі аэрапорту, губэрнатар Адэскай вобласьці зьехаў. Як выявілася — зьехаў зусім недалёка, у ВІП-залю старога Адэскага аэрапорту, адкуль ён выйшаў на ганак спэцыяльна, каб даць інтэрвію РС. Наш апэратар быў настолькі ўзрушаны яго выглядам, што не адразу націснуў кнопку запісу. Ён кажа, што нават яго не пазнаў! Ён яго такім ніколі ня бачыў. Рэч у тым, што Міхаіл Мікалаевіч мала таго што пасьпеў пераапрануцца ў камуфляж, але на ім былі бэрэт і цёмныя акуляры! На жаль, падчас інтэрвію ён зьняў і бэрэт, і акуляры, таму нашым чытачам давядзецца паверыць нам на слова, што мы яго бачылі і такім.

— Міхаіл Мікалаевіч, Расія раззайздросьцілася ў свой час, што вы перамаглі карупцыю ў Грузіі. Гэта вядомае дасягненьне. Ці верыце вы, што тут, ва Ўкраіне, гэта атрымаецца?

— Бачыце, я ў форме. Мы ляцім да памежнікаў, таму што мы цяпер спрабуем закрыць дзіры для кантрабанды. Але гэтая кантрабанда ня проста фізычная прысутнасьць памежнікаў, гэта тое, што тут чыноўнікі ўсім гэтым займаліся. Цяпер ідзе такая атака сур’ёзнай групы новых украінскіх чыноўнікаў, у асноўным, украінскага паходжаньня, але ёсьць і грузіны сярод іх, на старых чыноўнікаў. Старыя чыноўнікі вельмі любяць залягаць. Ёсьць шэсьць відаў жывёл, якія ў пэрыяд небясьпекі залягаюць. Вось усе ўкраінскія чыноўнікі — гэта карумпаваны сёмы выгляд нейкіх істот, якія залеглі, прыкінуліся мёртвымі, але яны сапраўды ня мёртвыя.

— Ідзе паляваньне на іх?

— Так. Рэальна яны абавязкова паспрабуюць усё гэта падарваць.

— У Адэсе я чула небанальны, нестандартны пункт гледжаньня, што калі выняць карупцыю — гэта стрыжань, на якім трымаецца горад, усё абрынецца. Таму што ўсё карумпавана, усе сувязі...

— Мы думалі тое самае пра Грузію. Гэта сапраўды так, што вельмі шмат таленавітых людзей, таму што іншых магчымасьцяў не было, сышлі ў кантрабанду, сышлі ва ўсякія махінацыі, схемы. А што рабіць? Інакш нельга было тут працаваць. Гэта на дзіва прадпрымальныя людзі. Яны ствараюць багацьце для сябе, куды ні паглядзіш. У многіх асабістая маёмасьць ёсьць, але гэта не стварае багацьця для грамадзтва. У чым адрозьненьне карумпаванай сыстэмы ад адкрытай сыстэмы? У адкрытай сыстэме людзі, працуючы на сябе, узбагачаюць грамадзтва. А тут так не адбываецца. Калі на іх паглядзіш, у іх там ва ўсіх кватэры, машыны, добрыя аксэсуары, але па горадзе гэтага не відаць: дрэнная інфраструктура, водная сыстэма, каналізацыя — усё гэта трэба мяняць.

— У Адэсе гэта атрымаецца.

— Я думаю, што ў цэлым па Ўкраіне атрымаецца. У асобна ўзятага артыста ня можа атрымацца на прэм’еры. А на прыкладзе Адэсы мы спрабуем прасоўваць украінскія рэформы.

— Чаму, вы лічыце, вамі палохаюць расейцаў? Мы ніводнага выпуску навінаў бяз вас ня бачым.

— Я даведваюся, што адэская міліцыя прызначыла там нейкую былую мадэль прэс-сакратаром. Вось, Саакашвілі прызначыў нейкую мадэль. Якое дачыненьне я маю да адэскай міліцыі?! Я даведваюся такія пікантныя навіны пра Адэсу ад таго, што хтосьці паглядзеў гэта па расейскіх каналах. Гэта сьмешна. Гэта значыць, што ў краіны няма уласнага жыцьця. Як зайздросныя суседзі — свайго жыцьця няма, дык падглядваюць ў шчыліну, сочачы за жыцьцём іншых, і хочуць, каб у іншых было ўсё дрэнна, паколькі ў іх не атрымліваецца. Я думаю, што ва ўсіх павінна атрымлівацца — і ў расейцаў, і ва ўкраінцаў.

— Яны вас баяцца?

— Не! А чаго мяне баяцца?! Тут такая гісторыя — гэта расейскамоўны горад. Я тут сябе адчуваю як дома, як рыба ў вадзе. Я не адпавядаю ўсім стэрэатыпам, якія для сябе стварылі ў сваёй крамлёўскай прапагандзе.

— Я мела на ўвазе расейскія ўлады.

— Я пра гэта і кажу. Гэта факт, што мы можам тут спакойна перасоўвацца, знаходзіцца, мець зносіны і быць падтрыманымі людзьмі.

— Вашы асабістыя палітычныя пэрспэктывы і пэрспэктывы гораду? Ці яны зьвязаныя?

— Я люблю дасягаць вынікаў, тым больш для тых людзей, якіх я вельмі люблю і часткай якіх я сябе адчуваю. Я адчуваю сябе часткай Украіны. Я вельмі люблю Ўкраіну. Я шмат гадоў свайго жыцьця правёў тут. Я гавару па-ўкраінску. У цэлым я ня проста грузін, але я яшчэ эўрапеец, значыць, я адэсіт, я ўкраінец. Гэта ўсё сумяшчальна.

— Калі ў вас будуць нейкія іншыя кар’ерныя зьмены, іншыя прыступкі, яны будуць ва Ўкраіне?

— Паглядзім. Усе варыянты адкрыты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG