Суд у Краснадары сёньня пачынае разглядаць справу ў дачыненьні да кубанскай актывісткі Дар’і Палюдавай. 26-гадовай дзяўчыне выстаўленыя абвінавачаньні ў закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці і да сэпаратызму за публікацыі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
Палюдава стала першай апазыцыянэркай, якую абвінавацілі ў закліках да сэпаратызму, пасьля таго, як у траўні 2014 году ўступіў у сілу закон, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за падобныя дзеяньні.
Абвінавачаньні Палюдавай выставілі ў жніўні летась: яе, арганізатара няўзгодненага з уладамі маршу «За фэдэралізацыю Кубані», арыштавалі на 14 сутак за дробнае хуліганства, аднак пасьля заканчэньня гэтага тэрміну актывістку не адпусьцілі з спэцпрыёмніку, паведаміўшы ёй пра крымінальную справу.
Дзяўчыну адправілі ў сьледчы ізалятар, але ў лютым 2015 зьмянілі ёй меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Аналягічныя абвінавачаньні маглі пагражаць яшчэ аднаму арганізатару жартоўнага, па сутнасьці, маршу — Пятру Любчанкову, аднак ён эміграваў ва Украіну і пазьбег суду, хоць і быў уключаны ў расейскі сьпіс «экстрэмістаў і тэрарыстаў».
Прэтэнзіі сьледчых выклікалі запісы актывісткі ў сацыяльных сетках, у прыватнасьці, перапост карцінкі з тэкстам «Этнічныя ўкраінцы Кубані хочуць далучыцца да Ўкраіны». Палюдава называе гэты запіс «тролінгам». Таксама сьледчыя палічылі экстрэмісцкім запіс актывісткі, у якім яна ўскладае адказнасьць за ўсе тэракты і беды ў Расеі на Ўладзіміра Пуціна і пытаецца, чаму расейцы, падобна ўкраінцам, ня могуць скінуць рэжым. Дар’я Палюдава віну адмаўляе і ня лічыць, што яе словы былі накіраваны на «гвалтоўнае зьвяржэньне канстытуцыйнага ладу». Кубанскай актывістцы, юрысту паводле адукацыі, пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Сама Дар’я Палюдава на апраўданьне не спадзяецца, чакаючы, што ёй дадуць два-тры гады калёніі.
Інтэрвію з актывісткай чытаць тут.