Паводзіны Масквы па-свойму (па-іхняму) лягічныя: мы вас падтрымалі як ніколі рана, ніякіх асаблівых пагрозаў вашай уладзе не назіраецца (не Караткевіч жа перасьцерагацца). Плаціце! Самы час. Можа мы нешта потым і заплацім, але ў абмен на пэўную базу. Калі б афіцыйным апанэнтам Лукашэнкі быў, скажам, Статкевіч, дык можа і пачакалі б да пасьля 11 кастрычніка (хаця не факт).
Але ёсьць і трэці — Захад. Калі Лукашэнка цудам адаб’ецца ад базы, то заходнікі вымушаныя будуць заплаціць (нават калі за вызваленьне палітвязьняў не зьбіраліся ці зьбіраліся няшмат). А калі не адаб’ецца, то заплацяць расейцы, бо паложана. Так што у фінансавым сэнсе грошы ў любым варыянце.
Зразумела, база — гэта мішэнь, калі справа дойдзе да сур’ёзнага глябальнага канфлікту. Але калі справа дойдзе да мішэняў, то несалодка будзе ўсім, і немішэням не нашмат лепш, чым мішэням. Аднак вялікая база... У Крыме вось таксама была ўсяго толькі база «наша». А потым стаў увесь «наш». Да таго ж авіябаза на поўдні Беларусі — патэнцыйная магчымасьць удару з поўначы па Ўкраіне. Па ідэі і пытацца ў Лукашэнкі ня трэба будзе ў выпадку чаго.
Нават калі ўдару ня будзе, ўкраінцам па любому давядзецца траціць грошы на нейкую СПА на мяжы.
Але Лукашэнка, гледзячы па ўсім, верны максыме Скарлет О’Хары — пра заўтра мы падумаем заўтра. Пакуль Мядзьведзеў фактычна абвясьціў аўкцыён — хто дасьць Лукашэнку больш грошай. Праўда, гандаль мае нефінансавыя складнікі, паводле пэрыфразу вядомай прымаўкі — Расея ня толькі пугай дзейнічае, яна і пернікам урэзаць можа. Але такія гульні ўжо колькі гадоў былі стыхіяй Лукашэнкі.