Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка адказаў Ярмошынай: Большага глупства яна сказаць не магла


Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

Удзельнік выбарчай кампаніі па выбарах на прэзыдэнта Беларусі Віктар Цярэшчанка пракамэнтаваў Свабодзе выказваньне старшыні ЦВК на ягоны адрас.

Лідзія Ярмошына ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь −1» назвала гісторыю з атручваньнем Цярэшчанкі ў менскай кавярні «рэклямным трукам».

«Ну, што я магу на гэта сказаць?! Мабыць, большага глупства яна выказаць не магла. Таму я толькі пажадаю ёй такога ж, што было са мною. Можна ўзяць спэцыяліста і запытацца, як я сябе адчуваў гэты час. Прабачце, яна як была бабай-дурай, так і застаецца. Хоць яна мая суседка, і мы ўвесь час зь ёй вітаемся», − сказаў Віктар Цярэшчанка.

Цярэшчанка паведаміў, што цяпер знаходзіцца ў паліклініцы:

«Дзённы стацыянар ці абсьледаваньне, нават цяжка сказаць. Становіцца пакрыху лепей. Праўда, адчуваю часам, што галава кружыцца, ды застаецца аняменьне верхняй часткі галавы. Вяртаецца арыентацыя. Зараз праходжу без чужой дапамогі мэтраў 50-70. Больш-менш нармальна».

Спадар Цярэшчанка сказаў, што зараз ягоныя паплечнікі па выбарчай камандзе спрабуюць знайсьці памяшканьне, каб заўтра правесьці прэсавую канфэрэнцыю.

Цярэшчанка прызнаўся, што калі раней ён думаў, што ў гісторыі з атручваньнем ёсьць зьнешні сьлед, то цяпер ён лічыць, што тут ёсьць і сьлед унутраны. Больш падрабязна пра гэта ён паабяцаў расказаць на прэсавай канфэрэнцыі.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта лічыць, што ён сабраў неабходную колькасьць сапраўдных подпісаў для рэгістрацыі яго прэтэндэнтам на вышэйшую пасаду. Менавіта таму ён і перадаў у Цэнтарвыбаркам праз давераную асобу ўвесь камплект дакумэнтаў, неабходных для рэгістрацыі.

Ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала каля 130 тысяч подпісаў. Але паводле ЦВК, зь іх праўдзівымі былі прызнаныя менш за 7 тысяч.

Афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта заплянаваная на 10 верасьня. Пакуль сярод прэтэндэнтаў называюць чатыры прозьвішчы: Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч, Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Улаховіч.

Пачынаючы з 11 верасьня зарэгістраваныя кандыдаты маюць права праводзіць агітацыйную кампанію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG