Віктар Цярэшчанка, цяпер ужо былы прэтэндэнт на кандыдацтва ў прэзыдэнты Беларусі, выпісаўся з 3-га гарадзкога шпіталя Менску. Пра гэта ён паведаміў сёньня Свабодзе:
«Цяпер праходжу абсьледаваньне ў шпіталі хуткай дапамогі і паліклініцы. Правяраю галаву на магнітна-рэзананснай тэрапіі, таксама сасуды. Яшчэ буду праходзіць крывацёк, правярацца ў нэўроляга. Галава пакрыху адыходзіць, але яна яшчэ не мая.
Але ляжаць у трэцім шпіталі і лячыць алергію — тое, чаго ў мяне няма, сем сутак — бессэнсоўна. Яна звычайна за суткі праходзіць. Дарэчы, прыйшлі вынікі маіх аналізаў на маркоўны сок. Ніякай алергіі на яго ў мяне няма. Акрамя як на нейкую пыльцу, якая бывае толькі раньняю вясною. Гэта афіцыйнае заключэньне за подпісамі двух лекараў. Так што алергія — гэта ўсё выдумкі».
Спадар Цярэшчанка сказаў, што сьледзтва ў ягонай справе працягваецца. Магчыма, у панядзелак нешта стане вядома.
Віктар Цярэшчанка не зьбіраецца неяк афіцыйна рэагаваць на інфармацыю старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай пра тое, што ён ня будзе зарэгістраваны кандыдатам на прэзыдэнта:
«А як? Няма афіцыйнай працэдуры абскарджваньня. У 61 артыкуле Выбарчага кодэксу прапісана, што рашэньне аб сапраўднасьці ці несапраўднасьці прымае тэрытарыяльная (раённая) выбарчая камісія. І ўсё — кропка. Пракурор ня мае права туды ўлазіць. І які ў гэтым сэнс?»
Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь зь дзелавой сустрэчы, якая пачалася ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй, паведаміў у той дзень кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Алег Несьцяркоў.