Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС — «Арт Сядзібе»: бел-чырвона-белы сцяг законны, але на масавых мерапрыемствах забаронены


Пасля таго, як у ліпені наведніка фэстывалю «Greenfest» міліцыя канфіскавала бел-чырвона-белыя сьцягі, а ў офіс крамы symbal.by з праверкай прыйшоў участковага, грамадзкая ініцыятыва «Арт Сядзіба» накіравала ў Міністэрства ўнутраных спраў электронны зварот.

«Арт Сядзіба» папрасіла МУС даць прававое тлумачэньне па наступных пытаньнях:

— Ці зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг, які меў статус дзяржаўнага з 25 жніўня 1991 г. па 7 чэрвеня 1995 г., забароненым у Рэспубліцы Беларусь;

— Які прававы статус бел-чырвона-белы сьцяг мае сёньня;

— Ці законна публічнае выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга.

Як паведамляе сайт «Арт Сядзібы», адказ з МУС прыйшоў на электронную пошту яшчэ 27 жніўня, але ліст патрапіў у спам, таму пабачылі яго толькі цяпер.

Мы зьмяшчаем тут поўны тэкст адказу:


«У Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у межах кампетэнцыі разгледжаны Ваш зварот у дачыненні да сцяга бел-чырвона-белага колеру. Мяркуем магчымым адзначыць наступнае.

Раней у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 1991 года «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» (далей — Закон) гэты сімвал з’яўляўся Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым пасля правядзення ў 1995 годзе рэспубліканскага рэферэндуму і ў сувязі з выданнем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1995 г. № 214 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» гэты сімвал страціў свой прававы статус.

У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 1996 года «Аб прызнанні страціўшымі сілу заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнай сімволікі» Закон прызнаны страціўшым сілу.

У цяперашні час бел-чырвона-белы сцяг заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не вызначаецца ў якасці дзяржаўнага, палітычнага, гістарычнага ці іншага сімвала. Аднак афіцыйная забарона на выкарыстанне менавіта гэтага сцяга ў нормах заканадаўства адсутнічае.

У той жа час у некаторых заканадаўчых актах утрымліваецца забарона на выкарыстанне сцягоў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, пры правядзенні асобных відаў масавых мерапрыемстваў.

Так, згодна з абзацам дзявятым часткi другой, а таксама з абзацам дзясятым часткі трэцяй артыкула 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 года «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» забараняецца карыстацца такімі сцягамі падчас правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання іх арганізатарам і ўдзельнікам.

Падобныя абмежаванні таксама ўтрымліваюцца ў Палажэнні аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2010 г. № 542 «Аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў», а таксама ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2014 года «Аб фізічнай культуры і спорце».

Звяртаем увагу, што, зыходзячы з палажэнняў артыкула 70 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», у выпадку выяўлення няяснасцей і адрозненняў у змесце нарматыўнага прававога акта, а таксама супярэчнасцей у практыцы яго прымянення нарматворчы орган (службовая асоба), які прыняў (якая выдала) гэты акт, або, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны ім орган ажыццяўляюць афіцыйнае тлумачэнне гэтых норм шляхам прыняцця (выдання) адпаведнага нарматыўнага прававога акта.

Дадзенае рашэнне Вы маеце права абскардзіць у суд.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Д. А. Кур`ян».

Прадстаўнікі «Арт Сядзібы» пішуць, што зьвернуцца па камэнтар да юрыстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG