Старшыня партыі Аляксей Янукевіч на пасяджэньні сойму зьвінаваціў Караткевіч у тым, што яна зрабіла шмат неакрэсьленых і невыразных заяваў па шэрагу базавых для прыхільнікаў БНФ пытаньняў: пра статус мовы, дзяржаўную і нацыянальную сымболіку, геапалітычнае становішча Беларусі. Пазыцыю кіраўніка партыі падтрымала большасьць сяброў Сойму.
Сярод тых, хто выступіў супраць спыненьня супрацы з камандай Караткевіч, быў сябар сойму магілёвец Зьміцер Салаўёў. Актывіст лічыць рашэньне сойму пасьпешлівым.
«З Тацянай Караткевіч не было заключана ніякай дамовы, — тлумачыць ён сваю пазыцыю. — Ёй быў дадзены толькі наказ, у якім было адлюстравана прынамсі тры пазыцыі: па беларускай мове, сымболіцы і незалежнасьці краіны».
«Кіраўніцтва партыі спадзявалася, што гэты наказ будзе выкананы, але афіцыйна нашы адносіны нідзе не былі зафіксаваныя. Я выступаў за тое, каб заключыць з Караткевіч жорсткую дамову. Яна ж абрала тактыку заахвочваньня гэтак званага „электаральнага балота“, і ўрэшце выйшла тое, што выйшла. Вядома ж, былі праблемы з выказваньнямі Караткевіч», — прызнае Зьміцер Салаўёў.
Магілёўская актывістка партыі БНФ Валянціна Шчэтнікава зьбірала подпісы ў падтрымку Тацяны Караткевіч на пікетах пад бел-чырвона-белым сьцягам. За яго яе затрымлівалі. Яна выказваецца супраць рашэньня Сойму.
«Калі шчыра, то я не падтрымліваю. Ня трэба было адпачатку ўваходзіць, а калі ўвайшлі, то трэба было выстаўляць нейкія ўмовы. А калі ўжо прынялі рашэньне падтрымаць Караткевіч, то трэба было ісьці да канца зь ёю. Хаця б да рэгістрацыі яе кандыдаткай у прэзыдэнты».
Найбольшым дасягненьнем на этапе збору подпісаў у перадвыбарчай кампаніі яна лічыць ня колькасьць сабраных подпісаў, а магчымасьць публічна іх зьбіраць пад забароненым у пасьлявыбарчы час нацыянальным сымбалем:
«Гэта было самае галоўнае. Сем’ямі падыходзілі да пікету і прасілі сфатаграфавацца са сьцягам. І гэта было дужа важна. Мне казалі: „Вы пастаўце побач зь бел-чырвона-белым сьцягам цяперашні дзяржаўны — і будзеце грэбці подпісы лапатай“. Я ж адказвала, што ня буду сядзець пад гэтым дзяржаўным сьцягам, бо бел-чырвона-белы сьцяг — сымбаль нашай радзімы», — кажа Валянціна Шчэтнікава.
Сябра партыі БНФ Аляксандар Шаўцоў некалькі гадзін правёў у пастарунку, куды яго даставілі супрацоўнікі міліцыі. Яны сьцьвярджалі: актывіст на пікеце трымаў бел-чырвона-белы сьцяг. Будучы сябрам ініцыятыўнай групы Тацяны Караткевіч, ён заяўляе, што ўхваляе рашэньне Сойму пра спыненьне выбарчага супрацоўніцтва з вылучэнкай.
На пытаньне, чаму актывіст, які зьбіраў подпісы ў падтрымку Караткевіч, больш яе не падтрымлівае, адказвае:
«Асабіста я за яе не зьбіраў подпісы, а толькі прысутнічаў на пікетах. Я чытаю ў інтэрнэце ейныя інтэрвію і даведаўся пра яе палітычную пазыцыю, якую не падтрымліваю. Наагул я не падтрымліваю яе пазыцыі. Такая пазыцыя не зусім адпавядае як інтарэсам партыі БНФ, так і маім асабістым поглядам таксама. Яна не зусім адстойвае пазыцыю Беларусі», — мяркуе Аляксандар Шаўцоў.
Актывіст не пярэчыў меркаваньню журналіста, што ў ініцыятыўную групу Тацяны Караткевіч ён трапіў дзеля статыстыкі.
Бялыніцкі актывіст «Гавары праўду» Алег Мяцеліца рашэньне сойму партыі БНФ лічыць неразумным і недальнабачным. На думку актывіста, партыя БНФ адным махам перакрэсьліла тое, што прыдбала для пазытыўнага іміджу за апошнія некалькі год.
«Караткевіч трывала стаіць на пазыцыях абароны мовы і сьцяга, але робіць гэта больш дальнабачна, — заяўляе актывіст. — Яна, вядома ж, магла ўперціся і заявіць: „Калі прыйду да ўлады, то назаўтра ўздымецца бел-чырвона-белы сьцяг і толькі адна будзе мова дзяржаўная беларуская“. Гэтак мы будзем яшчэ дваццаць гадоў у цяперашнім стане».
«Што павінен казаць кандыдат на прэзыдэнцтва, каб перацягнуць на свой бок тых, хто можа паверыць у перамены? — дадае гаварыпраўдавец. — Гэта трэба рабіць не зьнянацку, а паступова, тлумачачы, вытрымліваючы нейкі час».
Каардынатарка кампаніі «Гавары праўду» па Магілёўскай вобласьці Аксана Самуйлава заяўляе: «Нягледзячы на рашэньне сойму партыі БНФ, мы працягнем супрацоўніцтва з тымі актывістамі-фронтаўцамі, якія зьбіралі подпісы за Тацяну Караткевіч».
«Тыя актывісты, якія стаялі ў пікетах, зьбіралі подпісы, ходзячы па кватэрах, — ім вялікая падзяка, — зазначае актывістка „Гавары праўду“. — Я мяркую, што гэтыя людзі ані ў якім разе б не падтрымалі рашэньне кіраўніцтва партыі БНФ пра выхад з выбарчай кампаніі. З тымі, хто зьбіраў подпісы, у нас склаліся добрыя адносіны, і мы працягнем супрацоўніцтва. У нас, на месцах, усе настроеныя на далейшую працу».