Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялыніцкі блюзмэн і яго «Звычайны шоў-бізнэс»


Добра вядомы ў музычных колах выканаўца, аранжыроўшчык, перакладчык выдаў першую празаічную кнігу пад назвай «Звычайны шоў-бізнэс».

У аснову часткі аповедаў музыкі і літаратара, якія выйшлі ў сэрыі «Кнігарня пісьменьніка», леглі рэальныя гісторыі, сьведкам і ўдзельнікам якіх аўтар быў на працягу ўсяго жыцьця — ад раньняга дзяцінства і да нядаўняга 50-гадовага юбілею.

Юры Несьцярэнка з асобнікам кнігі
Юры Несьцярэнка з асобнікам кнігі

Юры Несьцярэнка — унівэрсал, рэдкі для Беларусі. Свой першы гурт арганізаваў яшчэ тынэйджэрам на пачатку 1980-х. На якасна новы ўзровень падняўся з камандай «Рок-транс-аўта», калі вучыўся ў Інстытуце культуры. Потым былі іншыя музычныя праекты — ад менска-полацкіх «Тутэйшых» да магілёўскіх рокераў. Ад канца 1990-х сфэра інтарэсаў яшчэ больш пашырылася: Несьцярэнка граў у блюзавым White Night Blues, рокавым Nestarы band, папулярных Call-Toll-Free, «Мірнае мора». Ёсьць сярод ягоных праектаў і «Карцінкі Садовай вуліцы» — песьні на словы аўтараў родам зь Бялынічаў: Натальлі Батраковай і Вячаслава Казакевіча.

Юры Несьцярэнка расказвае пра ролю асобы ў шоў-бізнэсе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

Апроч таго, спадар Несьцярэнка піша музыку для тэатральных пастановак, быў ініцыятарам альбома школьных песень, выдаваў фэнзін (фанацкі часопіс) «Грыфаман». Займаецца арганізацыяй канцэртаў​ і літаратурных сустрэчаў. Летась распачатая супольная праца з расейскім сьпеваком беларускага паходжаньня Андрэем Макарэвічам, вынікам чаго сталася беларускамоўная песьня «Сьнег» у перакладзе Юрыя Несьцярэнкі.

Да свайго 50-годзьдзя спадар Несьцярэнка падрыхтаваў публіцы свае падарункі. Найперш, студыйны альбом «Сьвята на дваіх», на якім сабраная «гарачая дзявятка» ягоных дуэтаў з папулярнымі беларускімі музыкамі (кружэлка мае выйсьці неўзабаве). Другі прэзэнт — кніга «Звычайны шоў-бізнэс».

Дыск «Аэрапляны ў вырай» — у падарунак Андрэю Макарэвічу
Дыск «Аэрапляны ў вырай» — у падарунак Андрэю Макарэвічу

Пра незвычайны дыск Свабода мяркуе расказаць асобна. Што ж тычыцца кнігі, дык, як удакладняе сам аўтар, у сваіх нататках ён не выступае дасьледчыкам беларускага шоў-бізнэсу, а выхоплівае з гісторыі моманты, якія найлепшым чынам характарызуюць стан грамадзтва і ягоных разнастайных прадстаўнікоў. Пры гэтым практычна ўсе жыцьцёвыя навэлы закранаюць тэму музыкі — рок, блюз, джаз ды іншыя альтэрнатыўныя жанры:

Аўтарскі асобнік
Аўтарскі асобнік

«Усе гэтыя апавяданьні пісаліся ў розныя часы, але што іх усе аб’ядноўвае — гэта іранічнае стаўленьне да ўзьнятай у тэксьце праблемы, стаўленьне да культуры ўвогуле. Таму назву „Звычайны шоў-бізнэс“ трэба разглядаць толькі як іранічную, нічога перабольшваць ня трэба».

Як і ў любым мастацкім ці дакумэнтальным творы, інтрыгу аповеду задаюць галоўныя героі. Хто яны — сябры, знаёмцы, знакавыя асобы ці сярэднестатыстычны электарат?

У абдымках шоў-бізнэсу: зь Пятром Ялфімавым
У абдымках шоў-бізнэсу: зь Пятром Ялфімавым

«Галоўныя героі — гэта вельмі розныя людзі. Ад вядомых вядоўцаў, якія працуюць на тэлебачаньні, да звычайных людзей, якія перажылі складаныя моманты — тут і беспрацоўныя, і хворыя, і, як кажуць, хранічна-запойныя. Але я не апісваю ў іранічным пляне людзей, а паказваю сытуацыі, зь імі зьвязаныя. То бок сытуацыі ў кантэксьце жыцьця ў нашым грамадзтве».

Шмат хто з крытыкаў скептычна ставіцца да шоў-бізнэсу па-беларуску. Маўляў, з усіх дзірак б’е местачковасьць, а культура арыентаваная не на стварэньне, а на капіяваньне. То ці варта абмяркоўваць тое, чаго, па вялікім рахунку, няма?

«Як ні дзіўна, цяпер вялікія магчымасьці ў кожнага чалавека стварыць уласную мадэль шоў-бізнэсу. І некаторыя людзі, хоць рэдка, але гэта робяць. Што такое бізнэс? Гэта абарот сродкаў, так? Застаецца толькі стварыць мэтавы плян і працаваць у адпаведнасьці зь ім. Зарабляць вялікія ці малыя грошы — ня важна, але рабіць сваё шоў у кантэксьце маленькага бізнэсу. Чаму я сьцьвярджаю, што цяпер добрыя магчымасьці? Ды таму, што вялікага бізнэсу ў гэтай галіне ў нас не існуе. Напрыклад, упісацца ў шоў-бізнэс нават у нашых геаграфічных суседзяў — Польшчы, Чэхіі — надзвычай складана, таму што там расьпісана ўсё на гады наперад. Іхныя канцэрты, пляцоўкі — там працуе сыстэма ўзаемаадрэгуляваных адносінаў, усё павінна быць вызначана загадзя. А ў нас ніякіх ня тое што пэрспэктываў, мы абсалютна ня ведаем, што будзе заўтра. Таму ў фармаце „сёньня на заўтра“ цалкам можна рабіць свой маленькі шоў-бізнэс».

З бэндам White Night Blues
З бэндам White Night Blues

Прашу спадара Несьцярэнку працытаваць найбольш паказальны ўрывак са сваёй кнігі, які характарызуе яго як непасрэднага ўдзельніка беларускага шоў-бізнэсу:

«Невялічкі ўрывак, які тычыцца маёй спробы ўдзельнічаць у шоў-бізнэсе ў якасьці прадпрымальніка: „...Таксама я вырашыў не выкарыстоўваць больш фіктыўных накладных і ня весьці падвойную бухгальтэрыю. Я вырашыў паспрабаваць дачакацца часу, калі мне больш выгадна будзе працаваць сумленна. Добра сабе ўяўляю, што гэтага можа ня здарыцца ўвогуле, таму сам для сябе пакінуў запасны варыянт — проста працаваць сумленна нават тады, калі гэта зусім ня выгадна“».

У часе нядаўняй вандроўкі на Байкал
У часе нядаўняй вандроўкі на Байкал

Прэзэнтацыя кнігі Юрыя Несьцярэнкі «Звычайны шоў-бізнэс» ужо адбылася ў Магілёве, а пры канцы першай дэкады верасьня аўтар запрашае на імпрэзу ў Менску:

«Мірнае мора» з Ірынай Снапковай
«Мірнае мора» з Ірынай Снапковай

«Прэзэнтацыя адбудзецца ў менскай галерэі „Ў“ 9 верасьня а 18.30. Запрашаю ўсіх, хто цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай — падыходзьце, далучайцеся, думаю, будзе цікава. Таму што, акрамя маёй сьціплай кніжкі, там яшчэ будуць прэзэнтавацца творы Людмілы Рублеўскай і Леаніда Галубовіча».

Дарэчы, менавіта Людміла Рублеўская напісала прадмову да кнігі «Звычайны шоў-бізнэс», у якой, сярод іншага, заўважыла: «Чытаць аповеды Юры цікава менавіта таму, што яны нефармальныя, праўдзівыя і завершана-ляканічныя, як песьні».

«Унівэрсальны салдат» Юры Несьцярэнка
«Унівэрсальны салдат» Юры Несьцярэнка

Юры Несьцярэнка. Літаратар, музыка, аўтар і выканаўца, стваральнік шэрагу папулярных гуртоў. Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. У раньнім дзяцінстве пераехаў з бацькамі ў Бялынічы, куды пасьля шматгадовых вандровак вярнуўся і цяпер рэалізуе шэраг культурніцкіх праектаў агульнанацыянальнага маштабу. Скончыў Менскі інстытут культуры. Перакладае з ангельскай, польскай, украінскай, расейскай моваў. Піша прозу, публіцыстыку, творы друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосьць», «Бярозка», газэтах «Літаратура і мастацтва», «Літаратурная Беларусь» ды многіх іншых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG