Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БНФ не дайшло да расколу. Пакуль што


Ігар Лялькоў і Аляксей Янукевіч
Ігар Лялькоў і Аляксей Янукевіч

«Разыходжаньне ў думках партыйцаў вельмі відавочнае, але для расколу павінна быць нейкае арганізацыйнае дзеяньне, павінны быць сфармуляваныя розныя пазыцыі не па адным, а па шэрагу пытаньняў», — лічыць праціўнік выхаду Партыі БНФ з кампаніі Тацяны Караткевіч намесьнік старшыні Ігар Лялькоў.

Партыя БНФ выйшла з выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч. Адпаведнае рашэньне прынятае 29 жніўня на пасяджэньні сойму партыі. «За» прагаласавалі 18 сябраў сойму, «супраць» — 11, двое ўстрымаліся.

Прапаноўваючы сябрам сойму рашэньне пра выхад партыі з прэзыдэнцкай кампаніі, старшыня БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што Тацяна Караткевіч не адстойвае прынцыповыя для БНФ пытаньні — такія, як статус беларускай мовы, дзяржаўная і нацыянальная сымболіка, геапалітычнае становішча Беларусі:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Тацяна Караткевіч падчас выбарчай кампаніі зрабіла шмат неакрэсьленых і невыразных заяваў па шэрагу пытаньняў, якія зьяўляюцца базавымі для прыхільнікаў БНФ. Гэта статус беларускай мовы, дзяржаўная і нацыянальная сымболіка, геапалітычнае становішча Беларусі. Складаецца ўражаньне, што Тацяна Караткевіч як кандыдатка ў прэзыдэнты хоча быць добрай для ўсіх і таму ў яе няма акрэсьленай і выразнай пазыцыі. Удзел нашай партыі ў гэтай кампаніі падарве рэпутацыю партыі БНФ як нацыянальна арыентаванай партыі».

Разыходжаньне ў думках вельмі відавочнае, але казаць пра раскол заўчасна, — Лялькоў

Асноўным апанэнтам Янукевіча на паседжаньні Сойму быў намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, які ўваходзіць у перадвыбарчы штаб Тацяны Караткевіч. У інтэрвію Радыё Свабода спадар Лялькоў адзначыў, што на Cойме выявілася значнае разыходжаньне думак, але перадумоваў для расколу партыі па пытаньні стаўленьня да прэзыдэнцкай кампаніі Тацяны Караткевіч пакуль няма:

«Вынікі галасаваньня па прапанове Аляксея Янукевіча пра выхад партыі з кампаніі Тацяны Караткевіч дастаткова красамоўныя: 58%

Ігар Лялькоў
Ігар Лялькоў

прагаласавала „за“, 42 — „супраць“. Гэта амаль палова на палову. Хоць разыходжаньне ў думках відавочнае, сёньня казаць пра раскол заўчасна. Відавочна, што ёсьць разыходжаньне думак і сярод кіраўніцтва Партыі БНФ, і сярод шараговых сябраў па дастаткова прынцыповым для партыі пытаньні — стаўленьне да кандыдата, якому Партыя БНФ раней дэкляравала падтрымку, а цяпер ад гэтай падтрымкі адмаўляецца. Гэта істотнае разыходжаньне, але для расколу павінна быць нейкае арганізацыйнае дзеяньне, павінны быць сфармуляваныя розныя пазыцыі не па адным, а па шэрагу пытаньняў. Тады можна казаць пра перадумовы для расколу. Сёньня такіх перадумоваў няма».

Сярод 11 чалавек, якія выступілі супраць, — намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў, прадстаўнік партыі ў групе распрацоўнікаў выбарчай праграмы Тацяны Караткевіч Юрась Чавусаў, Яўген Рыбакоў, якога перад пачаткам паседжаньня ўзнагародзілі спэцыяльнай адзнакай за актыўны ўдзел у зборы подпісаў за Тацяну Караткевіч.

Расколам пагражаюць ворагі, — Янукевіч

Аляксей Янукевіч падкрэсьліў Свабодзе, што ў Партыі БНФ няма прыхільнікаў кампаніі «Гавары праўду» — усе ахвотныя сышлі туды з БНФ яшчэ ў 2010 годзе падчас кампаніі Ўладзімера Някляева:

«Ні пра які раскол гаворка ня можа весьціся. Увогуле не разумею, адкуль узялася гэтая тэма. Тыя, хто пагражае Партыі БНФ унутранымі праблемамі ў сувязі з прынятым у суботу рашэньнем, гэта ворагі БНФ, якія незалежна ад нашых дзеяньняў нас крытыкуюць і імкнуцца выставіць у нэгатыўным сьвятле. Я цьвёрда перакананы, што прыхільнікаў кампаніі „Гавары праўду“ ў Партыі БНФ няма. Тыя, хто хацеў быць у гэтай кампаніі, увайшлі ў яе яшчэ ў 2010 годзе. У БНФ няма прыхільнікаў стратэгічнага альянсу, любога збліжэньня з кампаніяй „Гавары праўду“. Таму што ў кампаніі „Гавары праўду“ ў прынцыпе няма сваёй ідэалёгіі».

Сябры партыі будуць самі вырашаць, ці працягваць удзел у кампаніі Караткевіч

Ігар Лялькоў уваходзіць у кіраўніцтва выбарчага штабу Тацяны Караткевіч, а сябра Сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў — у групу распрацоўнікаў выбарчай праграмы кандыдаткі. На думку Ігара Лялькова, рашэньне Сойму БНФ не прымушае прадстаўнікоў кіраўніцтва партыі пакінуць пасады ў перадвыбарчым штабе Караткевіч.

«Кожны зь сябраў Партыі БНФ, які браў актыўны ўдзел у зборы подпісаў за Тацяну Караткевіч, будзе вырашаць для сябе, што ён будзе рабіць далей. Фармальна рашэньне сойму не перашкаджае любому канкрэтнаму сябру партыі браць удзел у кампаніі Караткевіч. Рашэньне толькі канстатуе: Партыя БНФ як структура выходзіць з кампаніі. Ніякім чынам не артыкулявана, што кожны асобны сябра Партыі БНФ як грамадзянін Рэспублікі Беларусь ня можа ўдзельнічаць у кампаніі. Гэта падобна да сытуацыі з БСДП „Грамада“ — якая не прыняла ніякага рашэньня што да падтрымкі Тацяны Караткевіч, але пры гэтым вельмі значная частка сябраў гэтай партыі бярэ актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч».

На выбарах БНФ засяродзіцца на назіраньні

Янукевіч адзначыў, што цяпер, пасьля выхаду з кампаніі Тацяны Караткевіч, якую БНФ раней падтрымліваў, партыя засяродзіцца на кампаніі назіраньня «Права выбару»:

«Мы будзем працягваць наш удзел у кампаніі назіраньня „Права выбару“. Мы лічым, што ў любым выпадку гэта важная кампанія, якая дазваляе працаваць з грамадзтвам, прыцягваць новых людзей да працы, а таксама супрацьдзейнічае фальсыфікацыям выбараў. Таму на вось гэты кароткі пэрыяд, на той месяц, які застаецца да дня галасаваньня, мы сканцэнтруемся на кампаніі назіраньня».

Абмяжоўваючы ўдзел у выбарах назіраньнем, Партыя БНФ страчвае шэраг магчымасьцяў кантактаваць з грамадзтвам і пашыраць кола сваіх прыхільнікаў, лічыць намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў:

«Кампанія назіраньня за выбарамі „Права выбару“, у якой бярэ ўдзел Партыя БНФ, — вельмі важны складнік удзелу ў выбарчым працэсе. На падставе вынікаў гэтай кампаніі будуць фармаваць канчатковае меркаваньне і міжнародная супольнасьць, і беларуская грамадзкасьць. Але кампанія назіраньня абсалютна ня ў стане замяніць паўнавартасную палітычную кампанію, якой магла б стаць падтрымка дэмакратычнага кандыдата. Кампанія назіраньня не прадугледжвае ўдзелу ў пікетах, мітынгах і сходах з выбарнікамі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, дзе Партыя БНФ мела б магчымасьць прасоўваць свае каштоўнасьці падчас непасрэднага судакрананьня з грамадзкасьцю. Таму я лічу, што замена гэтая абсалютна не паўнавартасная, бо кампанія назіраньня — важная, але тэхнічная частка агульнай выбарчай кампаніі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG