Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геі ў горадзе: як менчукі рэагавалі на хлопцаў, што трымаюцца за рукі


Гей-парад у Менску 22 кастрычніка 2011 году. Ілюстрацыйнае фота
Гей-парад у Менску 22 кастрычніка 2011 году. Ілюстрацыйнае фота

Імітуючы людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, у Дзень дэсантніка двое хлопцаў прагуляліся па цэнтры Менску, трымаючыся за рукі.

Відэаролік са шпацырам зьявіўся на сайце gayby.net. Аўтары відэа паспрабавалі праверыць мітычную талерантнасьць беларусаў, паглядзець, як яны рэагуюць на «іншую мадэль паводзінаў».

Раней такі экспэрымэнт праводзілі ў Маскве і Кіеве.

Як зазначыў Свабодзе адзін з аўтараў відэароліка Кірыл Каўбасьнікаў, падчас прагулкі сябры не адчувалі сябе ў бясьпецы:

«Калі мы ішлі, трымаючыся за рукі, мы адчувалі страх. Магчыма, была такая псыхалягічная ўстаноўка, бо мы ведалі вынікі ранейшых экспэрымэнтаў, якія праводзіліся ў іншых гарадах на постсавецкай прасторы. Мы думалі, што ідзем на вялікую рызыку, улічваючы, што гэта быў дзень ВДВ. Было пачуцьцё трывогі. Што да адмоўнай рэакцыі, то былі зьневажальныя выкрыкі на наш адрас, а таксама шмат хто азіраўся нам усьлед. Была і нэўтральная рэакцыя — людзі альбо не зьвярталі ўвагі, альбо заўважалі, але ніяк не рэагавалі ці проста ўсьміхаліся. Гэта добра, гэта значыць, што людзі не пабачылі тут нічога незвычайнага».

Кірыл Каўбасьнікаў адзначыў, што яны зь сябрам самі ня геі, але падтрымліваюць такіх людзей.

«Мы ставілі за мэту праверыць талерантнасьць беларусаў. У выніку пабачылі пасіўна-нэгатыўную рэакцыю. Атмасфэра вакол нас была зараджаная на нэгатыў. Нягледзячы на тое, што ніхто ня выйшаў з намі на дыялёг, нэгатыўная рэакцыя адчувалася найбольш. Мы пабачылі пасіўную незадаволенасьць ад прысутнасьці чагосьці нязвыклага і неўласьцівага. З гэтым трэба працаваць. Менавіта праз такія мяккія практыкі актывізму можна павольна зьмяняць грамадзтва», — падвёў вынік экспэрымэнту Кірыл Каўбасьнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG